Бяспройгрышныя настаўніцкія рэцэпты

- 14:10Адукацыйная прастора

Віталіна Юр’еўна Хромава паспявае не толькі выкладаць англійскую мову, але яшчэ і спраўляцца з абавязкамі педагога-арганізатара. Другі год дзяўчына працуе ў Чудзінскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. За гэты час зарэкамендавала сябе не толькі ў межах сваёй установы адукацыі, але і на раённым узроўні.

— Настаўніцкая праца патрабуе ўмення аддаваць часцінку сябе іншым людзям, — разважае В.Ю.Хромава. — На мой погляд, без любові да гэтай прафесіі ў школе праца­ваць нельга. У дзяцінстве ўсе мае гульні ў асноўным былі звязаны са школай. Пазней вельмі спадабаўся такі прадмет, як замежная мова. У выніку гэта прывяло мяне да выбару педагагічнага кірунку. Адзінае, было крыху страшна, што магу памыліцца з прафесіяй.

У 2015 годзе Віталіна паступіла ў Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсі­тэта імя П.М.Машэрава. Пасля першай педагагічнай практыкі, якая праходзіла на другім курсе, дзяўчына канчаткова супакоілася. Яна прымерала на сябе ролю настаўніцы і зразумела: гэтая справа ёй па душы.

— Хочацца адзначыць важнасць практыкі, — разважае В.Ю.Хромава. — Я паспрабавала сябе ў якасці педагога англійскай мовы, класнага кіраўніка і важатай. Практыка ў школе дапамагла мне адкрыць усе бакі педагагічнай дзейнасці і значна пашырыць мае ўяўленні аб арганізацыі вучэбнага працэсу. Выдатна і тое, што была магчымасць прысутнічаць на ўроках розных педагогаў. У гэты час мне прыйшлося прыкласці шмат намаганняў для падрыхтоўкі заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў. Аднак гэтая дзейнасць прынесла вялікае маральнае задавальненне. Менавіта ўражанні ад самастойнага правя­дзення ўрокаў аказаліся самымі яркімі за ўвесь час практыкі.

Педагагічная дзейнасць Віталіны Юр’еўны пачалася ў мінулым годзе ў Чу­дзінскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна. Першыя працоўныя будні выклікалі нямала хваляванняў. Больш за ўсё перажывала, што не зможа знайсці агульнай мовы з кіраўніцтвам ці калектывам. Час паказаў, што гэта было дарэмна. Пераканалася: вопытныя педагогі добра ставяцца да яе, працуюць з ёй у адной камандзе і заўсёды аказваюць метадычную дапамогу і падтрымку. Адным словам, з месцам працы пашчасціла!

Маладой настаўніцы запомніліся яе першыя ўрокі. Рыхтуючыся да іх, рэпеціравала ўсё да дробязей, разлічвала кожную мінуту, прагаворвала кожнае слова. Нягледзячы на хваляванні, старалася трымацца спакойна. У выніку хутка наладзіла кантакт з вучнямі. У зносінах з імі адразу старалася прытрымлівацца правіл, якія вызначыла для сябе яшчэ на пачатку працоўнай дзейнасці: наладж­ваць добразычлівыя, сяброўскія адносіны і ў той жа час не пераходзіць мяжы, якая павінна быць паміж педагогам і дзецьмі.

Віталіна Юр’еўна стараецца стаць аўтарытэтам для сваіх вучняў, што патрабуе вялікай працы над сабой. Але маладая настаўніца гатова да гэтага, бо толькі так удасца паспяхова вучыць і ўплываць на станаўленне дзяцей, і асабліва падлеткаў. У мінулым годзе Віталіна Юр’еўна стала студэнткай завочнага аддзялення Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дзе з цікавасцю працягвае сваю адукацыю.

— На першых уроках я старалася прытрымлівацца аўтарытарнага стылю, бо баялася, што вучні не будуць успрымаць мяне і мае словы сур’ёзна, — расказвае маладая настаўніца. — Аднак даволі хутка прыйшла да дэмакратычнага стылю выкладання, які мне больш даспадобы і падыходзіць па характары. Настаўніку важна не чарсцвець душой, адчуваць сітуацыю і кожнае дзіця.

Працаваць паспяхова і ўтрымліваць увагу вучняў Віталіне Юр’еўне дапамага­юць пазітыўныя адносіны да ўсяго, у тым ліку і да стрэсаў, якія ўзнікаюць; прадуманая да дробязей сістэма работы і гібкія адносіны да зменлівых умоў; пачуццё гумару. Яе крэда гучыць проста, але патрабуе многага: “Лепшы прыклад — асабісты прыклад”.

Праявіць свае разнастайныя таленты і бліжэй пазнаёміцца са школьнікамі розных класаў настаўніцы ўдаецца дзякуючы яе дзейнасці як педагога-арганізатара. Яна імкнецца раскрыць здольнасці кожнага дзіцяці, зрабіць іх вольны час яркім, цікавым і карысным. Разам з вучнямі неаднойчы даводзілася прымаць удзел у раённых конкурсах і мерапрыемствах і вяртацца ў школу з граматамі пераможцаў і прызёраў.

Для шасцікласнікаў Віталіна Юр’еўна стала яшчэ і любімым класным кіраўніком. Сваіх падапечных яна параўноўвае з кветкамі, а сябе — з майстрам, ад прафесіяналізму якога залежыць многае. Для паспяховага рэцэпта ў сферы выхавання яна выбрала ў якасці абавязковых інгрэдыентаў адказнасць і мудрасць, душэўную цеплыню і добразычлівасць. Сваю работу яна любіць за тое, што дзень за днём бачыць няхай і невялікі, але прагрэс, змяненні да лепшага ў вучобе і выхаванні падрастаючага пакалення. А хіба можа быць больш важны ўклад у будучыню?

Таццяна ШЫМКО.