Бяспека БелАЭС — наш галоўны прыярытэт

- 13:05Інфармацыйная гадзіна

З літоўскага боку Беларускую АЭС крытыкуюць не спецыялісты, а ў асноўным палітыкі, заявіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у інтэрв’ю літоўскай тэлерадыёвяшчальнай кампаніі LRT, тэкст якога размешчаны на сайце Мінэнерга.

“На жаль, з літоўскага боку Беларускую АЭС крытыкуюць не спецыялісты, а ў асноўным палітыкі і чыноўнікі”, — адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

Намеснік міністра нагадаў, што ў Беларусі вельмі адказна падышлі да выбару праекта будучай АЭС. “Перш чым выбраць праект станцыі, мы вывучылі прапановы пяці сусветных лідараў у галіне ядзернай энергетыкі. Мы адразу вызначыліся: гэта павінен быць самы сучасны праект пакалення 3+ з тэхналогіяй ВВЭР, таму што гэта самая апрабаваная, надзейная і эканамічная тэхналогія”, — расказаў ён.

Усе краіны-суседзі былі інфармаваны аб намеры Беларусі будаваць атамную станцыю, ім была адпраўлена справаздача па АУНА для вывучэння. Таксама былі праведзены грамадскія слуханні, у тым ліку ў Вільнюсе.

Беларусь прыняла шэраг ацэначных місій МАГА ТЭ, узяла на сябе абавязацельствы па правядзенні стрэс-тэстаў АЭС і выканала іх — еўрапейскія эксперты праводзяць партнёрскую праверку іх вынікаў.

Намеснік міністра нагадаў, што вопыт арганізацыі будаўніцтва і стварэння інфраструктуры атрымаў высокую ацэнку місіі МАГАТЭ ІНІР. У далейшым на спецыяльным семінары МАГАТЭ вопыт Беларусі быў рэкамендаваны для выкарыстання іншым краінам. “Мы разумеем сваю адказнасць, таму ніякай расхлябанасці, адступленняў ад стандартаў якасці мы не дапускаем”, — сказаў намеснік міністра.

Адказваючы на пытанні літоўскага боку аб экспарце электраэнергіі з БелАЭС, Міхаіл Міхадзюк падкрэсліў, што атамная станцыя будуецца ў першую чаргу для таго, каб беларуская эканоміка стала больш канкурэнтаздольнай. “Купляць або не купляць беларускую электраэнергію — гэта справа Літвы. Але калі побач ёсць больш танная электраэнергія і не трэба ствараць новую інфраструктуру, то, думаецца, адмова ад яе — гэта толькі ваша палітычнае рашэнне. Не больш і не менш”, — лічыць ён.

“Вядома, хацелася б дружыць, каб нашы энергасістэмы супрацоўнічалі, як да гэтага часу даволі паспяхова супрацоўнічаюць на ўзроўні спецыялістаў. Толькі спецыялісты разумеюць, што значыць адключыць Літву ад энергасістэмы былога Савецкага Саюза. Толькі спецыялісты разумеюць, што такое перайсці ў Еўрасаюз і чаго дадаткова гэта будзе каштаваць Літве. Гэта будзе каштаваць вялікіх грошай, вельмі вялікіх. І гэта ляжа на вас, на кожную дамашнюю гаспадарку і на ўсю эканоміку Літвы. Але гэта ваш выбар”, — сказаў намеснік міністра.

Пакуль у Літве пераважаюць палітычныя рашэнні, але яны прывядуць да вялікіх затрат для энергасістэмы, канстатаваў ён.

Міхаіл Міхадзюк падкрэсліў, што беларускі бок прымае ўсе меры для захавання бяспекі станцыі ў Астраўцы. “Бяспека атамнай станцыі — наш галоўны прыярытэт”, — заявіў ён.