Быць больш актыўнымі ў сацыяльных сетках

Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі па выніках работы ў 2017 годзе наконт сродкаў масавай інфармацыі.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што сучасныя ўмовы патрабуюць быць актыўнымі, і па ўсіх рэсурсах трэба распаўсюджваць інфармацыю, падаючы яе цікава, не пераймаючы адно ў аднаго. Кожны рэсурс павінен уяўляць штосьці асаблівае, арыентаванае на пэўны сегмент грамадства. Акрамя таго, патрэбна нарошчваць аб’ём кантэнту ўласнай вытворчасці — гэта датычыцца ў першую чаргу беларускіх тэлеканалаў. Гэта важна для ўмацавання суверэнітэту краіны, для папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей.

Гаворачы аб мясцовай прэсе, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта адзначыў, што рэгіянальныя выданні павінны паказваць зрэз мясцовага жыцця, на старонках СМІ павінны знаходзіць адлюстраванне апавяданні аб людзях працы.

Максім Рыжанкоў дадаў, што важна вывучыць сітуацыю ў кнігавыдавецтве. Трэба больш цесна працаваць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, шукаць і падтрымліваць маладых аўтараў, чыя літаратура актуальная, адлюстроўвае сучаснасць. Гэта ж датычыцца і кінасцэнарыяў. Рэжысёры гатовы экранізаваць класіку, а сучасных добрых сцэна-рыяў не знайсці.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі заявіў, што СМІ павінны служыць кансалідацыі грамадства, даносіць да людзей дакладную інфармацыю. Гэта абавязковая ўмова прысутнасці на медыйнай прасторы. Важна адказнасць кожнага журналіста за выпускаемую інфармацыю, якая павінна быць праверана, правільна прадстаўлена, рэзюмаваў ён.