Бясплатная канферэнцыя аб прафесіях у ІТ пройдзе ў Магілёве

- 11:57Якасць адукацыі

Якія спецыяльнасці запатрабаваныя ў IT-сферы, як выбраць ВНУ і спецыяльнасць і падрыхтавацца да паступлення? Пра тое, як “увайсці ў IT”, старшакласнікам і іх бацькам раскажуць праграмісты-практыкі. У суботу, 2 лістапада, у 11 гадзін у гімназіі № 3 Магілёва пачнецца канферэнцыя ProIT.

Праграмісты падрабязна патлумачаць, як арганізаваны розныя напрамкі іх дзейнасці — распрацоўка, тэсціраванне, вэб-дызайн — і раскажуць пра свой шлях у прафесію. Школьнікі змогуць задаць ім любыя пытанні пра работу ў ІТ-сферы: напрыклад, як стаць запатрабаваным праграмістам? на якія спецыяльнасці лепш паступаць? за развіццём якіх тэхналогій сачыць?

Таксама ўдзельнікі канферэнцыі змогуць прымераць прафесіі на майстар-класах. Будуць прапанаваны простыя прыклады рэальных задач, над якімі праграмісты працуюць кожны дзень. Школьнікі паспрабуюць свае сілы і ацэняць, ці гатовыя займацца падобнымі задачамі на працягу жыцця.

На канферэнцыю ProIT запрашаюць усіх, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з ІТ-сферай, даведацца пра кар’ерныя перспектывы і адукацыйныя траекторыі. Удзел бясплатны, неабходна толькі загадзя зарэгістравацца на сайце асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” edu4future.by.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі кампанія “ЭПАМ Сістэмз”, Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” і Магілёўская адукацыйная IT-супольнасць ComMIT.

Падрыхтавала Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота прадастаўлена асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”.