Бязмежныя магчымасці настаўнікаў

- 15:45Нам пішуць

На працягу некалькіх гадоў у сярэдняй школе № 7 Навагрудка праходзіць дэкада педагагічнага майстэрства. Гэта традыцыйная форма метадычнай работы, якая стварае ўмовы для актыўных прафесійных зносін, распаўсюджвання педагагічнага вопыту, стымулюе педагогаў да пошуку шляхоў удасканалення адукацыйнага працэсу.

У рамках дэкады былі арганізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на актывізацыю дзейнасці вучняў, выкарыстанне ІКТ і развіццё творчага патэнцыялу.

Удзел у дэкадзе ўзялі 50 педагогаў. Зладзілі больш за 20 мерапрыемстваў: адкрытыя заняткі, майстар-класы, семінары-практыкумы, а таксама святы Дзень роднай мовы і Дзень кадэтаў.

***

Варта адзначыць вучэбныя заняткі настаўніцы гісторыі Таццяны Шмык “Рэфармацыя на тэрыторыі Беларусі” (па тэме “Рэалізацыя сучасных падыходаў у практыцы навучання”). Арганізаваўшы працу ў групах, яна стварала ўмовы для развіцця камунікатыўных здольнасцей навучэнцаў. Рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне часу на занятках, аптымальнасць тэмпу, чаргаванне розных відаў дзейнасці, мэтазгоднасць і эфектыўнасць выкарыстання нагляднасці і ІКТ — вось чым запомніўся ўрок навучэнцам і настаўнікам.

На вучэбных занятках настаўніцы рускай мовы і літаратуры Алены Гаравой па тэме “Ступені параўнання прыслоўяў” былі выкарыстаныя розныя формы: франтальная, індывідуальная, калектыўная. Прыём “Займі пазіцыю” спрыяў развіццю аналітычнага мыслення вучняў. Выкарыстанне ІКТ актывізавала пазнавальную дзейнасць вучняў, якія паказалі дастатковы і высокі ўзровень засваення вучэбнага матэрыялу.

Падзялілася сваімі педагагічнымі напрацоўкамі настаўніца фізікі Надзея Драніца. Яна правяла вучэбныя заняткі па тэме “Мадэляванне сучаснага ўрока фізікі. Законы пастаяннага току”. Выкарыстанне мультымедыя, дыдактычных картак, камп’ютараў спрыяла развіццю лагічнага мыслення. Практычная частка — развіццё эксперыментальных навыкаў навучэнцаў, уменне працаваць з электрычнымі ланцугамі. Настаўніца акцэнтуе ўвагу на тым, што веды, атрыманыя на ўроку, павінны знаходзіць прымяненне на практыцы, і прапануе разгледзець рашэнне эксперыментальных задач.

Цікавымі і пазнавальнымі былі заняткі настаўніка-дэфектолага Таццяны Антропавай “Выкарыстанне магчымасцей інтэрактыўнай дошкі ў навучанні навучэнцаў з АПФР. Прыметнік”. Настаўніца паказала розныя формы працы з інтэрактыўнай дошкай. Гульнявая форма выклікала не толькі вялікую цікавасць у вучняў, але і спрыяла актыўнаму засваенню вучэбнага матэрыялу. Для дасягнення пастаўленых задач былі выкарыстаны слоўны, часткова-пошукавы і наглядны метады.

Немагчыма ўявіць прадметную дэкаду без інтэлектуальных семінараў, майстар-класаў, за правядзенне якіх адказвалі кіраўнікі метадычных аб’яднанняў.

Наталля Макарэвіч з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання “Школа маладога спецыяліста”, таму семінар “Складнікі эфектыўнага ўрока” праходзіў у форме абмену ведамі паміж дасведчанымі настаўнікамі і іх маладымі калегамі. Прысутным прапаноўваліся пытанні па дыдактыцы, педагогіцы. Удзельнікі семінара вызначылі асноўныя якасці эфэктыўнага ўрока, супаставілі структуру традыцыйнага і сучаснага ўрокаў. Завяршальным этапам было мадэляванне фрагмента сучаснага ўрока маладымі спецыялістамі. Падзяліліся сваімі метадычнымі напрацоўкамі і дасведчаныя калегі.

Параўнальна новы сродак навучання, які ў кампактнай і даступнай форме здольны падаць усю інфармацыю, — гэта лэпбук. І гэтаму прыёму быў прысвечаны майстар-клас “Выраб і выкарыстанне лэпбукаў у адукацыйным працэсе”, які правяла настаўніца пачатковых класаў Алена Гаўрылюк. Прысутныя азнаёміліся з асноўнымі этапамі стварэння лэпбука, а Алена Калодка выступіла з прэзентацыяй створанага ёй лэпбука па матэматыцы “Разумная табліца” і расказала пра нестандартныя спосабы навучання дзяцей з АПФР. Настаўнікам была прапанавана самастойная работа па стварэнні адукацыйнага прадукту — лэпбука “Шэрая варона”.

Сучасны настаўнік заўсёды павінен ісці ў нагу з часам. Гэта пацвярджае практыкум, праведзены настаўніцай інфарматыкі Галінай Говар “Web-квэст як інтэрактыўная адукацыйнае асяроддзе”. Гэта адзін з найноўшых сродкаў выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Настаўнікі азнаёміліся са структурай Web-квэсту, яго папулярнымі формамі. Актуальнасць Web-квэсту ў тым, што ён дапамагае раскрыць адукацыйны патэнцыял сеткавых рэсурсаў, адвесці школьнікаў ад спажывецкага стаўлення да сеткі. У працэсе заняткаў настаўнікі вызначылі станоўчыя моманты такой тэхналогіі, а таксама выканалі заданні для Web-квэсту.

Марына Раманоўская правяла майстар-клас “Сеткавае ўзаемадзеянне настаўнікаў і вучняў з дапамогай новай версіі Googlе-сайтаў”. Настаўнікам была прапанавана праца з Google-дыскам і практычная работа па стварэнні сайта. Педагогі пераканаліся, што калі папярэдняя версія прызначалася для вопытных карыстальнікаў, якія разбіраюцца ў НТМL, то зараз працэс стварэння сайтаў стаў цалкам інтэрактыўны за кошт перацягвання і ўстаўкі патрэбных элементаў. Гэтыя заняткі выклікалі непадробную цікавасць ва ўсіх прысутных.

23 лютага, у Дзень кадэтаў, кожны кадэцкі клас падрыхтаваў прэзентацыю свайго класа, у якую ўваходзіла паказальная страявая падрыхтоўка. Паўсюль гучалі маршы, адбыліся кадэцкі міні-баль і выступленне кадэцкага хору. А завяршыўся Дзень кадэтаў адкрытай спартакіядай для навучэнцаў 10—11 класаў з удзелам супрацоўнікаў Навагрудскага РАУС, аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і лячэбна-працоўнага прафілакторыя № 5.

Мерапрыемствы нікога не пакінулі абыякавымі і даставілі задавальненне як настаўнікам, так і навучэнцам. Мы чарговы раз пераканаліся ў высокім педагагічным майстэрстве настаўнікаў, у іх бязмежных магчымасцях.

Алена КРЫВІЦКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Навагрудка.