Бяспека пешаходаў

- 14:44Нам пішуць

Па выніках 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Мінска адзначаецца станоўчая тэндэнцыя да зніжэння ўсіх асноўных паказчыкаў аварыйнасці. Разам з тым найбольшы ўплыў на стан дарожна-транспартнага траўматызму аказваюць дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў. Так, доля такіх здарэнняў складае 40 %, а ўзровень смяротных зыходаў набліжаецца да 60.

У мэтах эфектыўнага ўплыву на стан аварыйнасці з удзелам пешаходаў у перыяд з 17 лістапада на тэрыторыі Мінска міліцыя грамадскай бяспекі праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі ў вячэрні час будуць несці службу ў месцах, якія характарызуюцца найбольшым узроўнем аварыйнасці з удзелам пешаходаў альбо сістэматычнымі парушэннямі патрабаванняў Правілаў дарожнага руху з боку пешаходаў. Асабісты склад наведае працоўныя калектывы і навучальныя ўстановы для правядзення тэматычных выступленняў.

А Дзяржаўтаінспекцыя чарговы раз нагадвае, што пешаходы павінны рухацца па тратуарах і пешаходных дарожках, і толькі пры іх адсутнасці — па абочыне. Пры гэтым у цёмны час сутак, а таксама ва ўмовах абмежаванай бачнасці неабходна абазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Флікеры павінны быць бачныя вадзіцелям, а не закрыты адзеннем.

Пераходзіць дарогу неабходна надзвычай уважліва і толькі ва ўсталяваных месцах. Перад тым як выйсці на праезную частку, пешаход павінен пераканацца ў адсутнасці транспартных сродкаў або правільна ацаніць адлегласць да аўтамабіляў, а таксама іх хуткасць. Пераходзячы праезную частку дарогі, пешаход не павінен запавольваць рух або спыняцца на ёй, паколькі гэта павышае небяспеку наезду. На пешаходным пераходзе, перад выхадам на праезную частку, павінен пераканацца ў бяспецы манеўру. А гэта значыць спыніцца, паглядзець па баках, спыніць размовы па тэлефоне, адключыць або зняць навушнікі. Пераканацца, што вадзіцелі яго заўважылі і прапускаюць. Тое, што вадзіцель пачаў спыняцца, не гарантуе поўнай бяспекі. Тормазы могуць быць дрэнныя, дарога слізкая, а колы “лысыя”. Таксама пешаходу трэба быць гатовым да таго, што па другой паласе можа рухацца аўтамабіль, вадзіцель якога можа своечасова не ўбачыць чалавека на праезнай частцы, таму перасякаць праезную частку лепш спакойным крокам, а не перабягаць.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што за парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь. Калі ж пешы ўдзельнік у момант здзяйснення правапарушэння знаходзіцца ў стане ап’янення, штраф узрастае да пяці базавых велічынь.

Статыстыка аварыйнасці сведчыць пра тое, што пераважны від дарожна-транспартных здарэнняў — наезды на пешаходаў, таму вадзіцелю неабходна быць вельмі ўважлівым паблізу пешаходных пераходаў, школ або іншых дзіцячых устаноў, жылых зон і там, дзе вельмі высокая верагоднасць з’яўлення чалавека на праезнай частцы. Хуткасць аўтамабіля павінна быць зніжана да мінімуму, калі аўтамабіль можа быць спынены неадкладна пры выяўленні пешахода.

Найбольш небяспечныя сітуацыі ўзнікаюць пры раптоўным з’яўленні пешахода на праезнай частцы дарогі з-за транспартнага сродку або іншай перашкоды, якая абмяжоўвае агляд. Таму вадзіцель, праязджаючы міма прыпаркаваных аўто ўздоўж дарогі, тых, якія стаяць на прыпынках аўтобусаў, тралейбусаў, павінен выконваць наступныя меры засцярогі: знізіць хуткасць, па магчымасці павялічыць інтэрвал адносна транспарту, які стаіць, і пры з’яўленні пешахода ўважліва назіраць за яго дзеяннямі і быць гатовым да экстраннага спынення транспартнага сродку.

Немалаважнай праблемай застаюцца дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. У мэтах своечасовага рэагавання на змены дарожна-транспартнага становішча, пры выяўленні на дарозе пешаходаў і веласіпедыстаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення ці ствараюць сваімі паводзінамі перадумовы да здзяйснення дарожна-транспартных здарэнняў, Дзяржаўтаінспекцыя просіць неадкладна паведамляць у дзяжурную частку УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама па тэлефоне (8017) 222-17-17 або 102.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху ў любой сітуацыі на дарозе быць узаемнаветлівымі і дзейнічаць згодна з Правіламі дарожнага руху!

Таццяна РАК,
інспектар па АіП АДАІ УУС Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.