Бязмежная творчасць юных талентаў

- 13:17Культура

На мінулым тыдні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў VI Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”. Сёлета яго фіналістамі сталі больш за 650 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў — а гэта звыш 3000 таленавітых, перспектыўных і крэатыўных юных творцаў з 8 краін свету. Яны на працягу пяці дзён дэманстравалі свае здольнасці ў харэаграфіі і вакале, выкананні музычных і літаратурных твораў, стварэнні модных калекцый і дэфіле. Разам з прафесіянальным журы ў свет творчасці зазірнула і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Фестывальны нон-стоп

“Мы вельмі ганарымся нашым фестывалем! Нягледзячы на розныя сітуацыі, усяго было пададзена 930 заявак у намінацыях “Харэаграфія”, “Вакал”, “Інструментальная творчасць”, “Мастацкае слова” і “Тэатр моды”. А гэта 4500 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з Італіі, Расіі, Малдовы, Украіны, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і ўсіх куткоў нашай Беларусі, — падкрэсліла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзея Васільчанка. — Упершыню наш фес­тываль-конкурс меў дзве формы правядзення — завочную і вочную, бо творчасць не толькі не мае меж, але і не мае перашкод. А таму ўсе юныя таленты з розных краін змаглі прадэманстраваць свае здольнасці, дасягненні і поспехі. Да таго ж вельмі важна, што нашы канкурсанты штогод знаёмяцца з рознымі культурамі і пачынаюць сябраваць паміж сабой”.

На працягу пяці дзён, з 2 па 6 лістапада, амаль што ў рэжыме нон-стоп юныя артысты хваляваліся, выступалі і спадзяваліся на перамогу, а журы ацэньвала іх, стараючыся быць аб’ектыўным, нікога не пакрыўдзіць, а часам падбадзёрыць і натхніць на далейшае развіццё. Хоць, паверце, быць непрадузятым вельмі няпроста, калі гаворка ідзе пра дзіцячую творчасць!

Як прызналася член журы намінацыі “Вакальны жанр” Кацярына Муратава (загадчык падрыхтоўчага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады), яна ў дзяцінстве не любіла конкурсаў, таму што гэта вельмі адказныя мерапрыемствы: “Трэба выкладвацца на 500% і не факт, што члены журы звернуць на цябе ўвагу. А ў гэтым годзе яшчэ больш складана канкурсантам, асабліва тым, хто ўдзельнічаў дыстанцыйна, бо ім неабходна было праз відэа паказаць усё, што яны ўме­юць: і вакальныя здольнасці, і акцёрскія, і пастарацца зачапіць кожнага члена журы сваёй іскрай. Усім удзельнікам фестывалю мне хочацца сказаць адно: любы конкурс — гэта ўсяго толькі чарговая прыступка, якіх у вашым жыцці будзе шмат, таму заўсёды праходзь­це іх з горда ўзнятай галавой”.

Дарэчы, менавіта конкурснымі праслухоўваннямі ў намінацыі “Вакал” і стартаваў фестываль. Юныя таленавітыя вакалісты прыемна здзівілі членаў журы высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культурай. “Усе канкурсанты — гэта ўжо артысты незалежна ад узросту, усе яны — нашы калегі, і ўсе вельмі стараюцца, — адзначыў Андрэй Коласаў — спявак, саліст арт-групы “Беларусы” і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. — Калі маеш справу з дзецьмі да 13 гадоў, то дзіву даешся, наколькі яны стараюцца ўразіць не толькі вакальна, але і знешне — сваімі касцюмамі і атрыбутамі, што вельмі замілоўвае. Але на што хацелася б звярнуць увагу педагогаў па вакале — перш за ўсё на рэпертуар, з якім выступаюць дзеці ў конкурснай праграме. Я лічу, не варта браць вельмі складаны у вакальным плане твор, а тым больш знакамітага выканаўцы, бо часта ўзнікае параўнанне, прычым не на карысць канкурсанта. Канечне, любую песню можна зрабіць па-рознаму вакальна, але трэба задумацца, наколькі яна падыходзіць гэтаму юнаму спеваку па характары і вобразе, ці зразумелая яна яму і ці падабаецца. Ацэньваючы выканаўцаў, мы звярталі ўвагу на вакальнае майстэрства і тое, наколькі свабодна яны трымаюцца на сцэне. А яшчэ мы не пераставалі здзіўляцца, колькі таленавітых дзяцей!”

