Быць гаспадаром на роднай зямлі

- 10:43Актуально, Апошнія запісы

3 ліпеня наша краіна чарговы раз будзе святкаваць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Адзначым мы яго ўрачыста, велічна, радасна, бо гэты дзень — сведчанне таго, што беларусы — гаспадары на сваёй зямлі, якая дасталася нам ад продкаў, і сведчанне таго, што мы шчаслівы народ. Мы — народ, які помніць сваю гісторыю, шануе свае карані і ўпэўнена глядзіць у будучыню.

“Мы, беларусы, — мірныя людзі”.

Так пачынаецца гімн нашай дзяржавы. Мір — гэта аснова ўсяго, аснова чалавечага дабрабыту і шчасця, аснова незалежнасці любой краіны. Як падкрэсліў нядаўна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, наша краіна выключна мірная, а беларускі народ добра памятае ўрокі мінулага, беражліва ставіцца да сучаснасці і ўдумліва — да будучыні сваёй Айчыны.

Мы, беларусы, “сэрцам адданыя роднай зямлі”.

Асабліва актуальныя гэтыя словы беларускага гімна сёлета, у Год малой радзімы, які будзе доўжыцца да канца 2020. Быць гаспадаром дома, на сваёй зямлі, любіць куточак, дзе нарадзіўся і вырас, — вялікае шчасце. І нас, беларусаў, таксама на шчасце, не трэба гэтаму вучыць: любоў да сваёй Бацькаўшчыны знітавана з нашым жыццём і назаўсёды прарасла ў сэрцы кожнага беларуса, дзе б ён ні жыў і ні працаваў.

Беларусы, “шчыра сябруем, сілы гартуем мы ў працавітай вольнай сям’і”.

Гэтыя словы Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь вельмі падыходзяць для нашай моладзі — выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, якія гэтымі днямі развіталіся са сваімі акадэміямі, універсітэтамі і інстытутамі і выйшлі ў дарослае жыццё. “На прастор, на шырокі прастор”, — як сказаў класік. І гэтым юнакам і дзяўчатам можна толькі пазайздросціць.

Чаму?

Таму што перад імі — усё жыццё, напоўненае асалодай ад працы, гордасцю ад усведамлення таго, што гэта іх час — час станавіцца прафесіяналамі сваёй справы і быць гаспадарамі ў сваім доме і на роднай зямлі.

Таму што іх маладосць выпадае на мірныя гады, і не трэба брацца за зброю, каб “разам з братамі бараніць родны парог”. Наша краіна назаўсёды застанецца ў сусветнай гісторыі пляцоўкай для мірных дамоўленасцей. Мы рады гасцям і суседзям, мы адкрыты ўсяму свету.

А яшчэ таму, што наступае іх час ствараць сям’ю, нараджаць дзетак, выхоўваць іх, будаваць для іх дом, садзіць дрэвы і кветкі — атрымліваць асалоду ад жыцця. Гэта вялікае шчасце — быць маладым у краіне, дзе моладзь падтрымліваюць і дапамагаюць ёй.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка сказаў, звяртаючыся да беларускай моладзі: “Вы — новае пакаленне суверэннай дзяржавы, нашчадкі гераічнага мінулага беларускага народа, які пераадолеў шматвяковы шлях да набыцця сваёй незалежнасці. Права жыць на роднай зямлі, вучыцца, працаваць, марыць і строіць планы на заўтрашні дзень — гэта вялікае шчасце і вялікая адказнасць. Удасканальваючыся, імкнучыся да асабістага поспеху, памятайце, што вашы лёсы звязаны ў адзін і будуць упісаны ў новую гісторыю Беларусі”.

Ім, прадстаўнікам новага пакалення, развіваць беларускую эканоміку, ахоўваць нашу Айчыну, клапаціцца пра дзяцей і пажылых грамадзян. Самаадданая праца на карысць свайго народа дазволіць гэтым юнакам і дзяўчатам найбольш поўна раскрыць свой патэнцыял, ператварыць у жыццё самыя смелыя ідэі і зрабіць яго яшчэ больш прыгожым і камфортным.

У добры шлях, выпускнікі!

Са святам!

З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Наталля КАСТЭНКА.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.