Бяспечны інтэрнэт

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Сёння востра стаіць праблема негатыўнага ўплыву інтэрнэт-рэсурсаў на падрастаючае пакаленне. І, безумоўна, яе вырашэнне патрабуе ўмяшання спецыялістаў: псіхолагаў, медыкаў і асабліва педагогаў. Менавіта настаўнік, педагог можа растлумачыць дзіцяці, што камп’ютар і інтэрнэт — гэта не толькі сацыяльныя сеткі і гульні, а яшчэ вялізныя магчымасці для самаадукацыі і самаразвіцця. І ўсе гэтыя магчымасці можна прапанаваць навучэнцам, знаходзячыся з імі ў кабінеце інфарматыкі. Гэтыя думкі аб’ядналі ўдзельнікаў семінара-практыкуму “Роля кампетэнцый настаўніка інфарматыкі ў захаванні бяспекі вучняў у сетцы інтэрнэт”, які прайшоў у Смалявіцкім раёне.

Настаўнікі інфарматыкі Смалявіцкага раёна сабраліся ва Усяжскай сярэдняй школе. Мерапрыемства пачалося з творчай мініяцюры, у якой навучэнцы 9—11 класаў паказалі адрозненні правядзення часу, зносін і ўзаемадзеяння сучасных падлеткаў ад папярэдняга пакалення. Ключавым у іх стала пытанне “Як адрозніць добрае ад дрэннага ў сетцы інтэрнэт?”. На гэтае пытанне разам шукалі адказ на мерапрыемстве.

Алена Іванаўна Няхайчык, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Усяжскай сярэдняй школы, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі, прадставіла свой вопыт работы па тэме “Кабінет інфарматыкі як спектр шырокіх магчымасцей для павышэння прафесійнага майстэрства настаўніка і паспяховасці вучня”. Алена Іванаўна расказала, напрыклад, што правядзенне ўрокаў па іншых прадметах у кабінеце інфарматыкі вядзе да актывізацыі пазнавальнай дзейнасці і павышэння паспяховасці навучэнцаў. Правядзенне факультатыўных заняткаў, падрыхтоўка навучэнцаў да алімпіяд, ажыццяўленне праектнай, даследчай, творчай дзейнасці ў кабінеце інфарматыкі — вось далёка не поўны спектр магчымасцей для больш глыбокага вывучэння прадметаў. Кабінет інфарматыкі можа стаць інфармацыйна-рэсурсным цэнтрам школы, для гэтага неабходна, каб у ім працаваў настаўнік-прафесіянал.

Аляксандр Дзмітрыевіч Рубанаў, настаўнік фізікі і інфарматыкі Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча, прадставіў калегам інфарм-дасье “Бяспечны інтэрнэт”. Аляксандр Дзмітрыевіч удзяліў асаблівую ўвагу захаванню асноўных патрабаванняў інфармацыйнай бяспекі, адзначыўшы, што любыя ўзаемаадносіны педагога і вучня павінны будавацца на давернай і партнёрскай аснове. І для таго каб дапамагчы дзіцяці арыентавацца ў віртуальнай прасторы і засцерагчы яго ад магчымых небяспек, педагогі самі павінны навучыцца жыць у гэтым свеце. Важна, каб дзіця не толькі не падвяргалася небяспекам медыясвету, але і магло свядома і самастойна арыентавацца ў патоку інфармацыі.

У практычнай частцы семінара-практыкуму выступалі педагогі ўстаноў адукацыі Смалявіцкага раёна, якія займаюцца з дзецьмі робататэхнікай.   Максім  Паўлавіч Лепяшко і А.Д.Рубанаў расказалі, як захапляюць навучэнцаў заняткамі па робататэхніцы, а таксама прадставілі незвычайныя мадэлі робатаў, створаныя разам з навучэнцамі.

Для абмену вопытам на семінар-практыкум была запрошана госця з суседняга рэгіёна — В.А.Дземянцэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жодзінскай жаночай гімназіі. Яна расказала аб медыяадукацыі і  выкарыстанні магчымасцей дапоўненай рэальнасці ў адукацыйным працэсе. Пад кіраўніцтвам Вольгі Анатольеўны кожны ўдзельнік семінара самастойна змог стварыць і прадэманстраваць дапоўненую рэальнасць сродкамі віртуальнага канструктара HP Reveal з дапамогай камп’ютара і смартфона.

Падчас рэфлексіі ўдзельнікі мерапрыемства абмяняліся ўражаннямі і прыйшлі да пэўных высноў: сёння атрыманне новай інфармацыі непарыўна звязана з інтэрнэтам, таму настаўнік-прафесіянал абавязаны ведаць, што прапанаваць сучасным дзецям і як бяспечна выкарыстоўваць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі.

Аксана  ПІЛЯК,
загадчыца ВМК упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама.