“Бязважкасць”: мары спраўджваюцца

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Сертыфікаты міжнароднага ўзору ўдзельнікам унікальнага праекта па навучанні падводнаму плаванню са спецыяльнай падрыхтоўкай уручылі ў Віцебску

Падрыхтоўка валанцёраў у атрадзе “All inclusive. Усе ўключаны!”

“Бязважкасць” — упершыню рэалізаваная ў нашай краіне ініцыятыва па арганізацыі заняткаў дайвінгам у групе людзей з інваліднасцю. Асноўнымі задачамі дабрачыннага праекта з’яўляюцца засваенне навыкаў падводнага плавання, фізкультурна-аздараўленчая актыў­насць, зносіны і псіхаэмацыянальная адаптацыя ўдзельнікаў. Ідэя належыць трэнеру дайвер-клуба Stalker Віталю Элькіну і старшыні Беларускай федэрацыі падводнага спорту Вячаславу Рамановічу, яны ж узялі на сябе выдаткі па забеспячэнні абсталяваннем і навучанні. Партнёрам праграмы стаў старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Эдуард Авецісян.

— Праект прадугледжвае навучанне ў тэорыі і на практыцы, — расказаў Віталь Элькін. — Вада — тое асяроддзе, дзе можна адчуць сваё цела, развіць уменне кіраваць ім, зняць напружанне ў мышцах. Менавіта бязважкасць пад вадой робіць дайвінг даступным і прывабным з пункту гледжання рэабілітацыі і развіцця фізічных навыкаў лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі, таму што большасці з іх не хапае фізічнай актыўнасці. Дайвінг паляпшае фізічную падрыхтаванасць, удасканальвае работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм арганізма, спрыяе аднаўленню працаздольнасцi.

Значную дапамогу ў ажыццяўленні ініцыятывы аказалі гарвыканкам, абласны Савет дэпутатаў, упраўленне спорту і турызму аблвыканкама. Гарадскія ўлады дапамаглі з прадастаўленнем на бясплатнай аснове басейна для заняткаў у зручны час, аддзел спорту і турызму гарадскога фізкультурна-спартыўнага клуба “Віцебск” прапанаваў інструктараў-метадыстаў. Непасрэдны ўдзел у рэалізацыі праекта прынялі дырэктар ГФСК “Віцебск” Ігар Парэмскі, дырэктар СДЮШАР № 8, басейн “Маладосць”, Артур Церашкоў, інструктар па дайвінгу дайвер-клуба “Сталкер” Дзмітрый Казакоў, загадчык кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Таццяна Аленская, валанцёры Сяргей Гарбылёў, Карына Ваўчок і Расціслаў Курган (ВДМУ), Ларыса Канавалава і Дзмітрый Шышлоў (Віцебская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў).

— Гэта не проста сацыяльная праграма, у якой вучаць дайвінгу людзей з інваліднасцю, — адзначыла Таццяна Аленская. — Гэты праект накіраваны на атрыманне новых навыкаў, рэабілітацыю і сацыяльную адаптацыю, набыццё новых уражанняў і эмоцый. Ён дапамагае выканаць жаданне многіх людзей рухацца самастойна, адчуць паўнату жыцця. Адзін з важных момантаў праекта — пытанне ўзаемнай інтэграцыі, практыка-арыентаванае навучанне і валанцёрства. Студэнты ВДМУ валанцёрскага атрада “All inclusive. Усе ўключаны!” прайшлі на кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры практычнае навучанне па правілах інклюзіўнага этыкету, асноўных пытаннях медыка-сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі людзей з інваліднасцю. Атрыманыя веды былі паспяхова рэалізаваны ў хо­дзе міждысцыплінарнай работы праекта “Бязважкасць”.

Для стварэння бяспечных і камфортных умоў падчас заняткаў за кожным навучэнцам быў замацаваны персанальны інструктар. Бясплатныя заняткі праходзілі па міжнародным курсе навучання CMAS. У складзе першай групы — людзі з ампутацыяй ног і рукі, гемафіліяй, траўмай спіны, захворваннем ДЦП. Найбольш складанай аказалася практыка: удзельнікі даволі доўга прывыкалі да вады, пазбавіцца страху пагружэння разам з інструктарамі ім дапамагалі псіхолагі. Сертыфікаты міжнароднага ўзору, якія дазваля­юць не толькі здзяйсняць падводныя пагружэнні ў любой краіне свету, але і працаваць інструктарам па дайвінгу, 30 снежня ў Віцебскім лядовым палацы спорту ўрачыста ўручылі пяцярым, хто асвоіў праграму падрыхтоўкі ў поўным аб’ёме. З паспяховым завяршэннем навучання іх павіншаваў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў недастатковасць зробленага ў вобласці і горадзе для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі без перашкод займаліся спортам, наведвалі спартыўныя аб’екты. Праблема патрабуе вырашэння, і ў гэтым плане завяршэнне першага этапу “Бязважкасці” — знакавая падзея, а сама ініцыятыва і работа па яе ажыццяўленні — выдатны прыклад, неацэнны ўнікальны вопыт. Старшыня абласнога дэпутацкага корпуса выказаў шчырую ­ўдзячнасць арганізатарам і ўсёй камандзе праекта.

Па словах Вячаслава Рамановіча, сёння знаходзіцца ўсё больш жадаючых падтрымаць і далучыцца да дабрачыннай ініцыятывы. У перспектыве плануецца пашырыць колькасць навучэнцаў на курсах, у тым ліку прыцягваць да заняткаў дайвінгам дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена кафедрай медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.