Бяспека дзяцей — клопат дарослых

Жыццё дарослых здаецца дзецям складаным і незразумелым. А мы ў штодзённай плыні спраў часам забываем, што элементарныя навыкі бяспекі, прывітыя дзецям з ранняга ўзросту, дапамагаюць ім лепш адаптавацца ў навакольным свеце. Сёння мы хочам расказаць пра дашкольную ўстанову, якая вядзе актыўную работу ў гэтым напрамку, — яслі-сад № 127 Гомеля. У гэтай дашкольнай установе быў створаны педагагічны праект “Бяспечнае дзяцінства”.

Праект накіраваны на далучэнне дзяцей да сацыяльнай рэчаіснасці, інтэлектуальнае развіццё дашкольнікаў, фарміраванне карысных навыкаў, узаемадзеянне педагогаў і бацькоў. Усе ідэі, увасобленыя падчас гэтага праекта, афармленне куткоў бяспекі, касцюмы герояў, сустрэчы з супрацоўнікамі падраздзяленняў па НС, прэзентацыі і многае іншае належаць загадчыцы дашкольнай установы Наталлі Мікалаеўне Вострыкавай і намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірыне Аляксандраўне Нямкевіч. Увасаблялі аўтарскую задуму ў жыццё музычныя кіраўнікі, выхавальнікі і кіраўнікі фізічнага выхавання дзіцячага сада.
“Усе супрацоўнікі дзіцячага сада прыклалі максімум намаганняў, каб рэалізаваць праект, гэта была цікавая падзея для нас усіх”, — расказвае загадчыца ясляў-сада № 127 Наталля Мікалаеўна Вострыкава. — Першарадная мэта праекта — навучанне дзяцей асновам асабістай бяспекі ў гульнявой (цікавай для дзіцяці) форме, а таксама актывізацыя сумеснай работы з бацькоўскай грамадскасцю”.
У кожным групавым памяшканні былі аформлены куткі па пажарнай бяспецы і прадухіленні дарожна-транспартнага траўматызму. Нагляднасць дапамагае фарміраваць у дзяцей неабходныя навыкі. У арганізацыі куткоў актыўны ўдзел прымалі бацькі і дзеці. Выхавальнікі праводзілі дадатковыя заняткі для дзяцей і кансультацыі для бацькоў па асновах бяспекі жыццядзейнасці і здароўя.
На тэрыторыі дашкольнай установы супрацоўнікамі былі арганізаваны спецыяльныя гульнявыя пляцоўкі, на якіх можна ўбачыць макеты пажарнай машыны і пажарнага шчытка, абсталяваных па аналогіі з сапраўдным пажарным інвентаром. Для наведвальнікаў дзіцячага сада, бацькоў і дзяцей гэтак жа ярка і цікава педагогі аформілі хол установы. Ацаніць праведзеную ва ўстанове адукацыі работу былі запрошаны супрацоўнікі МНС.
Варта заўважыць, што педагогі ясляў-сада № 127 і супрацоўнікі ПАВЧ № 3 пачалі сваё супрацоўніцтва яшчэ задоўга да падрыхтоўкі праекта. Добрай традыцыяй сталі мэтавыя экскурсіі дзяцей старшых груп у пажарную часць. Знаёмства з пажарным інвентаром і расказы супрацоўнікаў падраздзялення па НС дапамагаюць дзецям атрымліваць практычныя навыкі.
Паралельна з заняткамі па прадухіленні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і пажарнай бяспецы ў дзіцячым садзе праводзяцца заняткі на тэмы “Адзін дома”, “Як паводзіць сябе ў навальніцу”, “Жывёлы — толькі радасць”, “Вада і бяда”. Таксама штогод арганізуецца галерэя дзіцячага малюнка і фотавыставы на тэму “Асцярожна, агонь!” і забава “Маленькія пажарныя” з удзелам супрацоўнікаў пажарнай часці.

Алена КАЛЕСНІКАВА.