Былі ўсе разам

На базе цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.п. Вялікая Бераставіца прайшоў раённы этап спартыўнага конкурсу па развіцці рухальнай актыўнасці для дзяцей “Усе разам”. Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння адаптыўных магчымасцяў дзяцей, фарміравання талерантнага стаўлення да іх грамадства.

Дзеці з азартам і цікавасцю выконвалі ўсе конкурсныя заданні: прапаўзалі праз тунэль, збівалі кеглі, збіралі “ўраджай”, перадавалі мяч адзін аднаму ў парах і інш. Выконваць спартыўныя заданні дапамагалі клапатлівыя валанцёры атрада “Добрае сэрца” — вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Яны падтрымлівалі дзяцей-інвалідаў і аказвалі дапамогу ў выкананні спартыўных заданняў. Удзельнічаючы ў такіх мерапрыемствах дзеці набываюць станоўчыя ўражанні і вопыт узаемадзеяння.

Узнагародай для дзетак былі ўсмешкі гасцей, шчодрыя апладысменты і, вядома ж, падарункі, якія прадаставілі нязменныя спонсары — аддзел па аказанні страхавых паслуг па Береставіцкім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Свіслацкім раёне (начальнік А.У.Шыплюк). Алена Уладзіміраўна павіншавала дзяцей з поспехам і ўручыла салодкія прызы, канцтавары і спартыўны інвентар.

У жыцці вельмі важна працягваць руку дапамогі тым, каму гэта патрэбна, і адкрываць сваё сэрца, як у чарговы раз гэта зрабілі валанцёры Вялікабераставіцкай СШ.

Аксана КУДЛАШ,
сацыяльны педагог ЦКРНіР г.п. В. Бераставіца.