Было складана, але вынік таго варты

- 16:45Спартыўныя падзеі

Ёй усяго 20, а яна ўжо чэмпіёнка свету і бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў. Аліна Гарнасько — новая зорка сусветнай мастацкай гімнастыкі. Як ёй удалося дасягнуць такой вышыні і ці ёсць куды расці? Падводзім вынікі крутога сезона ў нашым інтэрв’ю.

— Аліна, нягледзячы на юны ўзрост, ты паспяховая спарт­сменка. Давай вернемся ў пачатак кар’еры. Калі пачаўся твой шлях да п’едэстала?

— У 3 гады бацькі аддалі мяне на мастацкую гімнастыку. Я была актыўным дзіцем, і сям’я вырашыла накіраваць маю энергію ў правільнае рэчышча. Першапачаткова магла апынуцца ў секцыі па каратэ, але ў гэтай дысцыпліне дзеці пачынаюць пазней, таму пайшла на гімнастыку. Першыя крокі рабіла ў “Працоўных рэзервах”: мы жылі непадалёк. Да 10 гадоў займалася ў Ірыны Аляксандраўны Старасвецкай, потым трапіла да алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Вікенцьеўны Лобач. І пайшлі перамогі.

— І пачалося? Ці ўсё ж узнікалі складанасці?

— Без праблем не абышлося. Напрыклад, у 5 гадоў я ледзь не кінула заняткі. Канкрэтнай прычыны не было, проста прыняла такое ўсвядомленае рашэнне (усміхаецца). Прыкладна на паўгода закінула секцыю, але потым сумеснымі намаганнямі бацькоў і трэнера мяне ўгаварылі.

Першыя крокі ў гімнастыцы таксама былі няпростымі. Доўгія трэніроўкі, складаныя практыкаванні, расцяжка… У 3 гады не разумееш, навошта ўсё гэта, але з часам уцягнулася. Паўдзельнічала ў першых спаборніцтвах, і з’явілася цікавасць, жаданне перамагаць.

— У многіх дысцыплінах пераход у прафесіяналы спарт­сменам даецца нялёгка. Цябе гэтая праблема абышла бокам?

— Мастацкая гімнастыка — дастаткова юны від спорту. У іншых кірунках пераход на сур’ёзны ўзровень пачынаецца ў 15—16, а то і ў 20 гадоў. У нас — значна раней: прыкладна ў 10—13 гадоў стартуе твая прафесійная кар’ера. Напрыклад, у 13 у мяне быў першы юнацкі чэмпіянат Еўропы, а з 15 гімнастка лічыцца ўжо дарослай і выступае па майстэрскай праграме. У гэтым узросце бывае складана правільна настроіцца на выступленне, стрымаць эмоцыі. Упачатку і ў мяне была такая цяжкасць, але з кожным стартам я станавілася больш упэўненай у сабе. Вопыт вырашае.

— У які момант ты зразумела, што мастацкая гімнастыка — тваё прызванне?

— Нейкага пэўнага штуршка не адбылося. Калі ёсць вынік — зараджаешся матывацыяй. За­плюшч­ваеш вочы на ўсе пера­шкоды, якія давялося пераадолець на шляху да вяршыні. Разумееш, што знаходзішся на сваім месцы.

— Твае дасягненні гаво­раць самі за сябе. Як прахо­дзіла падрыхтоўка да трыумфальнага чэмпіянату свету ў Кітакюсю?

— Асновы закладваліся на працягу ўсяго мінулага года. Тады трэніровачны працэс быў арганізаваны так, каб зборная краіны падышла да Алімпійскіх гульняў у Токіа ў сваёй лепшай форме. З-за пандэміі Алімпіяду перанеслі, але мы працягвалі рыхтавацца. Жылі на базе, трэніраваліся 24/7. Без жартаў: кожны дзень два заняткі па восем гадзін. У 2021 го­дзе аднавіліся спаборніцтвы, і, дзякуючы стараннай падрыхтоўцы, у Токіа мы былі на піку формы.

Так супала, што ў год Алімпійскіх гульняў праходзіла і сусветнае першынство. Пасля невялікага адпачынку я паспяхова выступіла на чэмпіянаце рэспублікі, а потым адбыўся міжнародны выезд, пасля якога мяне нагнаў COVID-19. Вельмі перажывала, таму што была верагод­насць прапусціць адзін з галоўных стартаў сезона. Цэлы тыдзень хварэла, але верыла, што змагу падысці да чэмпіянату свету ў добрай форме. Нават старалася трэніравацца ў дамашніх умовах. На паўнавартасную падрыхтоўку да турніру засталося ўсяго восем ці дзевяць дзён — гэта, безумоўна, мала. Была праведзена вельмі складаная работа, але вынік таго варты. Гэта мая асабістая перамога, бо я вельмі хацела вярнуцца ў Японію, на чэмпіянат свету, прадстаўляць сваю краіну. Шчаслівая, што ўсё атрымалася.

Усе 17 гадоў, што займаюся спортам, я марыла падняцца на п’едэстал Алімпіяды і чэмпіянату свету — самых статусных спаборніцтваў у мастацкай гімнастыцы. Але ніколі не загадваю наперад. Галоўнае — набраць добрую форму і выступіць без траўм.

Не скажу, што ў Кітакюсю справілася беспамылкова: падчас праграмы з булавамі адбылася страта прадмета. Але вынік гаворыць сам за сябе. Нягледзячы на хваробу, добра падрыхтавалася, сабралася ў патрэбны момант і паказала максімум. Сваю ролю адыграла ўсё: жаданне перамагчы, адказнасць, сіла волі, прыродны талент.

— Калі меркаваць па дасягненнях, тваё кароннае практыкаванне — стужка. І ў Токіа, і ў Кітакюсю яна прынесла найвышэйшы вынік.

— Не змагу вылучыць нейкае адно практыкаванне. Усе кампазіцыі, якія былі ў гэтым го­дзе, па-свойму добрыя. Магчыма, стужцы мы ўдзялілі найбольш увагі, таму што ад яе многае залежыць. Яна ідзе апошнім відам праграмы і ставіць кропку ўсяго выступлення. На яе ўплываюць і кліматычныя ўмовы: шасціметровая тканіна ўбірае ў сябе нават вільгаць ад кандыцыянераў. Таму так і магло здацца, бо, як гаво­рыць галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Юр’еўна Ляпарская, “стужка заўсёды робіць вынік”.

— Ты казала, што вялікую ролю ў тваім станаўленні як спартсменкі адыграла Марына Вікенцьеўна Лобач.

— Мой настаўнік заўсёды побач, на сувязі 24/7. З Марынай Вікенцьеўнай працую ўжо 10 гадоў. Разам мы шмат праз што прайшлі. Быў і пераходны ўзрост (усміхаецца), і траўмы, і аднаўленне — усё пераадолелі. Я ёй вельмі
ўдзячна.

— Зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы на чэмпіянаце свету ў Японіі паказала лепшы вынік у гісторыі. За кошт чаго гэта стала магчымым?

— Мы выдатна падцягнуліся падчас пандэміі. Правялі каласальную работу і да канца мінулага года выйшлі на іншы ўзровень. Дзякуючы гэтаму, увесь 2021 год дэманстравалі вельмі добрыя вынікі на ўсіх стартах, заваёўвалі медалі. Руплівая праца пад чулым кіраўніцтвам трэнераў прынесла свой плён.

— Ведаю, што ты любіш размалёўваць булавы перад выступленнем. Гэта асаблівы рытуал на поспех?

— Так, ёсць такое хобі (усміхаецца). Кожная гімнастка ўпрыгожвае прадмет, як ёй зручна. Хтосьці тэйпам абмотвае, хтосьці стужку размалёўвае, іншыя, наадварот, адмаўляюцца ад усяго лішняга. Я люблю размалёўваць.

— У тваёй скарбонцы ўзнагарод “золата” чэмпіянату свету і “бронза” Алімпіяды. Яшчэ ёсць куды расці?

— Несумненна! У мастацкай гімнастыцы будуць вялікія змяненні ў правілах. Мы пачалі падрыхтоўку да новага сезона, і наперадзе шмат работы. Цяпер трэба заняцца пошукам музыкі, распрацаваць новую праграму… Увогуле, усё з нуля.

— А ёсць нейкая запаветная мара — трафей, які стаў бы вянцом тваёй калекцыі?

— Вядома, але пра гэта не ўголас (усміхаецца).

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Марыі КОЖДАН.