Была б ідэя — рэалізаваць дапаможам!

- 15:03Апошнія запісы, Выхаваўчая прастора, Рознае

Днямі завяршыўся адбор фіналістаў вядомага конкурсу для маладых распрацоўшчыкаў і наватараў “100 ідэй для Беларусі”. Разавая акцыя, арганізаваная БРСМ, ператварылася ў маштабны праект, які прыносіць значную фінансавую карысць усяму грамадству. Дарэчы, сёлета ўпершыню можна атрымаць не толькі гранты на рэалізацыю праектаў, якія сёлета складуць каля 11 мільёнаў кожны з дзясятка лепшых, але і значныя грашовыя бонусы для іх аўтараў. Стаўкі зроблены. Пераможцы вызначацца ў студзені, а пакуль паглядзім, хто ж прэтэндуе на гэтае званне.

Стаўка на эканамічны эфект

Прамысловасць, хімічныя тэхналогіі, энергетыка, радыёэлектроніка, — без новых ідэй не засталася ні адна галіна. Дарэчы, як паказвае практыка, самыя лепшыя з іх ідэямі застаюцца зусім нядоўга. Так, мабільны дадатак “Хімія Х-10”, створаны школьнікам, а цяпер студэнтам БДУ Паўлам Бацылевым, спампавалі на свае гаджэты амаль 70 тысяч чалавек. Калі аналагаў гэтай праграме няма і дагэтуль, то тэхналогія Святланы Ліры па выкарыстанні палімерных дабавак пры ўкладцы асфальтабетону з поспехам замяніла імпартны аналаг і тым самым дазволіла сэканоміць дзяржаве значныя сумы. Праект па стварэнні доследна-прамысловай вытворчасці сілумінаў і кампазітаў на аснове алюмінію Паўла Лушчыка не толькі паспяхова рэалізоўваецца і ўжо патрабуе пашырэння вытворчасці — ён стаў лепшым маладзёжным інавацыйным праектам Саюзнай дзяржавы.
Сёлета таксама прапанаваны ідэі, якія абяцаюць неблагі эканамічны эфект. Некаторыя ўжо працуюць. Так, манаблокі дызеля М756, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловых цеплавозах і прыгарадных дызелях і ў Беларусі, і ў іншых краінах СНД, часта выходзяць са строю, але з-за нерамонтаздольнасці манаблокі проста замяняюцца на новыя, прычым толькі імпартныя. Інавацыйны спосаб іх аднаўлення Аляксандра Зянкевіча, маладога работніка чыгункі, ужо апрабаваны на спецыяльным участку дэпо Ліды і за год дазволіў дзяржаве сэканоміць амаль паўтара мільярда беларускіх рублёў.
Альтэрнатыву замежным матэрыялам знайшоў і Віктар Кудла, асістэнт кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Сярод лідараў у рэгіёне аказаўся і яго праект па выкарыстанні беларускага фтарапласту для лячэння ран парэнхіматозных органаў.
Прыемна ўразіў экспертаў і дзесяцікласнік гродзенскай школы № 34 Арсень Коласаў, які стварыў прататып біяморфнага робата, што паўтарае лакаматорныя рухі жывых арганізмаў, тэхнічна паўтарыў вынайдзеныя самой прыродай спосабы рухацца. “Чалавек для перамяшчэння прыдумаў кола, але гэта штучны спосаб, — тлумачыць Арсень. — Жывёлы ў прыродзе перамяшчаюцца з дапамогай крылаў, ног, плаўнікоў, і таму для іх практычна няма непраходных месцаў. Я хацеў стварыць робата, які паўтарае рухі каня, які хутка бегае, горнага казла, які лоўка карабкаецца, гепарда, які далёка скача, вадамера, які ўмее слізгаць па вадзе, — у залежнасці ад праграмы перамяшчэння”.
У перспектыве хлопец збіраецца стварыць такога робата ў большым маштабе, а потым — з выкарыстаннем прамысловых тэхналогій і з адпаведных матэрыялаў. Такі робат, на думку вынаходцы, можа быць незаменным у медыцыне, для патрэб праваахоўных і сілавых структур, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Універсальны робат-памочнік можа быць разведчыкам, сапёрам, ахоўнікам, патрульным, ратавальнікам, ён здольны свабодна пранікаць унутр памяшкання, падымацца па лесвіцах, удзельнічаць у эвакуацыі.
Цікавы праект прадставілі выхаванцы Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці — віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Ён уяўляе сабой рэсурс, у якім будуць дзве экспазіцыі — віртуальныя 3D-мадэлі — копіі ваеннай тэхнікі розных мадыфікацый і стралковая зброя. Тут можна будзе пачытаць тактыка- ці лётна-тэхнічную характарыстыку, гістарычную даведку, паглядзець відэаматэрыялы. Ёсць у музеі і інтэрактыўныя карты галоўных ваенных аперацый. Гульнявы модуль дазваляе карыстальніку прыняць удзел у рэальных падзеях восені 1942 года. У перспектыве аўтары праекта плануюць пашырыць і разнастаіць экспазіцыі і распрацаваць некалькі сцэнарыяў рэальных баёў. Будзе папаўняцца музей і інтэрактыўнымі ілюстрацыямі, анімацыйнымі фільмамі і фільмамі-рэканструкцыямі. Усё гэта дазволіць школьнікам бліжэй пазнаёміцца з падзеямі ваеннай гісторыі, што, на думку аўтараў, можна будзе выкарыстоўваць на тэматычных школьных уроках і пазакласных мерапрыемствах. Для завяршэння праекта неабходна больш дасканалая камп’ютарная тэхніка, дадатковая мультымедыялабараторыя, якая запланавана пры Цэнтры тэхнічнай творчасці. Таму, безумоўна, гэтую справу паскораць 50 мільёнаў рублёў, якія аўтары праекта атрымалі ад мэра горада падчас абласной выставы.

Шукаем сляды барока

Разнастайныя і карысныя праекты прадставілі жыхары Віцебшчыны. Так, сваю дапамогу ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя прапанаваў студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Барыс Канавальчук. Распрацаваныя ім вертыкальныя пандус-платформы без сумнення прыйшліся б даспадобы людзям, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату, яны б змаглі замяніць існуючыя сёння пандусы ці даць магчымасць зайсці ў тыя будынкі, дзе пандусаў увогуле няма.
У фінал трапілі адразу два вынаходствы навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Дуброўна. Адзінаццацікласнік Максім Кісялёў у альтэрнатыўную крыніцу энергіі пераўтварыў звычайныя дзверы, а дакладней механізм, які дазваляе ім адчыняцца і зачыняцца. Навучэнец 9 класа Яўген Богінаў распрацаваў датчык, які дапамагае вызначыць месца ўцечкі патокаў паветра. Аказваецца, нават папулярныя сёння вокны з ПВХ не панацэя ад уцечкі цяпла, і пры няправільным рэгуляванні падчас устаноўкі яны могуць прылягаць няшчыльна. Каб высветліць гэта, дастаткова правесці прыборам па перыметры: калі ваша жытло дзеліцца сваім цяплом з вуліцай, загараецца чырвоны святлодыёд. Дарэчы, прастату і эфектыўнасць ужо ацанілі віцебскія інжынеры-энергетыкі падчас прэзентацыі на выставе ў Віцебску, дзе і правялі тэст-драйв.
Студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта прыгажуня Ганна Мядзелец не толькі на сцэне падчас конкурсу “Міс Беларусь” паказала сваю добразычлівасць і дружалюбнасць. У жыцці дзяўчына таксама цэніць сяброўства, ёй цяжка ўявіць сябе без сяброў. Да таго ж яна вырашыла дапамагчы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны пабудаваць анлайн-масты паміж імі і іх франтавымі сябрамі, сустракацца з якімі многім складана. Для гэтага яна выкарыстала сучасныя гаджэты.
Наталля Дзмітрыеўна Мядзведзева выкладае права ў Віцебскім дзяржаўным прафесійным ліцэі імя М.П.Шмырова, але па першай адукацыі яна менеджар па турызме і таму ў ліцэі стала кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа”. Журы высока ацаніла распрацаваную яго выхаванцамі экскурсію “Застылая музыка барока”. Гэты маршрут дазволіць патэнцыяльным турыстам акунуцца ў гісторыю мастацка-культурнай спадчыны Віцебска і адчуць асалоду ад уік-энду ў Віцебску. “Нашы выхаванцы не толькі вучацца ствараць такія турыстычныя маршруты, самі атрымліваюць асалоду ад вандровак, але, атрымаўшы сертыфікаты экскурсаводаў, зарабляюць на правядзенні ў вольны ад заняткаў час экскурсій. А часам у дзяцей распрацаваныя экскурсійныя маршруты выкупляюць турыстычныя фірмы”, — адзначае Наталля Дзмітрыеўна.

