Бяспека дзяцей праз адказнасць бацькоў

- 11:56Навіны рэгіёнаў, Рознае

Сям’я — стартавая пляцоўка, якая вызначае жыццёвы маршрут чалавека. Менавіта ад жыццёвай пазіцыі, неабыякавасці і зацікаўленасці бацькоў у лёсе сваіх дзяцей залежыць іх здароўе, бяспечная будучыня і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Таму такім важным з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне сям’і і школы, супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў. Пра гэта ішла размова на абласным бацькоўскім сходзе “Бяспечны свет дзяцей праз адказнасць бацькоў”, які адбыўся ў Магілёве.

Удзельнікамі пасяджэння сталі бацькоўская грамадскасць раёнаў і гарадоў Магілёўшчыны, прадстаўнікі пракуратуры вобласці, зацікаўленых службаў аблвыканкама, упраўлення аховы здароўя, камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама, УУС, МНС, Асвода, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Савета студэнцкай моладзі, спецыялісты ўпраўленняў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.
Як адзначыў, адкрываючы сход, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, абраная тэма не новая, і абмяркоўвалася яна ўжо неаднойчы. Тым не менш з году ў год яна застаецца актуальнай.
— Дзеці — самая галоўная наша каштоўнасць. У юным узросце яны жывуць яркім і насычаным жыццём, мараць пра тое, кім стануць у будучыні, жадаюць толькі самага лепшага сабе і іншым. Што трэба зрабіць нам усім, каб іх мары сталі рэальнасцю, каб іх жыццё не павярнулася кашмарам? Давайце чарговы раз разам паспрабуем знайсці правільныя алгарытмы вырашэння гэтай праблемы, — прапанаваў Уладзімір Уладзіміравіч.
У вобласці дзейнічае пэўная сістэма работы па фарміраванні ў дзяцей і падлеткаў навыкаў здаровага ладу жыцця, асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Далучаны да гэтай работы не толькі педагогі, але і супрацоўнікі іншых зацікаўленых службаў. Такое міжведамаснае ўзаемадзеянне мае станоўчыя вынікі, аднак і шэраг праблемных момантаў у сістэме работы па-ранейшаму прысутнічае.
Так, хай нязначны, але ўсё ж рост дапушчаны па колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей; злачынстваў, учыненых непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення; узбуджаных крымінальных спраў за незаконны абарот наркатычных сродкаў.
— Падобныя факты кажуць пра неабходнасць яшчэ раз звярнуць увагу на гэтыя напрамкі ў рабоце. Але яны не могуць быць вырашаны толькі прававымі метадамі, паколькі выцякаюць з праблем сям’і. Для іх выкаранення важна, каб бацькоўская грамадскасць не засталася ўбаку, бо менавіта сям’я ўводзіць дзіця ў грамадства, менавіта ў ёй яно атрымлівае выхаванне, у ёй закладваецца падмурак далейшага развіцця асобы, асабліва духоўнага, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.
З такой пастаноўкай праблемы цалкам пагадзіўся старшыня місіянерскага аддзела Магілёўскай епархіі айцец Васілій, які прысутнічаў на пасяджэнні:
— У большасці беларускіх сем’яў сёння назіраецца духоўны крызіс. Бацькі клапоцяцца аб матэрыяльным дабрабыце сваіх дзяцей, забываючы пры гэтым пра духоўнае развіццё дзіцяці. Першае, да чаго павінны імкнуцца бацькі ў выхаванні дзяцей, — гэта прывіццё ім такіх якасцей, як пакора і паслухмянасць. Не лішнім будзе зрабіць акцэнт і на выкананні пятай запаведзі, якая гаворыць аб шанаванні сваіх бацькоў.
Звярнула ўвагу прысутных на праблему крызісу і канфліктаў у сем’ях з іншага ракурсу кіраўнік аддзела падтрымкі сям’і прыватнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі “SOS-дзіцячая вёска Магілёў” Таццяна Шман. Паводле яе слоў, сучасныя бацькі адчуваюць цэлы шэраг сацыяльных і псіхалагічных праблем, якія прама ці ўскосна ўплываюць на іх зацікаўленасць і актыўнасць у выхаванні дзяцей. Абумоўлена гэта зноў-такі недахопам духоўнасці.
