Бяспечны інтэрнэт

- 17:07Нам пішуць

Мы жывём у няпростым, але цікавым стагоддзі: усеагульная інфарматызацыя, камп’ютарныя тэхналогіі, лічбавыя інавацыі і панаванне ўсёведаючай сеткі. Сучасныя дзеці, здаецца, ужо нараджаюцца з уменнем карыстацца камп’ютарам. Віртуальны свет сёння — галоўная крыніца інфармацыі. Інтэрнэт становіцца проста незаменным інструментам для адукацыі. Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна ўдзяляецца вялікая ўвага выхаванню кампетэнтнага карыстальніка інтэрнэту.

Арганізоўваюцца дні медыябяспечнасці, выхаваўчыя і інфармацыйныя гадзіны па інтэрнэт-бяспецы. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, педагогі выкарыстоўваюць розныя формы мерапрыемстваў. Для вучняў пачатковых класаў — урокі-падарожжы “Я адпраўляюся ў інтэрнэт”, урокі-віктарыны “Што такое інтэрнэт”, урокі-спаборніцтвы, урокі-гульні. Вучні 5—8 класаў узялі актыўны ўдзел у прэс-канферэнцыі “Камп’ютар — вораг, сябар, памагаты”. Мерапрыемствы для старшакласнікаў прайшлі ў форме дзелавой гульні, урокаў-прэзентацый праектаў, дыскусій, дэбатаў.

Новы сродак адукацыі, які адпавядае сучасным патрабаванням і мэтам навучання і выхавання, — лэпбук. Лэпбук (англ. Lapbook) — інтэрактыўная папка для дзяцей на зададзеную тэму. Вучні нашай установы стварылі сваімі рукамі лэпбук “Бяспечны інтэрнэт” з мэтай замацавання і ўзбагачэння ведаў дзяцей аб небяспецы інтэрнэту, правілах бяспечнага карыстання ім. У лэпбуку падаецца наступная інфармацыя: “Асноўныя правілы гігіены пры рабоце за камп’ютарам”, “Аргументы “за” і “супраць” выкарыстання камп’ютара”, “Карысныя парады пра бяспечнасць у інтэрнэце”, “Правілы размяшчэння асабістай інфармацыі” і інш. Лэпбук стаў карысным дапаможнікам для ўсіх вучняў.

Інтэрнэт дапамагае нам вучыцца, ствараць і супрацоўнічаць. Аднак бяспека ў інтэрнэце патрабуе пастаяннай увагі, паколькі тэхналогіі бесперапынна ўдасканальваюцца. Таму ў нашай установе правілы карыстання інтэрнэтам пастаянна пераглядаюцца і ўдасканальваюцца. Педагогі сочаць за тым, як навучэнцы асвойваюць новыя тэхналогіі, даюць карысныя парады.

Жанна ЖЫНКО,
настаўніца пачатковых класаў
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.