На абласным турніры юных фізікаў было горача. Каманды атакавалі адна адну з дапамогай ведаў і з іх жа дапамогай абараняліся. Усё для таго, каб высветліць, чые ж веды па фізіцы самыя глыбокія, эсперыменты — самыя ўдалыя, вылічэнні — самыя правільныя, каманда — самая дружная і, нарэшце, хто прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім турніры. Сімвалічна, што фінальныя выпрабаванні турніру адбыліся 25 студзеня, такім чынам першыя пошукі сябе ў навуцы юныя фізікі здзяйснялі ў Дзень беларускай навукі.
15 каманд на працягу двух дзён прадстаўлялі на суд журы і апанентаў свае рашэнні зададзеных задач, а таксама ацэньвалі, як з аналагічным заданнем справіліся сапернікі. Па выніках вострых дыскусій у адборачных баях у фінал выйшлі 4 каманды. У фінальных баях узровень напружання павялічыўся і дасягнуў, здавалася, свайго максімуму. Хлопцы і дзяўчаты правялі каласальную работу, рашаючы турнірныя задачы, і з запалам адстойвалі свае работы.
Журы назірала за імі са шчырай зацікаўленасцю. Тым больш што ў склад яго ўваходзілі не толькі вопытныя настаўнікі і выкладчыкі ВНУ, для якіх ацэньваць і аналізаваць вынікі чужой работы — прывычная з’ява, але таксама і тыя, хто яшчэ ўчора сам быў удзельнікам турніраў. Напрыклад, Віктар Лойка — студэнт 1 курса фізічнага факультэта БДУ. У мінулым годзе ён разам з камандай стаў бронзавым прызёрам Міжнароднага турніру юных фізікаў, сёлета ён судзіў і праводзіў баі абласнога турніру. Прызнаецца, што работа ў журы вельмі складаная: “Калі ты выходзіш выступаць у якасці ўдзельніка турніру, то ў цябе толькі адна задача — годна прадставіць і патлумачыць рашэнне задання. А члену журы трэба ўважліва сачыць за кожным удзельнікам бою, каб быць максімальна аб’ектыўным да ўсіх. Мой вопыт удзелу ў турнірах фізікаў мне вельмі дапамагае, я чуў і бачыў многіх членаў журы, а таксама многа выступленняў канкурсантаў, таму з цягам часу выпрацаваў сваю сістэму ацэнкі”.
Перамогу ў турніры святкавала зборная каманда Нясвіжскага раёна. 2 месца падзялілі паміж сабой каманды Старадарожскага раёна, сярэдняй школы № 1 Смілавіч і гімназіі № 1 Барысава. Дарэчы, юныя фізікі з Нясвіжа становяцца лідарамі абласнога турніру не ўпершыню — каманда добра паказала сябе і на рэспубліканскім этапе. Іх перамога — дасягненне калектыўнае ва ўсіх сэнсах: каманду навучэнцаў рыхтавала каманда педагогаў. “З юнымі фізікамі ў нашым раёне займаецца творчая група з пяці настаўнікаў, створаная на базе рэсурснага цэнтра, які працуе ў Нясвіжскай гімназіі, — расказвае Жанна Іванаўна Скачко, настаўніца фізікі гімназіі. — Каб дасягнуць поспеху на турніры, неабходны дзве ўмовы: глыбокія веды прадмета ў вучняў і іх шчырая зацікаўленасць. Без жадання займацца не дапамогуць нават выдатныя веды і ўменні, таму наша першапачатковая задача — прыцягнуць вучняў да ўдзелу ў турнірах, зацікавіць іх. А калі ў юнага фізіка ёсць інтарэс, то ён здольны на любыя здзяйсненні”.
Многія каманды выступілі на турніры на добрым узроўні, але і працаваць яшчэ ёсць над чым. “Сёння міжнародны турнір ставіць вельмі высокую планку патрабаванняў як да ведаў па фізіцы, так і да прэзентацыі работ, — расказвае Ігар Андрэевіч Цімошчанка, старшы выкладчык фізічнага факультэта БДУ, член аганізацыйнага камітэта Міжнароднага турніру юных фізікаў. — Трэба быць не толькі добрым фізікам, але і цудоўным аратарам. Каманды на абласным турніры выйшлі за рамкі школьных ведаў, і гэта ўжо вялікае дасягненне для кожнага ўдзельніка. Але для выхаду на міжнародны ўзровень трэба яшчэ многа працаваць, у тым ліку і над майстэрствам дэманстраваць сваю працу. На турніры, напрыклад, былі выпадкі, калі каманда добра рашала задачы, але не магла годна прадставіць журы і публіцы іх рашэнне”.
Для кожнага юнага фізіка турнір — гэта бясцэнны вопыт удзелу ў адкрытай публічнай навуковай дыскусіі. Гэта дае магчымасць палепшыць свае ўменні рашаць адкрытыя задачы, праяўляючы творчы падыход да іх, працаваць у камандзе, аналізаваць і аператыўна даваць ацэнку чужой рабоце. Такія навыкі не будуць лішнімі ў іх далейшым жыцці.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.