Бяжым разам

- 9:00Спартыўныя падзеі

12 верасня ў сталіцу пасля гадавога перапынку вярнулася адно з самых маштабных спартыўных свят — Мінскі паўмарафон. Сёлета дыстанцыі ў 21,097 км, 10,55 км і 5,5 км пераадолела каля 10 тысяч чалавек з 40 краін. Яшчэ прыкладна 500 бегуноў зрабілі гэта анлайн.

Мінскі паўмарафон — 2021 мае Road Race Label ад Міжнароднай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Гэта значыць, што на трасе перакрыты рух, ёсць кваліфікаванае медыцынскае су­праваджэнне, таймінг з імгненнымі вынікамі, зоны з вадой і ежай і інш. Каб не вельмі вопытныя ўдзельнікі разумелі, у якім тэмпе ім рухацца і на што арыентавацца, на паўмарафоне прысутнічалі пэйсмэйкеры. Яны былі ў спецыяльных майках, якія вылучаліся па колеры і на якіх ззаду былі напісаны лічбы 1:30, 1:40, 1:50, 2:00. Гэта час, за які ўдзель­нік можа прабегчы дыстанцыю, калі будзе бегчы ў тэмпе з пэйсмэйкерам.

— Наша каманда арганізатараў вельмі рада, што сёлета паўмарафон адбыўся. Яго не хапала ў 2020 годзе, і вуліцы Мінска нарэшце зноў напоўніліся 10 тысячамі бегуноў, — кажа генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі каардынатар Мінскага паўмарафону Вераніка Грэсь. — Сёлета ў нас з’явілася невялікае новаўвя­дзенне — гэта анлайн-забег. Удзельнік з любой кропкі свету мог прабегчы гонку з 1 па 12 верасня і атрымаць запаветны медаль па пошце, а калі гэта 21,1 км, то яшчэ і майку. Для гэтага трэба было зарэгістравацца на нашым афіцыйным сайце, аплаціць удзел, прабегчы дыстанцыю і скі­нуць трэк прабежкі.

Тым, хто ўдзельнічаў у паўмарафоне анлайн, яшчэ трэба ча­каць свае ўзнагароды, афлайнавыя ж бегуны ўжо любуюцца заслужанымі медалямі. На самай вялікай дыстанцыі мужчынскі п’едэстал быў украінскі. Перамог Віталій Шафар, які пераадолеў “палоўку” за 1 га­дзіну 4 мінуты 15 секунд. Яго зямляк Багдан Семяновіч заняў 2-е месца з часам 1:04,28. 3-е месца адышло Мікалаю Юхімчуку (1:05,10). Сюрпрызу па пераможцах сярод жанчын не здарылася. Як і ў 2019 годзе, першай прыбегла беларуска Ніна Савіна. Яе час — 1 гадзіна 14 мінут 37 секунд. Другой стала Марыя Даманцэвіч (1:15,15), трэцяй — Святлана Санько (1:19,16).

— Я вельмі шчаслівая, заўсёды прыемна перамагаць дома. Траса была цяжкай, але атрымалася яе прайсці, — дзеліцца Ніна Савіна. — Каб зразумець, якую дыстанцыю ты гатовы прабегчы, трэба арыентавацца на свае адчуванні і падрыхтоўку. Паўмарафон патрабуе ўзмоц­неных трэніровак, тым больш калі размова ідзе пра мінскую трасу. Тут шмат перападаў вышынь, таму дадаткова трэба ўмацоўваць сілавы кампанент. Я прабягаю каля 150 км у месяц, але раўняцца на гэта не варта. Лепш слухаць сваё цела і рабіць, што можаш.

На дыстанцыі 10,55 км самым хуткім быў Аляксандр Санько — 33 мінуты 8 секунд. Другім стаў Ілья Карнаухаў (33,26), трэцім — Павел Небыт (33,55). У жанчын першай прыбегла Вольга Камінская: яна справілася з дыстанцыяй за 40 мінут 11 секунд. За ёй фінішавала Мая Тонкіх (42,02), следам — Вера Вінаградава (42,57). Самай папулярнай дыстанцыяй аказалася 5,5 км. Гэта пад’ёмны кіламетраж для здаровых людзей і тых, хто хаця б перыядычна бегае для сваёй асалоды.

— Мы беглі камандай Міні­стэрства адукацыі, ад гэтага было лягчэй, бо мы бачылі кожнага, пры неабходнасці падтрымлівалі адно аднаго, — дзеліцца першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Мы ўдзельнічаем у паўмарафоне з вялікім задавальненнем, таму што нас падтрымліваюць нашы калегі, балельшчыкі. Да таго ж тут бягуць нашы студэн­ты, школьнікі, яны бачаць, што мы нават у нефармальных абставінах знаходзімся разам, і дзякуючы гэтаму, спадзяюся, больш нам давяраюць.

На дыстанцыі 5,5 км першым фінішаваў Уладзіслаў Церашонак. Ён паказаў час 16 мінут 41 секунда і апярэдзіў Вадзіма Старасценку (16,53). Трэцім стаў Ігар Цецерукоў (17,38). Сярод жанчын лепшую хуткасць паказала Ганна Яцэвіч — 22 мінуты 3 секунды. 2-е месца заняла Настасся Дзедзікава (24,51), 3-е — Наталля Гапон (26,13).

Акрамя асноўных конкурсаў на хуткасць, сёлета праходзіла шмат дадатковых. Журы выбірала лепшае відэа на тэму “Як я рыхтуюся да Мінскага паўмарафону”, лепшы плакат балельшчыка, лепшы вобраз балельшчыка, лепшы касцюм удзельніка, самую крэатыўную каманду, самую яркую і згуртаваную сям’ю, самую яркую пару.

— Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў Мінскім паўмарафоне і заў­сёды апранаю які-небудзь цікавы касцюм, — расказвае Тамара Ермакова. — Гэтым разам вельмі доўга думала, што зрабіць. У выніку ўбачыла ў магазіне прыгожыя аднаразовыя талерачкі і падумала, чаму б іх не выкарыстаць. Заадно заклікаю людзей да экалагічнага стаўлення да рэчаў: не трэба іх выкідаць, калі можна стварыць з іх штосьці новае.

Магчыма, Мінскі паўмарафон стане марафонам. Арганізатары хочуць, каб у Беларусі праходзілі падобныя спаборніцтвы са складанай дыстанцыяй, але пакуль не ведаюць дакладна, калі атрымаецца рэалізаваць задуму. Таксама сярод жаданняў — зрабіць паўмарафон унікальным, каб удзельнікі зага­дзя прадумвалі свае бегавыя планы, улічваючы дату забегу. Лепшы прыклад — Берлінскі марафон, дзе рэгістрацыя закрываецца за адзін дзень. Для гэтага беларусам трэба нарошчваць тэхнічны патэнцыял, прывабліваць элітных атлетаў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.