Бяспека перш за ўсё

Адна з галоўных задач кожнай установы адукацыі — бяспечныя ўмовы адукацыйнага працэсу. Як класны кіраўнік, гэта я забяспечваю на аснове плана выхаваўчай работы, прыярытэт якога — абарона здароўя і жыцця вучняў.

Ладзім шэраг прафілактычных мерапрыемстваў: тэматычныя заняткі аб неабходнасці выканання правіл паводзін ва ўстанове адукацыі і за яе межамі, інструктажы па правілах дарожнага руху, проціпажарнай і электрабяспекі, антытэрарыстычнай бяспекі, правілах паводзін на вадзе і паблізу вадаёмаў, на лёдзе. Дзеці з цікавасцю ўдзельнічаюць у конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”.

Але найбольш эфектыўныя заняткі-практыкумы, падчас якіх атрыманыя веды і навыкі адпрацоўваюцца. Кожны год вучні з цікавасцю наведваюць Навагрудскі РАНС, а работнікі Бенінскага ПАПС № 11 некалькі разоў у год праводзяць заняткі ва ўстанове. Кожнаму хочацца адчуць сябе агняборцам: пасядзець у пажарнай машыне, прымераць спецыяльную вопратку.

Нядаўна мае вучні наведалі Цэнтр бяспекі МНС у Лідзе. З першых крокаў дзеці трапілі ў дзіўны свет. Спачатку апынуліся ў лесе, затым — на непраходным балоце, пясчаным кар’еры, на вуліцах горада. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі яшчэ раз паўтарыць правілы бяспечных паводзін, паглядзелі відэаролікі, як паводзіць сябе ў лесе, калі заблудзіліся, пра наступствы пажараў, атрымалі карысныя парады. Самыя смелыя змаглі паспрабаваць тушыць пажар вогнетушыцелем. Усіх зацікавілі практычныя заняткі: трэба было пазваніць у службу 101 і паведаміць аб пажары, знайсці выхад з задымленага памяшкання.

Экскурсія атрымалася цікавай і змястоўнай. Завяршылася яна тэсціраваннем па правілах бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях, вынікамі якога засталіся задаволеныя і дзеці, і работнікі МНС, і мы, настаўнікі.

Ірына РАДЗЮК,
класны кіраўнік 6 класа
Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.