Рэспубліканская акцыя з такой назвай пройдзе ў краіне да 30 снежня. На першым яе этапе інспектары МНС наведаюць санаторыі, аздараўленчыя цэнтры, прафілакторыі, дамы адпачынку і пансіянаты. На другім этапе будуць задзейнічаны агульнаадукацыйныя ўстановы, інтэрнаты, установы дадатковай адукацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Падчас трэцяй часткі акцыі інспектары МНС звернуцца да наведвальнікаў месцаў па продажы піратэхнічных вырабаў, закрытых і адкрытых каткоў, дзіцячых устаноў аховы здароўя. А заключны этап пройдзе 29 і 30 снежня ў месцах, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей: на вакзалах, у Мінску — на станцыях метро, у пунктах грамадскага харчавання, буйных гандлёвых цэнтрах, адкрытых пляцоўках, кірмашах, дзіцячых забаўляльных цэнтрах.
Усё гэта дзеля таго, каб святочныя і перадсвяточныя дні прайшлі бяспечна, бо, на жаль, не ўсе прытрымліваюцца тэхнікі бяспекі пры карыстанні піратэхнічнымі вырабамі. Так, толькі з 28 снежня 2014 да 4 студзеня 2015 года адбылося 19 няшчасных выпадкаў, звязаных з выкарыстаннем піратэхнікі. Траўмы атрымалі 20 чалавек, 9 з іх — дзеці.
Каб такога не здаралася, у Мінскім гарадскім упраўленні МНС рэкамендуюць: правярайце тэрмін прыгоднасці піратэхнічных вырабаў, патрабуйце сертыфікаты адпаведнасці на іх, набывайце такія вырабы толькі ў заводскай упакоўцы, захоўвайце іх у месцах, не даступных для дзяцей. А яшчэ не пераносьце піратэхніку ў кішэнях, пад вопраткай, не захоўвайце яе без упакоўкі, не выкарыстоўвайце пашкоджаныя вырабы, не разбірайце і не перарабляйце іх. І, зразумела, ні ў якім выпадку не трэба нахіляцца над піратэхнікай падчас яе выкарыстання, запускаць гэтыя вырабы паўторна, калі яны не спрацавалі першы раз. Абавязкова азнаёмцеся з інструкцыяй па выкарыстанні піратэхнічнага вырабу!
Марына ХІДДЖАЗ.