Ад цукровага дыябету выратуе тапінамбур?

Па задумцы Вольгі Масольд, інжынера аддзела жыллёвай камунальнай гаспадаркі, аўтара праекта “Падарожжы Маграяшы”, пашыраць кругляд, знаёміцца з помнікамі архітэктуры, гісторыі, прыроды і культуры, вядомымі падзеямі і асобамі Беларусі можна і падчас звыклых штодзённых маршрутаў. Праекты-эскізы на тэматычнае афармленне прыпынкаў будуць прадстаўлены ў фінале.
Трапіў у лік лепшых ідэй Магілёўшчыны і праект студэнтаў 2 курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яны прапаноўваюць пабудаваць завод па перапрацоўцы тапінамбуру, нават прадставілі яго макет. “Сыравінай для завода стане высокаўраджайная і непатрабавальная культура, якая ўтрымлівае ў сабе вялікія канцэнтрацыі такіх карысных рэчываў, як пекцін і інулін. Яны замаруджваюць развіццё цукровага дыябету, паляпшаюць страваванне, ачышчаюць арганізм ад шлакаў і таксінаў — карысць іх можна пералічваць доўга, — гаворыць адзін з аўтараў Валянцін Аланазараў, студэнт БСГА. — Тэхналогія перапрацоўкі комплексная, на ўсіх этапах вылучаюцца карысныя рэчывы, а з іх адходаў вырабляюць пратэінавыя зялёныя канцэнтраты, якія з поспехам можна выкарыстоўваць для харчавання жывёлы”.
Школьніца Карына Шведава і супрацоўніца Ленінскага раённага камітэта БРСМ Дар’я Лазоўская прадставілі электронную гульню “Сакрэты беларускай мовы”. З яе дапамогай карыстальнікі змогуць з лёгкасцю навучыцца правільна пісаць па-беларуску, засвояць правілы і асаблівасці правапісу. Навучэнец Глускай гімназіі Канстанцін Костка (кіраўнік — настаўнік працоўнага навучання Міхаіл Уладзіміравіч Шарамет) прапанаваў увазе дзеючыя эксперыментальныя мадэлі гідраэлектрастанцыі для атрымання электрычнай энергіі за кошт цячэння вады ў рацэ без пабудовы плаціны. Цікавую прыладу — перфапамочнік — распрацавала Ангеліна Бузурная, навучэнка Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна.

Цяпло забяспечаць рапсавыя палі

Прэзентацыя інавацыйных распрацовак Гомельшчыны таксама ўвабрала ў сябе цікавыя і неардынарныя прапановы маладых наватараў. Гэта і праекты, накіраваныя на развіццё інтэрнэт-тэхналогій, сельскай гаспадаркі і валанцёрскай дзейнасці, паляпшэнне рэстараннага сэрвісу, экалагічна-бяспечнай вытворчасці і шмат іншых ідэй.
Напрыклад, маладыя спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства “Брагін-аграсэрвіс”, якое спецыялізуецца на вытворчасці алею з рапсавага семя, сумесна са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога прапанавалі ідэю пераўтварэння адходаў у даходы. З рапсавай макухі, якая застаецца пасля вытворчасці алею, з дабаўленнем саломы можна атрымліваць энергаэфектыўныя і адначасова бяспечныя паліўныя прадукты. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту прадставілі прапановы па выкарыстанні экзашкілетаў, накіраваных на павелічэнне сілы чалавека, якія можна прымяняць у фізічнай працы і медыцынскай галіне.
Удзел у фінале Галіне Ласаевай, галоўнаму спецыялісту Навабеліцкай раённай арганізацыі БРСМ, забяспечыў яе сацыяльны праект “E-People — электронныя паслугі ўсім без выключэння”. Праект накіраваны на тое, каб дапамагчы насельніцтву разабрацца з магчымасцямі атрымання электронных дзяржаўных паслуг і практыкай іх выкарыстання. “Гэты рэсурс будзе асабліва карысны для людзей старэйшага пакалення, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца самымі актыўнымі карыстальнікамі дзяржаўных паслуг, а з другога — ім цяжэй за ўсё даюцца новыя метады работы, — гаворыць Галіна Вячаславаўна. — У рамках праекта плануюцца бясплатныя семінары на базе дзяржаўных устаноў і арганізацый, праводзіць якія будуць дапамагаць “інфармацыйныя валанцёры”. Акрамя таго, будзе створаны дадатковы сайт, дзе будзе змяшчацца інфармацыя пра час і месца правядзення чарговага семінара. Для тых, хто авалодае практычнымі навыкамі атрымання электроннай дзяржаўнай паслугі, на сайце будуць размешчаны спасылкі на web-сайты органаў дзяржаўнай улады, мабільныя плацежныя сістэмы, адзіны партал электронных паслуг”.

