Бяспека, давер і кансалідацыя

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова нарошчваць свой уклад у захаванне бяспекі і стабільнасці Еўропы. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на пленарным пасяджэнні 22-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — удзельніц АБСЕ, якая прайшла ў Бялградзе.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь гатова дзяліцца вопытам і нарошчваць свой уклад у агульныя намаганні ў барацьбе з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, падтрымку мірнага працэсу ва Украіне. “Толькі ў бяспечнай і стабільнай Еўропе можа быць забяспечана паступальнае ўстойлівае развіццё і прагрэс у эканамічнай, экалагічнай і гуманітарнай сферах”, — сказаў Уладзімір Макей.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства акцэнтаваў увагу на фактарах, якія зніжаюць эфектыўнасць АБСЕ. Так, крызіс узаемнага даверу раз’ядае асновы супрацоўніцтва ва ўсіх вымярэннях бяспекі і аслабляе арганізацыю. “Трэба адмовіцца ад спроб выкарыстання арганізацыі для прасоўвання вузканацыянальных інтарэсаў, умацавання ўласнай бяспекі за кошт партнёраў, стварэння і пашырэння зон уплыву. Імператывам для пераадолення існуючых супярэчнасцей можа быць толькі ўзаемапаважлівы дыялог, які немагчымы ва ўмовах прымянення санкцый і абмежавальных мер”, — упэўнены Уладзімір Макей.
На яго думку, АБСЕ можа і павінна быць платформай для збліжэння пазіцый і фарміравання агульных падыходаў ва ўсіх вымярэннях бяспекі. “Арганізацыя можа і павінна ператварыцца ў каталізатар эфектыўных дзеянняў па рэагаванні на пагрозы бяспецы — у гэтым яе будучыня”, — падкрэсліў міністр.
“АБСЕ, на жаль, не адышла ад блокавага мыслення. У міждзяржаўных адносінах па-ранейшаму дамінуе права сілы, процістаяння, санкцыйнае мысленне, — канстатаваў міністр. — Дыпламатыя адыходзіць на другі план. Поспех вымяраецца ўронам, нанесеным апаненту, а не вырашэннем праблемы”.
У пераважнай большасці выпадкаў з-за прымянення сілавых метадаў сітуацыя абвастраецца, прадоўжыў Уладзімір Макей. “Гэта ў першую чаргу тычыцца буйных дзяржаў. Сярэднія і малыя дзяржавы вымушана трапляюць у пазіцыю выбару: ты з намі ці з імі. У выніку атмасфера процістаяння яшчэ больш пашыраецца”, — сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У існуючай сітуацыі краіны — удзельніцы АБСЕ не маюць права бяздзейнічаць. “Нашы грамадзяне чакаюць ад нас хуткіх і рашучых дзеянняў, — падкрэсліў міністр. — АБСЕ з’яўляецца менавіта тым рэгіянальным фарматам і інструментам, які здольны забяспечыць эфектыўнае аб’яднанне намаганняў дзяржаў-удзельніц па рэагаванні на агульныя выклікі і пагрозы”.
Ён назваў тры ключавыя апоры, на якіх павінна будавацца перспектыўнае ўзаемадзеянне на пляцоўцы АБСЕ: бяспека, давер і кансалідацыя. Так, для пераадолення крызісу еўрапейскай бяспекі, на думку Уладзіміра Макея, неабходна аднавіць стратэгічны кансэнсус адносна агульных мэт і прынцыпаў супрацоўніцтва. “Трэба сканцэнтравацца на найбольш вострых і актуальных для ўсіх выкліках. Часта ў АБСЕ ўсё зводзіцца да высвятлення адносін па пытаннях, якія з’яўляюцца хвалюючымі толькі для асобных дзяржаў”, — лічыць міністр. Ён звярнуў увагу, што нават да цяперашняга СМЗС АБСЕ падрыхтавана мноства дакументаў, якія заведама асуджаны на правал, і адзначыў, што лепш было б сканцэнтравацца ўсяго на некалькіх, але якія маюць сапраўды прынцыповае значэнне для кантынента.