Бяспецы вучаць змалку

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Дзіцячы траўматызм застаецца надзённай праблемай. Вырашыць яе можна шляхам прывіцця дзецям навыкаў бяспечных паводзін з самага ранняга ўзросту. Звычкі, замацаваныя ў дзяцінстве, захоўваюцца і запамінаюцца на ўсё жыццё. Такога меркавання прытрымліваюцца кіраўніцтва і педагогі ясляў-сада № 2 Чавус.

Як паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Кондзерава, асновам бяспечных паводзін малых пачынаюць вучыць ужо ў малодшай групе.

— Усе прадугледжаныя вучэбныя мерапрыемствы — сістэмныя. Для навучання правілам бяспекі ў групавых памяшканнях створаны спецыяльныя інфармацыйныя куткі. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем навучанню дзяцей паводзінам на дарозе. Выхавальнікі перыядычна праводзяць з малымі тэматычныя заняткі, інтэлектуальныя віктарыны, сюжэтныя гульні, прагляды адпаведных відэаролікаў і мультфільмаў, розныя творчыя конкурсы, — адзначыла Таццяна Валер’еўна.

Паводле яе слоў, вялікую дапамогу ў арганізацыі сістэмы навучання дзяцей бяспечным паводзінам аказваюць супрацоўнікі раённай Дзяржаўтаінспекцыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны рэгулярна наведваюць дзіцячы сад, сустракаюцца з выхавальнікамі і дзецьмі. На гэтых сустрэчах інспектары гутараць з малышамі, рэкамендуюць педагогам, на што варта звярнуць увагу ў рабоце.

— Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх вучэбных мерапрыемстваў з’яўляюцца мамы і таты выхаванцаў. Прыцягненне бацькоў да сумеснай работы забяспечвае засваенне дзецьмі неабходных правіл і навыкаў, — падкрэсліла Таццяна Кондзерава.

Замацаванне набытых дзецьмі ведаў праходзіць у цікавай творчай форме. Нядаўна ва ўстанове адбылася тэматычная забава “Вясёлы святлафор”. Мерапрыемства стала для выхаванцаў своеасаблівым іспытам на веданне дарожнай навукі. У вывучэнні правіл і прымяненні атрыманых ведаў дзецям дапамагалі любімыя казачныя героі. І важна, што малышы паказалі сябе дасведчанымі, уважлівымі пешаходамі і пасажырамі. У ходзе дзеяння пад кіраўніцтвам інспектараў ДАІ дзеці адгадвалі загадкі, чыталі вершы аб дарожных знаках, спаборнічалі ў эстафетах. Такім чынам малышы не толькі замацавалі ўжо наяўныя веды, але і даведаліся шмат новага. Педагагічны калектыў установы перакананы, што падобны падыход дапамагае ненадакучліва і эфектыўна сфарміраваць у выхаванцаў свядомае і адказнае стаўленне да асабістай бяспекі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва ясляў-сада № 2 Чавус.