Была школа звычайная, стане зберагальная

Пераўтварэнне энергіі ветру ў электрычнасць, энергазберажэнне, бія- і нанатэхналогіі — у самых розных сферах прадставіла свае праекты моладзь Мінска і Міншчыны. Адным з новаўвядзенняў мінскага этапу конкурсу стала адкрытая прэзентацыйная пляцоўка ўдзельнікаў і публічны фармат пасяджэнняў экспертнага савета. Падчас абароны праектаў былі арганізаваны майстар-класы прафесійнай і аматарскай накіраванасці. Падчас выставы праводзілася галасаванне сярод наведвальнікаў.
Аспіранты навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ прадставяць і ў фінале сваю распрацоўку — аналагі замежных супрацьпухлінных прэпаратаў для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў тэмадэкс і праспідэлонг. Як адзначаюць аўтары, бліжэйшы аналаг па эфектыўнасці каштуе каля 18 тысяч долараў за ўпакоўку. Кошт жа распрацаваных айчынных прэпаратаў складзе каля 300 долараў, што ў 60 разоў ніжэй за замежныя.
Супрацоўнікі замежнага таварыства “Рэкардз менеджмент” не любяць траціць час, стоячы ў чэргах. У якасці вырашэння гэтай праблемы яны прапанавалі сайт Ocheredi.by, дзе будуць размяшчацца ўсе сацыяльна значныя аб’екты Беларусі. Яго перавагі ў тым, што любы жадаючы зможа не толькі скарыстацца паслугамі ў адным напрамку (напрыклад, талон да ўрача), але і стаць у электронную чаргу ў розных напрамках, пачынаючы ад абанемента ў басейн і заканчваючы пастаноўкай у яе дзіцяці для атрымання месца ў дзіцячым садку. Усе паслугі будуць праходзіць з мінімальным электронным плацяжом, сродкі з якога будуць перанакіроўвацца на дабрачыннасць і на стварэнне новых праектаў на аснове сайта.
У фінале за гранты будзе весці барацьбу і выпускнік Пліскай сярэдняй школы Іван Клячкоўскі, аўтар праекта “Памочнік турыста”. Гэта вынаходства для тых, хто збіраецца ў падарожжа, але не ведае англійскай мовы. Яно ўвабрала ў сябе карысныя парады і самыя распаўсюджаныя англійскія фразы. Цяпер юнак працуе над функцыяналам і дапаможнікам, дзякуючы якому можна будзе не толькі праслухаць патрэбную фразу, але і пачаць вывучэнне англійскай, а ў перспектыве і нямецкай мовы.
Перспектыўную мадэль мадэрнізацыі тыпавога будынка школы 70-х гадоў мінулага стагоддзя і пераўтварэнне яе ў школу ўстойлівага развіцця прапанавалі навучэнцы Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы Глеб Гоцман і Андрэй Малькевіч. Яны распрацавалі праект і макет энергаэфектыўнай школы з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій, у тым ліку і тых, якія выкарыстоўваюць у якасці альтэрнатывы традыцыйным энерганосьбітам другасную сыравіну і аднаўленчыя віды прыродных рэсурсаў.
Сур’ёзная заяўка на поспех у Аляксандра Хацкевіча, маладога спецыяліста ААТ “БелАЗ”. Ён сканструяваў падвеску для транспартных сродкаў вялікай грузапад’ёмнасці. Гэта дасць дадатковую ўстойлівасць грузавікам падчас пад’ёму вялікіх грузаў.

