Бяспечная мода

- 11:47Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Пандэмія каранавіруса прывяла да глабальных сацыяльных і эканамічных змяненняў і ўнесла пэўныя карэктывы ў жыццё кожнага чалавека. Людзі ва ўсім свеце заклапочаны тым, як засцерагчы ад хваробы сябе і сваіх блізкіх. У разы ўзрастае актуальнасць пытання выхавання ў дзяцей адказнага стаўлення да свайго здароўя і здароўя навакольных. 2020 год прыўнёс новыя аспекты ў работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў навучэнцаў устаноў адукацыі. З новым парадкам дня ўстановы спраўляліся па-рознаму. Напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 7 рэалізоўвалі творча-сацыяльны праект “Наша моДА! на здароўе”. Праект атрымаўся шматгранным і карысным у розных напрамках. Акрамя непасрэдна навучання моладзі бяспечным паводзінам, ён дазволіў навучэнцам рэалізаваць свой творчы патэнцыял, паўдзельнічаць у сацыяльна значных справах, а таксама прымяніць свае прафесійныя навыкі.

Падчас пандэміі маскі сталі новай нормай у грамадст­ве. І сёння нашэнне маскі з’яўляецца абавязковым у грамадскіх месцах. На пэўным этапе адчуваўся іх недахоп. Гэта і стала штуршком для запуску праекта ў ліцэі.

— Сацыяльна-творчы праект “Наша моДА! на здароўе” — гэта актуальная форма работы па фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця і асабістай адказнасці навучэнцаў, — расказвае Святлана Паўлаўна Сударава, метадыст ліцэя. — Праект праводзіўся ва ўстанове адукацыі з красавіка па чэрвень 2020 года. У падрыхтоўцы і рэалізацыі праекта ўзялі ўдзел 36 работнікаў, а таксама 45 навучэнцаў ліцэя 1 і 2 курсаў.

Адным з напрамкаў работы ў рамках праекта было інфармаванне работнікаў, навучэнцаў ліцэя і іх баць­коў аб простых дзеяннях, накіраваных на паляпшэнне эпідэмічнай сітуацыі. Навучэнцы афармлялі плакаты і лістоўкі, інфармацыйныя буклеты, распаўсюджвалі іх і размяшчалі на інфармацыйных стэндах і ў іншых месцах, якія часта наведваюць навучэнцы.

Асноўным этапам рэалізацыі праекта стаў пашыў ахоўных тканевых масак. Ліцэй ужо многа гадоў рыхтуе швачак, таму ва ўстанове ёсць і вопытныя педагогі, і ўмелыя навучэнцы, якія змаглі падключыцца да гэтай работы.

Пры правядзенні праекта была забяспечана сувязь з адукацыйным працэсам. Так, для вучэбнай групы, навучэнцы якой атрымліваюць кваліфікацыю “швачка”, пры вывучэнні тэмы вучэбнай праграмы “Выраб швейных вырабаў” майстрам вытворчага навучання Марыяй Мікалаеўнай Навуменкавай вызначана для вывучэння тэма ўрока “Выраб ахоўнай маскі для твару”. Урок быў арганізаваны і праведзены ў форме адкрытых вучэбных заняткаў.

Вырабляючы маскі, навучэнцы ўключыліся ў калектыўную сацыяльна-творчую дзейнасць. Гэта дазволіла ім прымяніць свае прафесійныя навыкі, а таксама патрэніраваць уменне ладзіць зносіны і ўзаема­дзейнічаць з дарослымі і аднагодкамі: дамаўляцца, размяркоўваць работу, супрацоўнічаць.

У рамках праекта вывучылі эканамічную мэтазгоднасць вырабу масак і прыйшлі да высновы, што шыць іх самастойна выгадна. Удзельнікі праекта апрабавалі выраб ахоўных масак розных мадэлей.

Спачатку маскамі былі забяспечаны работнікі і навучэнцы ліцэя. Потым маскі пачалі шыць па дамове з ААТ “Магатэкс” з прадастаўленай прадпрыемствам сыравіны для далейшай рэалізацыі.

Калі вострая неабход­насць у масках была пераадолена, то ўдзель­нікі праекта змаглі прысвяціць час не толькі функцыянальнасці, але і прыгажосці. Маскі перасталі быць толькі сродкам засцярогі, пачалі ператварацца ў модны аксэсуар, які дапамагае выгля­даць стыльна ў любой сітуацыі — як на афіцыйным мерапрыемстве, так і ў звычайным жыцці. І навучэнцы ліцэя ўзяліся за аздабленне масак. Гэтая работа была самай творчай і цікавай. Абмежавальныя меры не могуць абмежаваць фантазію і крэатыў, таму юныя швачкі ўвасобілі ў масках мноства незвычайных ідэй. Упрыгожвалі вырабы стразамі, малюнкамі, вышыўкай, іншымі дэкаратыўнымі элементамі. Прыдумалі маскі для дзяўчынак з прынцэсамі, маскі для жаніха і нявесты, маскі ў этнастылі і футурыстычныя вырабы, маскі-шалікі і многае іншае. Безумоўна, такая маска можа стаць спосабам самавыяўлення для чалавека. 

— Праект дазволіў акцэнта­ваць увагу на асабістай адказнасці навучэнцаў падчас цяперашняй эпідэмічнай сітуацыі, каб яны выконвалі рэспіраторны этыкет не пад прымусам, а з разуменнем і цікавасцю. Праект завершаны, аднак не губляе сваёй актуальнасці, бо яго ўдзельнікі змогуць прымяняць атрыманыя веды, уменні і навыкі для забеспячэння сябе і членаў сваёй сям’і, сяброў і проста знаёмых ахоўнымі, у тым ліку крэатыўнымі, маскамі, — дзеліцца меркаваннем Святлана Паўлаўна Сударава.

Падчас рэалізацыі праекта быў набыты цікавы вопыт, і ў ліцэі вырашылі, што неабходна яго выкарыстоўваць і далей. Педагагічны калектыў  трансфармаваў праект па масках у праект па пашыве і прапагандзе выкарыстання такога атрыбута, як сумка-шопер. Гэта да­зволіць зрабіць акцэнт на пытаннях экалогіі, рэсурсазберажэння, неабходнасці жыць у гармоніі з самім сабой і навакольным светам. 

Дар’я РЭВА.