Вялікую гульнявую пляцоўку, прысвечаную бяспечным паводзінам на дарогах, перад пачаткам вясновых канікул арганізавалі ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Так быў дадзены старт абласной акцыі “Бяспечны патруль”.
Ад імя арганізатараў да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Кацярына Радзівонава і намеснік дырэктара абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Алег Макушкін. У акцыі прынялі ўдзел навучэнцы розных устаноў адукацыі ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў.
Інтэрактыўная гульнявая праграма з гульнявым полем памерам 3х6 метраў распрацавана Дзяржаўтаінспекцыяй і заклікана навучыць бяспечным паводзінам на дарозе. Дзецям было прапанавана выбраць бяспечную дарогу ад дома да школы. Для гэтага ўдзельнікі павінны былі выканаць розныя заданні, кожнае з якіх вылучалася крэатыўным падыходам да тэмы бяспекі. Так, наведаўшы станцыю “Банк”, навучэнцы сумесна з педагогам вывучалі сховішча ведаў па правілах паводзін на дарозе. На станцыі “Школа” дзеці збіралі мазаіку, у якой “хаваўся” знак дарожнага руху. На станцыі “Дом” — адгадвалі музычныя загадкі па правілах дарожнага руху, а станцыя “Універсітэт” дала магчымасць школьнікам вучыць дарослых: дзеці стваралі для бацькоў новыя знакі дарожнага руху.
Разнастайныя заданні дазволілі паглядзець на тэму бяспекі з розных бакоў. Між тым, бяспечны шлях ад дома да школы прайшла кожная з дзесяці каманд. Добры настрой дзяцей падтрымліваў Скалі — казачны сабачка, які вучыць правілам бяспечных паводзін у мультсерыяле “Шчанячы патруль”. Гульнявая пляцоўка не давала навучэнцам сумаваць нават пасля заканчэння мерапрыемства: прыемна даведацца штосьці новае ў цікавай і займальнай форме. Падобныя гульнявыя праграмы будуць праходзіць на Гомельшчыне паўсюдна ў наступныя тры месяцы.
Школьнікам нагадаюць пра бяспечныя паводзіны ў розных сітуацыях яшчэ і прадстаўнікі МНС і таварыства ратавання на вадзе. З дзецьмі правядуць інтэрактыўныя гутаркі, гульні з вывучэннем правіл паводзін.
Да таго ж, на вясновых канікулах у Гомельскай вобласці арганізаваны каля 380 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем. Яны будуць працаваць пры ўстановах адукацыі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, вучылішчах алімпійскага рэзерву. Плануецца, што з карысцю і цікавасцю ў прышкольных лагерах правядуць час 8,6 тысячы дзяцей.
Арганізатары распрацавалі для дзяцей пазнавальныя, забаўляльныя праграмы. Яны ўключаюць экскурсіі, спартыўныя гульні і спаборніцтвы, квесты, творчыя конкурсы, заняткі ў гуртках, секцыях, клубах, майстэрнях… Для мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання COVID-19 у аздараўленчых лагерах выконваюцца неабходныя санітарна-супрацьэпідэмічныя меры.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.