Замест катара і каманды спецыялістаў — маленькі робат

Праекты моладзі Брэстчыны мелі пераважна сацыяльны напрамак. Так, Вольга Мельнічук, студэнтка БрДТУ, прадставіла праект будынка дзіцячага рэабілітацыйнага анкалагічнага цэнтра. Яго асаблівасць у самой планіроўцы, якая дазволіць выхаванцам цэнтра адчуць сябе як дома. Навучэнец сярэдняй школы № 7 Брэста Іван Федарук стварыў універсальны індыкатар напружання, электрамагнітнага поля і інфрачырвонага выпраменьвання. Па словах хлопца, прылада можа знайсці простыя няспраўнасці ў электраправодцы, праверыць спраўнасць радыёэлементаў і прылад і шмат чаго яшчэ. Навізна вынаходства ў тым, што пры нізкім напружанні (1,2 В) яно выконвае ажно 12 функцый, якія адсутнічаюць у мультыметрах і ў большасці прамысловых індыкатараў.
У краіне наладжаны збор батарэек, але прадпрыемства па іх перапрацоўцы пакуль яшчэ няма. Свае ідэі на гэты конт прапанавалі брэстаўчане. Праект зацікавіў не толькі мясцовых кіраўнікоў — ужо падпісаны дагавор па яго рэалізацыі з польскімі інвестарамі. Станіслаў Філіманюк, аўтар ідэі, зазначыў, што складзіраванне батарэек уяўляе вялікую небяспеку для экалогіі. Акрамя таго, рэалізацыя гэтага праекта дазволіць здабываць элемент літый на тэрыторыі нашай краіны. Па-першае, ён вельмі дарагі, па-другое — незаменны ў медыцыне, многіх галінах прамысловасці.
Свае перспектыўныя ідэі прадстаўнікі лабараторыі робататэхнікі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта прапануюць ужо не ўпершыню. Цяпер на суд журы яны прадставілі сапраўднае міні-судна, якое можа рухацца аўтаномна з прымяненнем GPS. Яно прызначана для збору даных пра вадаём з прывязкай да карты. Таксама яго можна выкарыстоўваць для забору проб вады, вымярэння глыбіні вадаёма, тэмпературы вады, салёнасці і іншай інфармацыі, якая неабходна для ацэнкі экалагічнага стану вадаёма, прагназавання і маніторынгу паводак. Як патлумачыў Антон Канашук, студэнт БрДТУ, раней для гэтага трэба было наймаць катар і каманду спецыялістаў, а цяпер гэтую работу можа замяніць маленькі робат.

Сістэма стартапаў многім дапаможа рэалізавацца

“Важна, каб наш праект не быў абмежаваны канкрэтнымі мэтамі, задачамі, іх вырашэннем, а стаў пастаянна дзеючым, — падкрэсліла Алеся Віннік, каардынатар конкурсу. — Таму ў гэтым годзе мы вырашылі зрабіць яго міжведамасным конкурсам, які стаў кансалідуючым звяном на ўзроўні краіны. У гэтым годзе распрацавана дакладная сістэма грантаў. Акрамя таго, у цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам эканомікі мы плануем выпрацаваць сістэму стартапаў. Аўтарам ідэй для іх рэалізацыі неабходна ведаць, як правільна пісаць праекты, складаць бізнес-планы, арыентавацца на рынку працы і разумець, куды рухацца далей у сучаснай эканамічнай сітуацыі. Усяму гэтаму яны будуць вучыцца на семінарах і трэнінгах. Акрамя таго, з мэтай падтрымкі і навучання крэатыўнай моладзі БРСМ мы наладзілі супрацоўніцтва з расійскім фондам “Сколкава”, прапрацоўваецца магчымасць удзелу пераможцаў конкурсу ў летнім лагеры расійскага Адкрытага ўніверсітэта Сколкава”.
Наступны 2015 год — гэта год маладзёжных ініцыятыў. І сёння кожны можа быць упэўнены, што іх не толькі выкажуць і пачуюць, але і падтрымаюць.

Святлана НІКІФАРАВА.