Быць актыўнымі і мэтанакіраванымі

- 12:17Адукацыйная прастора

У рамках рэспубліканскага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, арганізаванага Міністэрствам адукацыі Беларусі, вучні 8—11 класаў сярэдняй школы № 18 Брэста абмеркавалі сучасныя традыцыі нашай краіны, дзяржаўную палітыку ў рабоце з адоранай моладдзю, развіццё спорту і іншыя пытанні.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі юныя хакеісты школы — трэцякласнік Кірыл Галавій і дзесяцікласнік Павел Сашчанкоў. Хлопцы паспяхова сумяшчаюць штодзённыя трэніроўкі з вучобай, маюць узнагароды за перамогі ў турнірах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Вучні расказалі, як прыйшлі ў спорт і да чаго імкнуцца ў жыцці. Сваім прыкладам яны паказалі, што калі настойліва працаваць, то можна дасягнуць поспеху ў любімай справе.

Гэта пацвердзіў і госць мерапрыемства, афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў Міжнароднай федэрацыі каратэ, генеральны дырэктар Беларускай федэрацыі кёкусінкай будо каратэ, уладальнік 6 дана па каратэ кёкусінкай, 2 дана па джыу-джыцу, шыхан Д.Э.Аляхновіч. У дзяцінстве ён любіў ганяць шайбу пасля школы, але з часам захапіўся адзінаборствамі, якім і вырашыў прысвяціць жыццё. Ён заўсёды марыў, каб на чэмпіянаце свету па каратэ быў сярод сцягоў краін-удзельніц і сцяг роднай Беларусі. І гэтая мара здзейснілася.

— Вы толькі ў пачатку доўгага і цікавага жыццёвага шляху. У вас шмат сіл і магчымасцей. Пастарайцеся выкарыстаць іх цалкам і з карысцю, — параіў Д.Э.Аляхновіч школьнікам.

Таццяна МУХАРОЎСКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 18 Брэста.