Былых настаўнікаў не бывае

- 9:55Авторские колонки, Мнение

Дзень пажылых людзей — выдатная нагода сказаць добрыя словы ў адрас ветэранаў педагагічнай працы.

Ігар ГРЭЧКА

Кожная камандзіроўка журналістаў “Нас­таўніцкай газеты” напоўнена цікавымі сустрэчамі з педагогамі — філолагамі і матэматыкамі, гісторыкамі і хімікамі, фізікамі і лірыкамі, маладымі спецыялістамі і вопытнымі прафесіяналамі… І ў гэтым спісе асаблівае месца займаюць ветэраны педагагічнай працы, героі нашай пастаяннай рубрыкі “Настаўнік назаўжды”.

Гэта яны аддалі не адзін дзясятак гадоў навучанню і выхаванню маладога пакалення. Гэта яны дзеляцца багатым вопытам з калегамі. І гэта яны, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягваюць сеяць у маладых сэрцах разумнае, добрае, вечнае.

Асабіста для мяне сустрэчы з ветэранамі — заўсёды прыемная падзея. І не толькі таму, што можна з першых вуснаў даведацца пра развіццё айчыннай сістэмы адукацыі ў розныя гістарычныя эпохі, пачуць слушнае меркаванне пра тыя ці іншыя працэсы развіцця сучаснай беларускай школы. Такія сустрэчы — яшчэ і цудоўная магчы­масць атрымаць карысныя жыццёвыя і прафесійныя парады.

Незабыўнай стала нядаўняя сустрэча ў Жыткавічах з 98-гадовай Нінай Фёдараўнай Цырыбка. На пытанне, якімі рысамі павінен валодаць настаўнік, вопытны педагог не раздумваючы назвала справядлівасць. На яе думку, калі быць справядлівым, у першую чаргу ў ацэнцы ведаў вучняў, то можна лёгка заваяваць іх любоў, стаць аўтарытэтам…

З Нінай Фёдараўнай мы гутарылі доўга. Гаварылі і пра арганізацыю адукацыйнага працэсу ў складаныя даваенныя і пасляваенныя часы, і пра асаблівасці выхавання савецкіх і сучасных школьнікаў, і пра ўзаемаадносіны ў настаўніцкім калектыве. Адна з галоўных думак, якую я вынес з гэтай размовы, — былых настаўнікаў не бывае.

Як прызналася ветэран працы, ужо 38 гадоў мінула з таго часу, як яна пайшла на пенсію, але і цяпер сумуе па школе, па звонкіх галасах дзяцей, уроках. Пры любой нагодзе, калі дазваляла здароўе, прыходзіла ў школу: то на святочныя лінейкі, то на вечары сустрэчы з выпускнікамі. Цяпер жа з радасцю сустракае былых калег, вучняў у сваім утульным доме, хоць такія сустрэчы адбываюцца не так і часта, як ёй хацелася, бо многіх, каго ведае жанчына і з кім звёў яе на жыццёвых дарогах лёс, ужо няма побач.

Сумуе па школе не толькі Ніна Фёдараўна. Многія настаўнікі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, і праз гады не могуць уявіць сябе без школы. Яны з радасцю даюць парады малодшым калегам, стараюцца быць у курсе апошніх адукацыйных навін, ведаюць, чым жыве сучасная сістэма адукацыі, таму і працягваюць з задавальненнем чытаць “Настаўніцкую газету”. Педагогіка — гэта сапраўды прызванне, лад жыцця.

Хутка Дзень настаўніка. Не забудзем павіншаваць нашых педагогаў, у тым ліку тых, хто на заслужаным адпачынку. Ім будзе прыемна пачуць добрыя словы, узгадаць школьнае жыццё, бо былых настаўнікаў не бывае.

Фота на прэўю pixabay.com