Бяспека ў руках моладзі

- 10:45Сацыяльны ракурс

Летам маладзёжныя атрады аховы правапарадку асаблівую ўвагу ўдзяляюць месцам масавага адпачынку людзей. Мэта работы, якую ажыццяўляюць атрадаўцы ў рамках праекта “Бяспека ў нашых руках-2015”, заключаецца ў прадухіленні лясных пажараў і няшчасных выпадкаў на вадзе.

Як паведамілі ў Брэсцкім гаркаме БРСМ, падчас патрулявання моладзь праводзіць з людзьмі, якія адпачываюць, прафілактычныя гутаркі па выкананні мер пажарнай бяспекі і бяспечных паводзінах на вадзе. Але перш чым атрадаўцы пачалі сваю дзейнасць, супрацоўнікі МНС і Асвода правялі з імі вучэбныя семінары-трэнінгі. Моладзь азнаёмілася са спецыяльным абсталяваннем і амуніцыяй, з дапамогай інструктараў вучылася тэхніцы ратавання людзей, якія тонуць, трэніравалася ў аказанні першай (даўрачэбнай) дапамогі.
Маладзёжныя атрады вядуць пастаянную работу па прафілактыцы і папярэджанні проціпраўных дзеянняў і ахове грамадскага парадку. Разам з супрацоўнікамі РАУС актывісты патрулююць вуліцы Брэста. Сёння ў патруляванні задзейнічана больш за 60 маладых людзей. Асноўная задача атрадаў — ахова парадку падчас грамадскіх, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама ахова дзяржаўнай і ўласнай маёмасці. Акрамя таго, атрадаўцы дапамагаюць забяспечваць парадак дзяжурным у інтэрнатах і вучэбных карпусах устаноў адукацыі.
Навучанне і інструктажы ўдзельнікаў маладзёжных атрадаў праходзяць на базе Маскоўскага і Ленінскага РАУС Брэста. З актывістамі арганізаваны заняткі па прававой, фізічнай і медыцынскай падрыхтоўцы, а таксама па вывучэнні ўзбраення і тэхнікі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.