Быць лепшай: пра перамогі ў алімпіядах расказала Ганна Пархімовіч

- 14:27Новости

Сёлета Міншчына прымала ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Паспрачацца за званне пераможцаў у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы сустрэліся 78 фіналістаў — 39 навучэнцаў 10 класа і 39 адзі­наццацікласнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Удзельнікі заключнага этапу — мэтанакіраваныя навучэнцы, якія ведаюць, для чаго ім патрэбна алімпіяда. Усе яны з грунтоўнай падрыхтоўкай. Розніца паміж набранымі баламі была вельмі малая. Так, у 10 класе замест пяці дыпломаў І ступені выдалі шэсць — з-за аднолькавай колькасці набраных балаў. Тое ж тычыцца і пахвальных водзываў: замест чатырох іх у гэтым годзе было пяць, — зазначыла старшыня журы дэкан юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Ірына Эсмантовіч.

Аналізуючы заданні, Ірына Ігараўна звярнула ўвагу, што сёлета яны былі няпростымі, але выканальнымі.

— Заданні тычыліся шматлікіх кірункаў і закраналі паліталогію, права, сацыя­логію, філасофію, эканоміку, псіхалогію, гісторыю. Было многа заданняў, якія патрабавалі разважання, абмеркавання праблемы і аргументацыі свайго пункту гледжання. Такія заданні было цяжка правяраць, бо ў кожнага ўдзельніка — свая пазіцыя, свая аргументацыя, — прызналася старшыня журы. — Цікавымі былі сітуацыйныя заданні, якія трэба было выканаць, абапіраючыся на пэўную навуку.

Алімпіяда па грамадазнаўстве ўключала заданні па абноўленай Канстытуцыі, па рабоце Усебеларускага народнага сходу, а таксама змяшчала раздзел, прысвечаны 80-годдзю Перамогі.

Сярод тых, хто сёлета прадэманстраваў бліскучыя веды і атрымаў дыплом І ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, — навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 1 Старых Дарог імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікова Ганна Пархімовіч. Дзяўчына з 5 класа захапляецца гісторыяй і з цягам часу пачала вывучаць грамадазнаўчыя навукі. Сёння сфера яе інтарэсаў — права, філасофія і паліталогія.

— Для мяне гэта не першы вопыт удзе­лу ў алімпіядзе, — расказвае пра сябе дзяўчына. — Задоўга да алімпіяды я перачытала шмат падручнікаў і дадатковай літаратуры. Акрамя гэтага, адпрацоўвала пройдзены матэрыял праз анлайн-тэсты, практычныя заданні. Калі была ў 8 класе, упершыню прыняла ўдзел у алімпіядзе за 10 клас і прывезла дыплом ІІІ ступені з трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі.

На працягу трох наступных гадоў Ганна толькі пацвярджала сваё лідарства. Калі вучылася ў 9 класе, на трэцім этапе алімпіяды яна заваявала дыплом І ступені, а на заключным — ІІ ступені.

— У 10 класе я атрымала дыплом з пахвальным водзывам на Рэспубліканскай алімпіядзе па філасофіі з міжнародным удзелам і дыплом І ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па пытаннях тэорыі і практыкі выбарчага працэсу, — працягвае дзяліцца сваімі дасягненнямі навучэнка. — Дзякуючы гэтым турнірам і конкурсам, я вызначылася з будучай прафесіяй — яна будзе звязана з міжнародным правам.

Рыхтавацца да сёлетняй алімпіяды па грамадазнаўстве Г.Пархімовіч пачала мінулым летам у профільным абласным лагеры Smart camp.

— Тады я ўпершыню вырашыла змя­ніць кірунак і замест гісторыі, якой зай­малася раней, выбрала грамадазнаўства, — дадае навучэнка. — У лагеры былі высокакваліфікаваныя і ўважлівыя выкладчыкі, яны далі шмат карысных ведаў, якія спатрэбіліся на абласным этапе алімпіяды.

Пачынаючы з верасня па суботах, а таксама падчас восеньскіх і зімовых канікул Ганна Пархімовіч працягвала вывучаць прадмет са сваёй настаўніцай Людмілай Анатольеўнай Астрэйка (на здымку).

— Гісторыя і грамадазнаўства выкладаюцца ў школе на базавым узроўні, а я вельмі хацела дасягнуць высокіх вынікаў, — прызнаецца вучаніца. — Пазней даведалася пра дыстанцыйныя курсы па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды ад Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якія таксама прынеслі мне вялікую карысць. Выкладчыкі падрабязна разбіралі з намі кожную тэму, адказвалі на ўсе пытанні, рыхтавалі арыгінальныя і зай­мальныя трэнінгавыя заданні. Такой пад­рыхтоўкі мне хапіла для паспяховага ўдзе­лу ў трэцім, абласным этапе алімпіяды, дзе я атрымала абсалютную перамогу, заняўшы 1-е месца ў рэйтынгу. Пасля абласнога этапу падрыхтоўка да заключнага ўзмацнілася. Ад МАІРА былі арганізаваны дыстанцыйныя зборы і два тыдні вочных збораў у самім інстытуце. У гэтыя напружаныя дні я атрымала глыбокія веды ў сферы правазнаўства, паліталогіі, эканомікі і інш. Таксама штудзіравала базавыя падручнікі з 9 па 11 клас і электронныя пад­ручнікі, на павышаным узроўні вывучала эканоміку, паліталогію і філасофію.

Наталля САХНО
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Старых Дарог