Быць лепшым: выхоўваць арыгінальнасць, выходзіць за межы, ламаць стэрэатыпы

Стаць прызёрам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — прэстыжна для любога школьніка. Нават факт удзелу ў фінальных этапах спаборніцтва гаворыць аб неардынарных здольнасцях, а перамога толькі пацвярджае адоранасць і таленавітасць уладальнікаў першых месцаў. Тым больш, ужо 21 год такіх навучэнцаў падтрымлівае спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння трое з іх, розныя, але бездакорна паспяховыя — у полі нашага зроку.

Алімпіядны рэкардсмен

Адзінаццацікласніка сярэдняй школы № 13 Жлобіна Уладзіслава Карасёва, уладальніка абсалютнага першага месца па выніках мінулагодняй Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічнай працы) можна лічыць сапраўдным алімпіядным рэкардсменам: сёння няма ў рэспубліцы другога такога вучня, які б здолеў атрымаць 6 перамог запар у абласных турах. А заключны этап алімпіяды, да якога зараз рыхтуецца хлопец, будзе для яго ўжо пятым.

З дзяцінства Улада захапляла работа рукамі: маляваў, спрабаваў штосьці змайстраваць, дапамагаў бацьку, які добра разбіраецца ў аўтамеханіцы. З цягам часу хобі пераўтварылася ў нешта большае. У 5 класе настаўнік працоўнага навучання Віталь Васільевіч Гузаў заўважыў яго схільнасці.

“Мая работа з адоранымі дзецьмі пачынаецца з іх бацькоў. Так было з Уладам, калі ён толькі прыйшоў вучыцца ў 5 клас. Я патлумачыў яго родным, чаго чакаю і што будзе прапанавана іх сыну, узяў на сябе абавязак адсочваць не толькі тэхналагічны бок вывучэння прадмета, але і агульную паспяховасць і развіццё Улада, — расказвае пра работу з таленавітым вучнем заслужаны настаўнік нашай краіны, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 13 Жлобіна, трэнер Абласной алімпіяднай каманды па працоўным навучанні Віталь Васільевіч Гузаў.

“Рабочы інструмент — гэта добра, але не трэба забывацца пра іншае”, — адзначае настаўнік і жартуе, што “даў Уладу ўстаноўку” на агульнае развіццё. Так, разам з захапленнем тэхнічнай працай хлопец стаў сур’ёзна займацца бальнымі танцамі, наведваць гарадскі інтэлектуальны клуб, неаднаразова ўдзельнічаў са сваімі праектамі ў конкурсе “ТэхнаІнтэлект” (апошні праект — кодавыя замкі з некалькімі ступенямі абароны).

“Калі мы толькі пачыналі працаваць разам, па гэтым хлопчыку можна было настройваць гадзіннік — кожную раніцу ў 10 гадзін (школьныя ўрокі праходзілі ў другую змену) ён стаяў ля школьнай майстэрні, — прыгадвае настаўнік. — Бесперапынная падрыхтоўка да алімпіяд зрабіла яго яшчэ больш адказным і мэтанакіраваным. Улад задае тон усёй камандзе алімпіяднікаў, але пры гэтым заўсёды прыйдзе на дапамогу “калегам” па станку”.

Па сутнасці работа з драўнінай, металам, выпрацоўка нейкіх дэталей — такая ж пастаянная метадычная работа, як і ў прафесійным спорце. У адоранага “залатымі” рукамі школьніка малаток, рубанак ці напільнік становяцца спартыўнымі снарадамі. Як і спартсмены, тыя, хто жадае атрымаць вынік у тэхнічнай працы, пастаянна адточваюць уменні, даводзяць дзеянні да ўзроўню мышачнай памяці. Менавіта так настройвае педагог сваю алімпіядную каманду.

“Удзельнікі спаборніцтваў з кожным годам становяцца мацнейшымі, а заданні больш складанымі. Здаецца, я маю шасцігадовы вопыт, але вывучаць і трэніраваць яшчэ ёсць што, — расказвае Уладзіслаў пра падрыхтоўку да рэспубліканскага туру прадметнай алімпіяды. — З мінулага года заданні ўдасканалілі і ўскладнілі. Цяпер ад нас патрабуецца ўмець чытаць кінематычныя схемы, маршрутныя і тэхналагічныя карты, чарцяжы, такім чынам пры падрыхтоўцы да алімпіяды трэба паглыбляцца ў дакладныя тэхнічныя навукі. Фактычна многія заданні пераклікаюцца з чарчэннем, але гэты прадмет для выканання алімпіядных заданняў неабходна ведаць на куды больш высокім узроўні, чым ён вывучаўся ў 9 класе. Каб падрыхтавацца да кожнага этапу алімпіяды дасканальна, трэба літаральна ўзняцца над сабой. Штудзіраваць літаратуру: падручнікі новыя і старога ўзору, дадатковыя дапаможнікі, тэсты і г.д. Віталь Васільевіч заўсёды кажа: “У кожным сказе падручніка змяшчаецца карысная інфармацыя”. Дэманстраваць арыгінальнасць: падчас практычнай часткі алімпіяды нам прапануюць чарцёж вырабу, і патрэбна не толькі выканаць гэтую рэч з драўніны ці металу, але і творча яе апрацаваць. Гэтыя заданні дастаткова складаныя не толькі для мяне, але і для ўсіх алімпіяднікаў, таму што трэба зрабіць рэч, па сутнасці, аздобленую дызайнерскімі ўпрыгажэннямі, якія больш ні ў кога не паўтараюцца. У мінулыя гады, калі практычныя заданні не змяшчалі ў сабе творчага кампаненту, у мяне звычайна заставаліся вольныя 1,5—2 гадзіны алімпіяднага часу. Зараз шчыльна ўкладваюся ў адведзены час, але працую над “выхаваннем” арыгінальнасці”.

Фізіку і матэматыку адзінаццацікласнік вывучае на паглыбленым узроўні. Увесь вольны час адводзіць на тое, каб падрыхтавацца да экзаменаў па гэтых прадметах, таму што плануе набыць прафесію інжынера-энергетыка. І прызнаецца: дзякуючы таму, што тэхнічная праца добра развівае логіку, вучыцца стала значна лягчэй, а паспяховасць па ўсіх прадметах павысілася.

Цікавая і цікаўная

“Складанасць і непадобнасць алімпіяд па беларускай і рускай мовах да іншых у тым, што рыхтаваць вучня трэба па трох розных кірунках: лінгвістычны конкурс прадугледжвае глыбокія веды па кожным з раздзелаў мовазнаўства, вуснае выказванне паспяховым будзе толькі тады, калі выступоўца — чалавек начытаны, інтэлектуальна развіты, разважлівы, водгук жа — майстэрства твайго пісьмовага маўлення. Усяму адразу і ў кароткія тэрміны не навучыш, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Магілёва Таццяна Пятроўна Дзіндзікава, якая падрыхтавала леташнюю пераможцу заключнага этапу алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дзесяцікласніцу Веру Сасунову. — Таму з Верай, адоранай у галіне роднай літаратуры і мовы, займацца мы пачалі з 5 класа. Праз дадатковыя творчыя заданні на звычайных уроках, пазаўрочную факультатыўную дзейнасць, плённую работу і ў сценах гімназіі, і дома, мы паступова рухаемся да выдатных вынікаў у алімпіядзе. Так, у мінулым годзе мая вучаніца ўзяла дыплом I ступені на рэспубліканскай алімпіядзе, сёлета мы першыя на вобласці, рыхтуемся да заключнага алімпіяднага туру”.

Настаўніца прызнаецца, што хоць алімпіяда падобная да гульні, дзе шанцуе не толькі разумным, але і ўдачлівым, вынікі ў гэтай справе маюць толькі дзеці цікавыя і цікаўныя, якія сваімі талентамі выходзяць за межы толькі мовы і літаратуры. Напэўна, гэта і вылучае пераможцу алімпіяды Веру Сасунову. Як прызнаецца таленавітая дзяўчына, яе з малых гадоў прыцягвала вывучэнне замежных моў, мовазнаўства. Зараз акрамя рускай, беларускай і англійскай, якія традыцыйна вывучаюцца ў навучальнай установе, Вера па ўласнай ініцыятыве спасцігае кітайскую мову ў Цэнтры кітайскай мовы і культуры. Калі ў гімназію, дзе вучыцца дзяўчына, прыязджала дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі, дзяўчына магла нават наладзіць размову з прадстаўнікамі гэтай краіны, а таксама навучыць іх некалькім беларускім словам. Па сваёй прыродзе Вера немітуслівая, уседлівая, схільная да глыбокага аналізу. Гэтыя ж рысы яна праяўляе і ў вучобе: пастаянна параўноўвае замежныя мовы з роднай, знаходзіць новае і агульнае ў лінгвістыцы, культуры, літаратурнай творчасці.

Здаецца, нават хобі дзяўчыны падпарадкавана таму, каб ведаць родную мову яшчэ больш дасканала. Многа гадоў Вера Сасунова спявае ва ўзорным ансамблі беларускай народнай песні “Скарбніца”, ездзіць з хорам на шматлікія выступленні і конкурсы не толькі па краіне, але і за яе межы. Гэта дзяўчыну і загартоўвае. Сціплая па характары, на алімпіядзе яна, маючы багаты вопыт выступленняў на публіцы, умее сябе паказаць падчас вуснага тура. Цікавіцца фальклорам, займаецца падборам касцюмаў для выступленняў, аналізуе рэпертуар з лінгвістычнага боку, вывучаючы дыялектныя формы, якія сустракаюцца ў песнях. Вера займаецца і ў школьным этнаграфічным гуртку, што, па прызнанні дзяўчыны, дае магчымасць даведацца больш пра гісторыю нашага краю, звычаі, традыцыі, святы, а гэта, у сваю чаргу, выдатны падмурак для падрыхтоўкі ўдалага вуснага выказвання на алімпіядзе.

Дзяўчына па-філасофску заўважае: “Усё ведаць немагчыма. На працягу жыцця чалавек вучыцца. Так і я, здавалася б, пастаянна вывучаючы беларускую мову на паглыбленым узроўні, штодзень адкрываю для сябе нешта новае”. Дзесяцікласніца марыць звязаць жыццё з дыпламатыяй. Дзяўчына пераканана, што вопыт, які яна атрымлівае падчас удзелу ў алімпіядах, загартоўвае яе для будучай прафесіі.

Каб не адстаць ад часу

З 5 класа сёлетняя адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 6 Полацка і пераможца мінулагодняй Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве Ганна Цішкевіч удзельнічала ў алімпіядным руху, але сферай яе цікавасці заўсёды была матэматыка. На матэматычных навукова-практычных канферэнцыях, у якіх дзяўчына таксама брала ўдзел, журы не стамлялася адзначаць літаратурнасць і дакладнасць яе работ. Усё змянілася раптоўна: у 8 класе класны кіраўнік Ганны настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Кацярына Васільеўна Драздова прапанавала ёй прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў з работай “Храмы Полацкай епархіі ад старажытнасці да нашых дзён”. З удалага ўключэння дзяўчыны ў пазакласную дзейнасць па гісторыі (Ганна ўзяла 2-е месца на абласным этапе і стала лаўрэатам на рэспубліцы), пачалося захапленне прадметамі, якія выкладае Кацярына Васільеўна. Пасля выдатных выступленняў на Скарынаўскай алімпіядзе, тандэм адоранай вучаніцы і маладой настаўніцы паспрабаваў свае сілы ў Рэспубліканскім алімпіядным руху па грамадазнаўстве. І адразу паспяхова: летась Ганна ўзяла дыплом I ступені ў заключным туры алімпіяды, сёлета стала першай у вобласці.

“У педагогіцы я працую 8 гадоў і ўжо заўважаю, што на алімпіяды па грамадазнаўстве з радасцю імкнуцца многія дзевяцікласнікі. Чаму? Школьная праграма па прадмеце ў гэтым класе прадугледжвае вывучэнне тэм па этыцы, маралі. Усё гэта лёгка і захапляльна для падлеткаў. Тым не менш падрыхтоўка да алімпіяды больш грунтоўная і складаная, чым тэкст падручніка. Таму многія пасля першых цяжкасцей здаюцца і выходзяць з барацьбы. Але толькі не Ганна. Яна вучаніца ўнікальная, з тых дзяцей, якія схопліваюць новую інфармацыю імгненна. У мінулым годзе, калі заключны этап алімпіяды толькі прайшоў і мы яшчэ не ведалі яго вынікаў, я задала ёй толькі адно пытанне: “Ці было ў заданнях што-небудзь, чаго мы з табой не праходзілі?”. Адмоўны адказ Ганны зняў усе хваляванні, таму што ведаю: тое, што дзяўчына засвоіць падчас падрыхтоўкі, будзе выканана ў алімпіяднай рабоце бездакорна, — расказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства К.В.Драздова. — Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў мы шмат працуем з рознымі крыніцамі інфармацыі: падручнікамі, дзяржаўнымі дакументамі, сродкамі масавай інфармацыі. У гэтым годзе больш увагі звярнулі на падрыхтоўку да практычнага тура алімпіяды. Улічваючы праграму 11 класа, прапрацавалі грамадзянскі, адміністратыўны і крымінальны кодэксы, Канстытуцыю, дадаткі да кодэксаў. У выніку — 290 балаў з 310 на абласным этапе”.

Ганна прызнаецца, што за перамогі ўдзячна перш за ўсё настаўніцы, якая перад алімпіядамі хвалюецца, магчыма, больш чым сама ўдзельніца, але знаходзіць словы, каб супакоіць і падтрымаць дзяўчыну. “Псіхалагічна кожная новая алімпіяда па-свойму складаная, і здаецца, прызвычаіцца да іх проста немагчыма: хвалюешся, не ведаеш, якія трапяцца заданні, цісне і разуменне таго, што прамежак часу, адведзены на іспыт, абмежаваны ўсяго некалькімі гадзінамі. Таму самае галоўнае для мяне — сканцэнтравацца і не забыць дома гадзіннік, каб сачыць за часам. Але за плячыма заўсёды адчуваю падтрымку Кацярыны Васільеўны, школьных настаўнікаў, аднакласнікаў, і, зразумела, бацькоў, — расказвае Ганна Цішкевіч. — Самыя складаныя з тэм, якія трапляюцца на алімпіядзе — эканамічныя. Як прызнавалася журы абласнога этапу сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды — гэтыя тэмы складана судзіць і ім. Рашэнне эканамічных задач выходзіць за рамкі школьнай праграмы, і кожны з удзельнікаў спраўляецца з імі па-свойму, таму ацэньваць рашэнні вельмі цяжка. Але я маю некаторы вопыт алімпіядных спаборніцтваў па матэматыцы, таму, магчыма, эканамічныя задачы па грамадазнаўстве даюцца мне крыху лягчэй, чым іншым удзельнікам.

Мая мара — паступіць на факультэт міжнародных адносін БДУ. Ёсць стэрэатып, што ў гэтай сферы больш чакаюць хлопцаў, але мне б хацелася даказаць, што і дзяўчаты здольны стаць прафесіяналамі ў галіне міжнародных адносін. Веды па прадмеце, які пашырае кругагляд і ахоплівае ўсе сферы развіцця грамадства, ніколі не будуць у маім жыцці лішнімі. Пытанні, з якіх складаюцца заданні алімпіяд па грамадазнаўстве, заўсёды самыя надзённыя і актуальныя. Таму адстаць ад часу, рыхтуючыся да алімпіяд, проста немагчыма! Напрыклад, на абласным этапе алімпіяды сустрэлася пытанне на веданне розных выбарчых сістэм, было заданне па ідэалогіі нашай дзяржавы, пра развіццё прадпрымальніцтва і розныя сферы падаткаабкладання. У мінулым годзе прапанавана было апісаць Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Але паказаць трэба не толькі тэарэтычныя веды па кожным з гэтых пытанняў, але і ўласнае стаўленне да іх”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва навучэнцаў.