— Сям’я — як механізм, які працуе, пакуль у бацькоў хапае ўвагі да дзяцей, і наадварот. Але часта бацькі забываюць, што дзяцей трэба выхоўваць, даваць ім не толькі нейкія матэрыяльныя даброты, але і сваю ўвагу, час. І тады мы назіраем крызіс або збой механізма. Бацькі абстрагуюцца ад выхавання дзяцей, пакідаючы за сабой толькі кантроль. За гэтым наступае так званае “перацягванне каната”: з аднаго боку — бацькоўскі кантроль, а з другога — імкненне дзяцей пазнаваць свет. Такое перацягванне ў большасці сваёй заканчваецца кіданнем каната бацькамі. Адсюль мы і маем здзяйсненне непаўналетнімі злачынстваў, іх прыхільнасць да наркотыкаў і алкаголю, узрастаючую колькасць суіцыдаў.
Але можна і не дапусціць збою механізма. Трэба для гэтага няшмат. Усяго толькі памятаць пра тое, што ні школа, ні гурткі не дадуць дзіцяці тыя любоў і цяпло, якія яно знаходзіць у сям’і, — заўважыла Таццяна Уладзіміраўна. Пацвярджэннем яе слоў стаў відэаролік пра сямейныя каштоўнасці, які прымусіў многіх бацькоў задумацца.
Асаблівая ўвага ў ходзе пасяджэння была ўдзелена і непасрэдна пытанням бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей. Аб мерах адказнасці бацькоў за нестварэнне бяспечных умоў пражывання непаўналетніх, пакіданне дзяцей без нагляду яшчэ раз нагадалі прысутным намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Наталля Ігна-ценка, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Аляксандр Сяргееў, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза, старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС аблвыканкама Андрэй Ксяндзоў, старшыня абласнога савета Асвод Мікалай Маісееў. Падрабязна разгледзелі падчас сходу таксама праблемы прафілактыкі ВІЧ/СНІДу, росту цікавасці падлеткаў да ўжывання наркатычных сродкаў.
Магчымасць прадставіць сваё бачанне праблемы бяспечнага дзяцінства на пасяджэнні была і ў моладзі. Перад бацькоўскім актывам выступілі члены Савета студэнцкай моладзі пры старшыні Магілёўскага аблвыканкама, студэнты МДУ імя А.А.Куляшова Аляксандр Марка і Аляксандр Бельскі.
Акцэнт хлопцы зрабілі на цесным узаемадзеянні сям’і, школы і органаў улады, вылучыўшы ў гэтым ланцужку ролю ўстаноў дадатковай адукацыі, якія дазваляюць арганізаваць занятасць дзяцей у пазаўрочны час. Немалаважнай, на думку студэнтаў, з’яўляецца і актыўнасць усіх звёнаў ланцужка, кожнае з якіх павінна падшпільваць іншае на ўдасканаленне ўзаемадзеяння.
— Сучасныя дзеці, вядома, не такія, якімі былі мы. Але яны засталіся шчырымі і добрымі. Яны па-ранейшаму хочуць рабіць дабро, толькі трэба даць ім магчымасць для самарэалізацыі, — падкрэслілі хлопцы, завяршаючы выступленне, якое не пакінула прысутных абыякавымі.
Прадаставілася бацькам і магчымасць пераняць станоўчы вопыт арганізацыі работы, які ўжо мае сваю эфектыўнасць. Ім з калегамі падзяліліся прадстаўнікі бацькоўскага актыву з Мсціслаўскага раёна.
Завяршыўся сход майстар-класам, дзе расказвалася аб канкрэтных кроках узаемадзеяння бацькоў і школы. А пачутая бацькамі важная і патрэбная інфармацыя яшчэ не раз прагучыць ужо на месцах, на раённых бацькоўскіх сходах, якія таксама будуць прысвечаны тэме бяспечнага дзяцінства. З гэтай мэтай матэрыялы сходу накіраваны для далейшай работы ва ўсе раёны вобласці. Бо забяспечыць здаровую і бяспечную будучыню дзяцей магчыма толькі сумеснымі намаганнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.