Бяспечны інтэрнэт

Мы жывём у няпростым, але цікавым стагоддзі, стагоддзі ўсеагульнай інфарматызацыі, камп’ютарных тэхналогій, лічбавых інавацый і панавання ўсёведнай сеткі. Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню кампетэнтнага карыстальніка інтэрнэту.

Здаецца, сучасныя дзеці нараджаюцца з уменнем карыстацца камп’ютарам. З аднаго боку, гэта добра: віртуальны свет з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі. Сучасная школа адыходзіць ад прывычных мадэлей навучання, пры якіх школьнікам даваліся гатовыя веды. Каб пашырыць свае веды, навучэнцу цяпер самому трэба здабываць інфармацыю. Інтэрнэт у гэтым выпадку становіцца проста незаменным інструментам для адукацыі.

З іншага боку, усё большая колькасць дзяцей атрымлівае магчымасць самастойна працаваць у інтэрнэце. Небяспека сусветнай павуціны можа аказаць на дзяцей згубнае ўздзеянне.

Каб пазбегнуць гэтага, у нашай установе адукацыі праводзяцца дні медыябяспекі, выхаваўчыя і інфармацыйныя гадзіны па інтэрнэт-бяспецы, пазакласныя мерапрыемствы. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, педагогі выкарыстоўваюць розныя формы правядзення мерапрыемстваў. Для навучэнцаў пачатковых класаў арганізоўваюцца ўрокі-падарожжы “Я адпраўляюся ў інтэрнэт”, урокі-віктарыны “Што такое інтэрнэт”, урокі-спаборніцтвы, урокі-гульні. Вучні 5—8 класаў прымаюць актыўны ўдзел у прэс-канферэцыі “Камп’ютар — вораг, сябар, памочнік”. Мерапрыемствы для старшакласнікаў праходзяць у форме дзелавой гульні, урокаў-прэзентацый, дыскусій, дэбатаў.

Параўнальна новым сродкам адукацыі, які адпавядае сучасным патрабаванням і мэтам навучання і выхавання, з’яўляецца лэпбук. Лэпбук — інтэрактыўная папка для дзяцей на зададзеную тэму. Навучэнцы нашай установы стварылі сваімі рукамі лэпбук “Бяспечны інтэрнэт”. Яго мэта — замацаванне і ўзбагачэнне ведаў дзяцей пра небяспеку ў інтэрнэце, аб правілах бяспечнага карыстання сусветнай павуцінай. У лэпбуку размяшчаецца наступная інфармацыя: “Асноўныя правілы гігіены пры рабоце за камп’ютарам”, “Аргументы “за” і “супраць” выкарыстання камп’ютара”, “Карысныя парады пра бяспечнасць у інтэрнэце”, “Правілы размяшчэння асабістай інфармацыі” і інш. Лэпбук стаў карысным дапаможнікам для ўсіх навучэнцаў.

Жанна ЖЫНКО,
настаўніца пачатковых класаў
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *