Бясплатная кансультацыя натарыуса

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Заўтра, 29 чэрвеня, натарыусы Беларусі бясплатна пракансультуюць грамадзян усіх катэгорый па пытаннях, звязаных з правядзеннем натарыяльных дзеянняў.

У рэспубліканскай дабрачыннай акцыі, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прымуць удзел усе натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро краіны. На працягу рабочага дня можна будзе атрымаць кансультацыю па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю натарыуса, у тым ліку адносна афармлення спадчынных правоў, складання завяшчанняў, шлюбных дагавораў, адчужэння нерухомасці і здзяйснення выканаўчых надпісаў.

Як паведамілі ў прэс-службе Беларускай натарыяльнай палаты, правядзенне падобных акцый, прымеркаваных да дзяржаўных свят, стала для натарыяльнай супольнасці Беларусі традыцыйным. Мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, павышэнне ўзроўню правасвядомасці, прававой культуры і пісьменнасці насельніцтва.

Час работы натарыяльных кантор і натарыяльных бюро можна ўдакладніць на афіцыйным сайце Беларускай натарыяльнай палаты belnotary.by, у раздзеле “Знайсці натарыуса”.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.