“Бяспечная дарога” — бяспека жыцця

Выкананне навучэнцамі правіл дарожнага руху — пытанне, вартае ўвагі. Вучыць іншых — гэта ўменне і адказнасць, якія робяць жыццё навучэнцаў цікавым, а галоўнае — бяспечным.

У гімназіі № 3 Віцебска прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця аўтагарадка “Бяспечная дарога”. Колькі было хваляванняў! Дарослыя і дзеці, навучэнцы, педагогі і бацькі з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі.

Аўтагарадок “Бяспечная дарога”, які распрацаваны і створаны на тэрыторыі гімназіі, дасць выдатную магчымасць вучням не толькі набыць навыкі кіравання веласіпедамі, самакатамі, але і дазволіць авалодаць правіламі дарожнага руху. Вучні з розных класаў змогуць не марнаваць вольны час у мабільных тэлефонах і гаджэтах, а атрымліваць задавальненне ад правільнага кіравання транспартнымі сродкамі і, вядома, у будучыні без памылак здаць экзамен у аўташколе.

На цырымоніі адкрыцця дырэктар гімназіі № 3 Людміла Васільеўна Сомава адзначыла: “Наша бяспека на дарозе залежыць перш за ўсё ад нас саміх. Пры гэтым вялікую ролю адыгрывае веданне і выкананне ўсімі правіл дарожнага руху. Выказваем вялікую падзяку прадстаўнікам ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь за матэрыяльную дапамогу ў стварэнні аўтагарадка”.

Сярод гасцей на цырымоніі адкрыцця аўтагарадка — начальнік упраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Міхаіл Аляксандравіч Дзядзічкін, начальнік УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі Іван Уладзіміравіч Кубракоў, начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Аляксандр Канстанцінавіч Казючыц. Яны падкрэслілі, што цяпер вялікая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў і дзіцячага траўматызму. Для ўдасканалення практычных навыкаў кіравання транспартнымі сродкамі, замацавання правіл дарожнага руху ў аўтагарадку “Бяспечная дарога” створаны многафункцыянальныя сучасныя ўмовы для заняткаў вучняў.

Адкрыццё аўтагарадка дало зялёнае святло для праведзення 46-га злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, які быў цікавы і карысны для каманд 12 устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Спаборніцтвы прайшлі ў некалькіх конкурсных выпрабаваннях: “Аказанне першай медыцынскай дапамогі”, “Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР”, конкурс агітбрыгад, конкурс-выстава тэматычных газет, плакатаў, конкурсы “Юны прапагандыст” і “Юны інспектар”.

Падвялі вынікі злёту-конкурсу, узнагародзілі пераможцаў. І тых, хто прайграў, на злёце не было. Бо ўсе мелі выдатную магчымасць паказаць веданне правілаў дарожнага руху, аказання першай дапамогі, пасупрацоўнічаць у камандзе, карысна правесці час. А галоўнае — набыць і падцвердзіць правілы бяспечных паводзін на дарозе, ад якіх залежыць не толькі бяспека, але і жыццё ўдзельнікаў дарожнага руху.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.