Бязмежная адказнасць за іншых

Палачка-выручалачка, сябар, старэйшы таварыш, здаровы прыклад і яшчэ шмат іншых іпастасей хавае ў сабе педагог-псіхолаг. Але добры педагог-псіхолаг не павінен хавацца. Рассакрэцім асобу аднаго з іх — Алена Мікалаеўна БАРКОЎСКАЯ.

У 2006 годзе ў Полацку адкрылася сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай. 1 верасня пачало фарміравацца новае адукацыйнае асяроддзе: вучні і настаўнікі, хвалюючыся, ішлі на першую лінейку. Сярод іх была і педагог-псіхолаг Алена Мікалаеўна Баркоўская.

— Калі я стаяла на лінейцы і бачыла шчаслівыя твары дзяцей і бацькоў, мяне перапаўнялі эмоцыі, а самым моцным было пачуццё бязмежнай адказнасці за тых людзей, якія ўдзельніча­юць у жыцці школы. Гэтае пачуццё не знікае і цяпер, — узгадвае педагог.

Алена Мікалаеўна вырашыла стаць псіхолагам яшчэ ў школе, калі вучылася ў педагагічным класе. Да здзяйснення жадання яна ішла ўпэўнена. У 1997 годзе паступіла ў Маскоўскі сацыяльна-гуманітарны інстытут на завочную форму навучання. Гэта дазволіла ўжо на 3 курсе атрымаць сапраўдны прафесійны вопыт: Алена Баркоў­ская стала часткай калектыву сярэдняй школы № 7 Наваполацка.

— У 2001 годзе я атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі і перайшла ў Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Полацка. Цесная работа з дзецьмі з АПФР і іх бацькамі дазволіла пранікнуцца іх праблемамі і перажываннямі.

А потым 2006 год. У сярэднюю школу № 18 Полацка Алена Мікалаеўна прыйшла ўжо з вопытам, таму ведала, як хоча пабудаваць сваю работу. Сухія лекцыі і даклады няхай застануцца каму-небудзь іншаму, педагог шчыра хацела зацікавіць і нешта змяніць.

— Калі на занятках робіш нейкае практыкаванне або праводзіш гульню, то бачыш жывыя эмоцыі, аддачу, чуеш пытанні. Сустрэчы з дарослымі, бацькоўскія сходы таксама праходзяць у актыўнай форме.

Узаемаадносіны дзяцей і бацькоў, эмоцыі, камунікацыя, сваркі, канфлікты, крыўды, адаптацыя, паступленне — гэта не ўвесь спіс пытанняў, якія прапрацоўвае Алена Мікалаеўна. Першая тэма, напэўна, самая вялікая і заўсёды актуальная. Ёй псіхолаг прысвяціла нямала часу. Асноўная праблема ўзаемаадносін у тым, што іх няма ці яны развіты на нізкім узроўні. Бацькі шмат часу і сіл аддаюць матэрыяльнаму дабрабыту сям’і, а не яе эмацыянальнаму стану. У выніку з’яўляюцца праблемы, прычым не толькі ў доме, а і ў іншых сферах жыцця.

— Калі бацькі з дзяцінства тлумачаць, што такое добрыя, прадукцыйныя зносіны, то дзеці і ў школе сябе паводзяц­ь як трэба. Калі ты іх падтрымліваеш, маеш зносіны, дзесьці ўхваляеш і ў той жа час можаш справядліва крытыкаваць, тады яны вучацца выказваць свае думкі і ацэньваць крытычна тую ці іншую сітуацыю, учынак. Чым больш ты ім аддаеш, тым больш яны аддаюць табе, — дзеліцца вопытам Алена Баркоўская.

Псіхолаг прызнае, што многія бацькі гатовы да работы над сабой і над адносінамі з дзецьмі. Напрыклад, на бацькоўскіх сходах Алена Мікалаеўна ўзнімае нейкую тэму, разбірае яе, раіць пачытаць пэўную літаратуру і паўтарае, што вынік залежыць толькі ад бацькоў, толькі яны змогуць паўплываць на сваё дзіця. І гэта працуе.

— Бачна зацікаўленасць дзецьмі на пазакласных ці суботніх мерапрыемствах, калі бацькі прыходзяць падтры­маць сваіх сыноў і дачок ці паўдзельнічаць у мерапрыемствах разам з імі.

З якой бы тэмай ні звярнуўся вучань, педагог ці хтосьці з бацькоў да Алены Мікалаеўны, яна для ўсіх знойдзе па­трэбныя словы. Яна гатова размаўляць пра любую жыццёвую сітуацыю, тым больш што ў людзей кожнага ўзросту свае пытанні. Напэўна, адна з асноўных думак, якія трансліруе педагог, — гэта тое, што трэба прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, і ўмець крытычна ставіцца да сябе.

— Псіхолаг павінен разумець, што ў жыцці і ў чалавека ёсць свае мінусы і плюсы, і павінен быць адкрытым у плане праяўлення сваіх эмоцый. Трэба не маўчаць пра свае пачуцці, а прагаворваць прычыны іх узнікнення.

Ёсць некалькі стэрэатыпаў пра псіхолагаў, якія мала таго што з’яўляюцца хлуснёй, дык яшчэ ў некаторых выпадках і перашкаджаюць працаваць. Напрыклад, што яны працуюць з псіхічна нездаровымі людзьмі. Праўда, у школе № 18 падобнае меркаванне ўжо стала маветонам.

— Існуе стэрэатып, што псіхолаг заўсёды павінен быць на баку дзіцяці, абараняць яго, шукаць у ім толькі станоўчае. Не. У псіхолага таксама ёсць свае прынцыпы, свой вопыт работы, ён таксама чалавек. Гаварыць “мы размаўляем толькі спакойна, даём толькі рэкамендацыі” няправільна. Кожнаму патрэбен індывідуальны падыход. З кімсьці варта паводзіць сябе жорстка і прамалінейна, з кімсьці — плаўна і спакойна. Галоўнае — адкрыта, шчыра, не губляючы эмоцый.

Псіхалогія стала для Алены Баркоўскай жыццём, якое не ідзе паралельна з асабістым, а працякае зусім побач. У любы час сутак, у адпачынку педагог думкамі з дзецьмі і настаўнікамі, пагружаная ў сітуацыю.

— Гэта не толькі прафесійная рэалізацыя, але і шлях самаразвіцця, стварэння сябе, работы са светам, працэс пазнання іншых людзей, а таксама Творчасць з вялікай літары. Я  ствараю сябе і свой лёс, спрабую навучыць гэтаму дзяцей і дарослых, каб пасля трэнінгу, заняткаў ці кансультацыі яны маглі самастойна вырашаць, як будаваць жыццё і спраўляцца з праблемамі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.М.Баркоўскай.