Быць бацькамі, стаць бацькамі…

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Мае ўяўленні аб многадзетнай маці цалкам змяніліся, калі я завітала ў кватэру Маёравых. Сустрэла мяне тоненькая прыгожая маладая жанчына. Наталлі Юр’еўне Маёравай у канцы лістапада споўніцца 29 гадоў. Разам з мужам-аднагодкам Яўгенам Міхайлавічам яны выхоўваюць зараз шасцёра дзетак.

Тры і яшчэ тры. Вось такі расклад у гэтай сям’і. Да сваіх дзяцей Дар’і, Насці і Кірыла далучыліся Данік і Аляксандр. Віця, якому толькі адзін год і сем месяцаў, з’явіўся некалькі месяцаў назад.
Гэтая прыёмная сям’я нарадзілася ў знакавы час — 7 студзеня 2015 года, у Нараджэнне Хрыстова, калі ў ёй канчаткова пасяліліся новыя члены і Наталля Маёрава атрымала статус прыёмнай маці. Да рашэння аб такім павароце лёсу муж і жонка прыходзілі разам. Як гаворыць Наталля, у душы гэтае жаданне жыло даўно. Але аднаго парыву душы мала. Як і ў многіх іншых прыёмных сем’ях, быў перыяд, калі Даніка і Сашу забіралі на выхадныя дні і канікулы, былі субяседаванні з псіхолагамі і супрацоўнікамі дзяржаўных органаў, медыцынскія абследаванні. Рыхтавалі да папаўнення і ўласных дзяцей, бо без іх згоды такое рашэнне таксама было б немагчымым. Як гаворыць Наталля, цяжкасцей у наладжванні кантакту ў дзяцей не было.— Адзін раз, калі Данік чарговы раз быў у нас дома і вечарам я збіралася адвесці яго ў дзіцячы дом, падчас вячэры ён пачаў плакаць. Калі запыталася, што здарылася, ён не мог нічога адказаць. Тады я зразумела, можа, толькі часткова зразумела, што адбываецца ў душы 6-гадовага чалавека, калі яму трэба вяртацца, няхай у самы ўтульны, але не свой дом, дом, дзе няма бацькоў, братоў і сясцёр, — расказвае Наталля.
Цяпер Данік ходзіць у першы клас школы-новабудоўлі, якая адкрылася недалёка ад дома, дзе ён жыве ў вялікай дружнай сям’і. У гэтай жа школе вучацца Даша і Насця. Праўда, дзяўчынкі — у другую змену. Данік абавязкова тэлефануе маме, што ён ужо ў школе, бо тата Жэня вязе потым Сашу і Кірыла ў дзіцячы садок. Садок не побач з домам, таму мама, тата, Данік, Саша і Кірыл устаюць рана, а вось Дашы, Насці і Віцю можна паспаць крыху даўжэй.
Першая змена пачынаецца для мамы а шостай гадзіне. Адправіць дзяцей у школу і садок, тату — на работу. Потым пачынаецца час гатавання ежы, прыбіранне. Наталля стараецца хатнія справы зрабіць да абеду, каб потым пагуляць з дзецьмі на вуліцы, дапамагчы з урокамі, паўдзельнічаць у гульнях. І толькі пасля дзевяці гадзін вечара, калі дзеці ідуць спаць, наступае адносна вольны час для бацькоў.
Так, адносна вольны, асабліва зараз, калі ў сям’і з’явіўся маленькі Віця. Узяць яго прапанавалі Маёравым на некаторы час. Першы раз Наталля ўбачыла Віцю ў інфекцыйнай бальніцы. Ва ўзросце год і два месяцы хлопчык яшчэ не хадзіў. Наталля не змагла адмовіцца. Дзіця будзе знаходзіцца ў Маёравых да таго часу, пакуль не вырашыцца пытанне з яго роднай мамай: ці зможа жанчына асэнсаваць сваё жыццё і зразумець, што галоўнае шчасце жанчыны — гэта дзеці.
Наталля расказвае, што на нейкім этапе свайго жыцця, калі ўласныя дзеці падраслі, а яна шмат часу аддавала рабоце, стала задумвацца аб прыярытэтах. Што ж галоўнае: дзеці, іх выхаванне, сям’я ці прафесійнае ўдасканаленне? Для сябе вырашыла: дзеці і сям’я. А потым адчула патрэбу дапамагчы і іншым дзецям.
— Наша задача як прыёмных бацькоў — дапамагчы ім вырасці, адаптавацца ў грамадстве, — гаворыць Наталля. — Застаўшыся без добрай сям’і, дзеці не ведаюць некаторых элементарных рэчаў, даведацца пра якія яны павінны ў сям’і. Данік бульбу ўяўляў толькі ў выглядзе пюрэ, а чай для яго існаваў толькі ў выглядзе карычневай вадкасці. Але і нашы дзеці многаму навучыліся ў новай сітуацыі. Яны вучацца любіць, праяўляць клопат, дзяліцца, знаходзіць паразуменне з іншымі. Мы хочам паказаць усім нашым дзецям прыклад добрай сям’і, правільны шлях у жыцці.
Змяніліся за гэты час і самі бацькі. Наталля гаворыць, што стала больш дысцыплінаванай — без распарадку, абавязковага для ўсіх членаў вялікай сям’і, трымаць дом у чысціні, паспяваць з усімі справамі вельмі цяжка. Навучылася яна і новым метадам выхавання. Калі трэба па справядлівасці раздзяліць шакаладку на ўсіх, то тут існуе такі спосаб: той з дзяцей, хто яе дзеліць, бярэ сабе апошні кавалачак. Яўген Міхайлавіч таксама больш часу стаў прысвячаць сям’і і крыху менш займацца сваёй улюбёнай справай — шмат мэблі ў новай трохпакаёвай кватэры Маёравых, якую яны пабудавалі тры гады назад, зроблена яго рукамі.
Толькі няхай не складзецца ў вашым уяўленні ідэалістычны малюнак, што ўсё ў гэтай сям’і атрымліваецца лёгка і проста. Уявіце, колькі часу патрэбна, каб прыгатаваць ежу для васьмі чалавек, справіцца з іншымі клопатамі, дапамагчы тром школьнікам з урокамі, а колькі часу, душэўных і фізічных сіл патрабуе выхаванне… Калі Віця хварэў, у бальніцы разам з ім знаходзіўся тата, а мама займалася вялікай сям’ёй дома. А колькі бяссонных начэй і колькі розных думак было, калі 5-гадовая Саша напачатку амаль кожную ноч будзіла прыёмных бацькоў, бо шукала сваю маму. Трэба дадаць, што дзеці-школьнікі яшчэ займаюцца ў спартыўных секцыях па футболе і валейболе і ў танцавальным гуртку. А ў доме ёсць яшчэ адзін выхаванец і любімец усіх дзетак — кітайскі чубаты сабачка па мянушцы Лілі.
У канцы размовы задала Наталлі Юр’еўне няпростае пытанне: як іх родныя, сябры паставіліся да такога рашэння, як у школе і дзіцячым садку прымаюць іх дзяцей?
— Нейтральнага меркавання не было, — гаворыць Наталля. — Або рэзка адмоўнае, або захапленне. Я вельмі ўдзячна і маім, і Жэневым бацькам, якія зразумелі і прынялі наша рашэнне. У школе і дзіцячым садку таксама вельмі станоўчыя адносіны — гэта нам дапамагае. А мая бабуля і прабабуля нашых дзетак на дачы вырашыла кавалак агарода на наступны год аддаць пад лужок, каб было дзе гуляць усім нашым дзецям.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.