4 лістапада адбылося праслухоўванне ў намінацыі “Інструментальны жанр”. Аказалася, што музыка і музычныя інструменты кожнай краіны — гэта дзіўны каларыт творчасці, які яскрава прадэманстравалі ўдзельнікі фестывалю. Сярод пераможцаў і прызёраў — узорны інструментальны ансамбль “Міраж” сталічнай гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе, які сёлета атрымаў адразу тры першыя дыпломы. Кіраўнікі ансамб­ля — Галіна Цімакова, Ірына Сербіна і Андрэй Вайцяхоўскі — прыклалі шмат намаганняў, каб іх выхаванцы годна выступілі ў трох узроставых катэгорыях. Малодшая група паказала латышскую польку, а старэйшая — малдаўскі танец і Libertango, над якімі працавалі цэлы год. Як прызналіся выканаўцы, яны атрымалі не толькі ўзнагароды, а і незабыўныя эмоцыі і авацыі залы. На пытанне, як жа яны спраўляюцца з хваляваннем, адказалі, што “канцэнтруюцца на перамозе, ідуць і выдатна выступаюць”.

Свята мастацкага слова і моды

У намінацыі “Мастацкае слова” конкурсныя выступленні і прагляды адбыліся 5 лістапада. Юныя чытальнікі сур’ёзна падышлі да адбору літаратурнага і музычнага матэрыялу. Чыталі пра дабрыню, сяброўства, мір і, вядома ж, пра творчасць. Члены журы былі ўражаны выдатнымі вобразамі ўдзельнікаў, майстэрскім валоданнем словам і цудоўна падабраным літаратурным матэрыялам. Юныя артысты падышлі да ўдзелу ў конкурсе не проста адказна, а пастараліся зрабіць сваё выступленне яркім і запамінальным.

“Жанр “Мастацкае слова” ў апошні час радуе сваім адраджэннем. Чытаць са сцэны ў камерным глядацкім асяроддзі становіцца запатрабаваным напрамкам. І тое, што фестываль-конкурс “Творчасць без меж” унёс у сваю праграму намінацыю “Мастацкае слова” гаворыць пра ўзровень міжнароднага мерапрыемства. Выступаць у якасці чытальніка, незалежна ад узросту, неверагодна складана. На сцэне ўсю ўвагу гледача трымае акцёр. Тут вялікую ролю адыгрывае і складанасць выбранага літаратурнага матэрыялу, і рэжысёрскае рашэнне, і акцёрская заразлівасць канкурсанта. Але з такой вельмі няпростай задачай справіліся абсалютна ўсе ўдзельнікі фестывалю. Гучалі вершы беларускіх аўтараў і класічныя творы рускіх пісьменнікаў. Разнастайнасць чытальніцкага рэпертуару прымушала гледачоў і смяяцца, і перажываць разам з юнымі акцёрамі, — расказала член журы намінацыі “Мастацкае слова”, актрыса тэатра і кіно, дацэнт кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Акулёнак. — Хацелася б адзначыць, што канкурсанты ў большасці сваёй на шляху да засваення прафесійных акцёрскіх азоў. Вельмі важным лічу зварот падрастаючага пакалення да знаёмства з кнігамі розных аўтараў. Пакаленне, якое цяжка зацікавіць папяровым носьбітам, у асобе маладых чытальнікаў парадавала перспектывай вяртання ў мастацкі свет літаратуры”.

Конкурсныя прагляды ў намінацыі “Тэатр моды” адбыліся 2 і 5 лістапада. Неверагодныя фактуры, разнастайнасць модных калекцый, цудоўныя мадэлі і незвычайнае дэфіле, часам з элементамі акрабатыкі і танцаў, — складнікі гэтай намінацыі. Члены журы адзначылі, што дызайнеры адлюстравалі ў сваіх калекцыях дух месца, дзе яны жывуць, яго ўнікальнасць і непаўторнасць. Загадчык аддзела моды і дызайну кіраўнік подыум-школы Fashion Style НЦМТДіМ Ігар Іваноў дадаў, што кожны конкурсны дзень “быў напоўнены творчасцю, пазітывам і добрым настроем, паміж канкурсантамі адбыўся абмен вопытам і ведамі”.

