Бясшкодна для чалавека і прыроды

Хіцін — гэта рэчыва, сфера выкарыстання якога пастаянна пашыраецца. Біямедыцына, фармакалогія, харчаванне, мікрабіялогія, сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць… Навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама знайшлі хіціну сваё прымяненне, стварыўшы “біяўпаўку» для прадуктаў, якія хутка псуюцца.

Над праектам працуе калектыў навукова-даследчай лабараторыі прыкладных праблем біялогіі кафедры заалогіі біялагічнага факультэта пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі Уладзіміра Курчанкі. Распрацоўка ўяўляе сабой пакрыццё, якое ў вадкім выглядзе наносіцца на паверхню садавіны ці агародніны і застывае, фарміруючы ахоўную плёнку. Утвараецца так званая біяўпакоўка. Аснову распрацоўкі складае хітазан (вытворнае рэчыва хіціну) — натуральны нетаксічны біяпалімер, які ў вялікай колькасці сустракаецца ў клетачных сценках некаторых грыбоў і ў панцырах ракападобных. Хітазан абсалютна інертны ў арганізме чалавека, а ў прыродзе лёгка раскладаецца глебавымі бактэрыямі.

Вучоныя мяркуюць, што падобным чынам можна абараняць таксама мяса, рыбу і кавалкі сыру ад выветрывання. Па словах аднаго з распрацоўшчыкаў намесніка дырэктара Ліцэя БДУ па вучэбнай рабоце Ганны Чубаравай, эксперыменты ставіліся на сыры, але ўзнікла цяжкасць: з-за маленькіх порцый прадукт высыхаў раней, чым даследчыкам удавалася прыйсці да пэўных высноў. Спецыяліст адзначыла, што для далейшага вырашэння пастаўленай задачы трэба даследаваць больш буйныя кавалкі прадуктаў.

— Пры транспарціроўцы страчваецца вялікая колькасць ураджаю, у выніку чаго вытворца недаатрымлівае долю прыбытку. Да загрузкі садавіна і агародніна могуць быць выключнай якасці, а праз пэўныя нюансы (чэргі на мытнях ці нядобрасумленнае выкананне абавязкаў партнёраў) сітуацыя можа кардынальна змяніцца. Таму наш калектыў вырашыў ажыццявіць ідэю захоўвання прадуктаў, якія хутка псуюцца. Спачатку рэалізоўвалі яе на клубніцах, але гэтыя ягады былі даступныя толькі кароткі прамежак часу, таму нам прыйшлося выкарыстоўваць вінаград, — патлумачыла Ганна Сяргееўна.

У эксперыментах, акрамя вучоных, прымалі ўдзел навучэнцы Ліцэя БДУ. Яны даследавалі апрацаваны і неапрацаваны вінаград і прыйшлі да высновы, што пакрыццё значна павышае тэрмін прыдатнасці гэтых ягад. Акрамя таго, яно абсалютна гіпаалергеннае і не патрабуе папярэдняга выдалення з прадуктаў. Бяспечнае для арганізма рэчыва лёгка змываецца невялікай колькасцю вады, таму і сама тэхналогія экалагічна чыстая.

— Дзеці вучацца ў нас толькі два гады, таму ў 10 класе мы спрабуем зацікавіць іх тэорыяй, а летам, у чэрвені, паказваем, што яны нешта могуць зрабіць самі, — тлумачыць зацікаўленасць ліцэістаў Ганна Чубарава. — Дзеці з інтарэсам уключаюцца ў работу і працягваюць займацца даследаваннямі.

Раствор хітазану прадстаўлены ў выглядзе вадкасці, таму пры паспяховым укараненні распрацоўкі яго плануецца выпускаць у пяцілітровых каністрах для больш зручнага выкарыстання. Напрыклад, біяўпакоўку можна ствараць, апрацоўваючы садавіну і агародніну проста на палях і ў садах. Адзіны мінус — магчымасць дажджу. Таксама хітазан можна выкарыстоўваць у вытворчасці — шляхам распылення раствору пры дапамозе партатыўнай устаноўкі.

Па словах спецыяліста, праца над праектам доўжыцца год і будзе працягвацца. На сёння ўжо выпушчана доследная партыя раствораў для стварэння пакрыцця і пададзена заяўка на патэнт.

— Некаторыя людзі перакананы, што апрацаваныя прадукты не зусім карысныя, — гаворыць Ганна Сяргееўна. — Мы шукалі пакрыццё, якое будзе лёгка змывацца і не нашкодзіць спажыўцам. Напрыклад, воск — бяскрыўднае рэчыва, але ён не змываецца — гэта яго адмоўны бок. Іншыя пакрыцці змяшчаюць бялкі, якія могуць выклікаць алергічную рэакцыю. Наша распрацоўка абсалютна бяспечная для чалавека і прыроды.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.