Яркасць, дынамічнасць, энергія і крэатыў

Гэта якасці намінацыі “Харэаграфія”, якая ўключыла ў сябе такія напрамкі, як народна-сцэнічны, народны стылізаваны, эстрадны танец, сучасная харэаграфія, бальны танец. Журы было ўражана палітрай харэаграфічнай творчасці дзяцей, якія паказалі танец у самых розных плоскасцях. Дарэчы, для некаторых калектываў пачынаць новы навучальны год фестывалем “Творчасць без меж” стала ўжо добрай традыцыяй. Так, узорны ансамбль танца “Натхненне” НЦМТДіМ штогод сустракаецца з найбольш моцнымі калектывамі нашай краіны менавіта ў час конкурсу. “Фестываль — гэта творчае ўзрушэнне для ансамбля, бо заўсёды з’яўляецца мноства новых і цікавых задум, а таксама ўзнікае жаданне быць першымі, якое і натхняе ўсю нашу творчую каманду думаць, тварыць, шмат працаваць і імкнуцца быць лепшымі, — прызналася педагог калектыву Галіна Крапіўніцкая. — Мы прадставілі два сучасныя нумары “А дрэвы рас­туць як людзі…” і прысвечаны тэме Халакосту “Я ма…”, пастаноўкай якіх займаўся Дзмітрый Бяззубенка. Звычайна пасля прэм’еры або чарговага паказу нумара на сцэне прыходзіць разуменне неабходнасці ўдасканалення і рэдагавання пастаноўкі. Любую тэму, якую наш ансамбль паказвае гледачу, мы прадстаўляем у выглядзе міні-спектакля, з сюжэтнай лініяй і мастацкімі вобразамі”.

Судзейскую калегію вельмі парадавалі нумары па сучаснай харэаграфіі: “Былі цікавыя знаходкі і добрыя танцоры. Я наогул у апошні час адзначаю, што менавіта па сучаснай харэаграфіі ў Мінску і ў цэлым у Беларусі вельмі высокі ўзровень дзіцячых калектываў. Некаторыя нумары нават можна было б паставіць дарослымі прафесійнымі танцорамі ў тым жа оперным тэатры, і гэта глядзелася б як сучасны добры спектакль”, — падкрэсліў кіраўнік тэатра сучаснай харэаграфіі НЦМТДіМ выкладчык кафедры харэаграфіі факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Залескі. У той жа час ён як прафесіянал пакрытыкаваў узровень народных калектываў: “На жаль, былі слабыя нумары, і ў гэтым са мной салідарныя і іншыя члены журы. Таксама далёка не ўсе нумары хіп-хопа і street dance спадабаліся. Я вельмі не люблю, калі робяць нумары без ідэі і з элементамі 90-х гадоў, калі людзі не валодаюць сучаснай танцавальнай лексікай. Таму параіў бы многім харэографам больш развівацца і хадзіць на майстар-класы, я таксама час ад часу наведваю іх і вучуся. Танцоры павінны ўвесь час развівацца, а гэтага не будзе без пастаяннай вучобы. А яшчэ я перакананы, што ўсе дзеці таленавітыя, і ўсё залежыць ад таго, у якія рукі яны трапяць”.

Думаю, гэта сапраўды слушная заўвага прафесіянала. Хоць ён, як і астатнія члены журы і канкурсанты, адзначылі высокі ўзровень самога фестывалю і яго выдатную арганізацыю. Пяць фестывальных дзён праляцелі, канкурсанты выдыхнулі, а арганізатары пачалі рыхтавацца да наступнага форуму, каб і ён атрымаўся яркім, насычаным, разнастайным, цікавым — незабыўным!


Фестываль-конкурс “Творчасць без меж” — яркая і маштабная па­дзея гэтай восені, якая аб’яднала 4500 юных артыстаў ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў. Гэта сапраўднае свята творчасці з прафесіянальным журы, якое ацэньвала канкурсантаў як вочна, так і дыстанцыйна ў 4 узроставых катэгорыях. “Творчасць без меж” — гэта свет усмешак, шчасця, дзяцінства і сяброўства, таленту і натхнення. Гэта мноства калектываў як з роднай Беларусі, так і з блізкага і далёкага замежжа. І няхай сёлетні форум завершаны, але ўжо варта пачынаць рыхтавацца да наступнага, каб у 2021 годзе не застацца незаўважаным!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.