“Быць лепшым — значыць многа працаваць”

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Віцебску адбылося абласное дабрачыннае навагодняе свята. Запрашэнне на галоўную ёлку паўночнага рэгіёна атрымалі больш за 950 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 8—14 гадоў. Сярод іх — навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, дзеці з мнагадзетных сем’яў і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

Пяцікласнік дапаможнай школы № 26 Віцебска Арцём Мірановіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Круцікава.

Цікавыя фотазоны, дзівосны яловы лес з самаробных навагодніх дрэўцаў, гульнявыя пляцоўкі, жывая музыка, зіхатлівыя рознакаляровыя гірлянды, вялікая прыгажуня ёлка — усё навокал стварала незвычайную прыўзнятую атмасферу. Чароўная зімовая казка разгарнулася на пляцоўках канцэртнай залы “Віцебск”.

Навагодняе свята ў жыцці кожнага яго малень-кага ўдзельніка з’яўляецца кульмінацыйным, застаецца ў памяці на ўсё жыццё. Поспехі дзяцей заўсёды вялікая радасць для дарослых. У сваю чаргу, наша агульная найважнейшая задача — зрабіць свет яшчэ больш цёплым, утульным і прыгожым для дзяцей, прыкласці максімум намаганняў, каб мары аб навагодняй казцы спраўдзіліся і ў дзіцячых вачах ззялі агеньчыкі радасці і шчасця. Такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў у гутарцы з журналістамі перад пачаткам урачыстасці. Ён акцэнтаваў увагу, што сёлета ўпершыню дзеці з аддаленых раёнаў прыехалі ў абласны цэнтр загадзя, каб пазнаёміцца з рознымі ўстановамі адукацыі горада. У далейшым падобная практыка працягнецца, у тым ліку для таго, каб удзельнікі свята атрымалі магчымасць пабываць ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Гэта дапаможа ім зразумець, дзе хацелася б вучыцца пас ля школы, вызначыцца з выбарам прафесіі, ста ць у будучыні моцнымі прафесіяналамі і дастойнымі грамадзянамі Беларусі.

Разам з кіраўніком вобласці павіншаваць дзяцей з Новым годам і Калядамі завіталі памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін.

— Вы — прадстаўнікі ўсіх гарадоў і раёнаў нашай Віцебшчыны, лепшыя ў вучобе, творчасці, спорце, вамі ганарацца сёння вашы бацькі, родныя і блізкія, настаўнікі. Пранясіце гэта па сваім жыцці, — звярнуўся да герояў свята Мікалай Шарснёў. — Быць лепшым — значыць многа працаваць. Напэўна, вы адказней за іншых адносіцеся да вучобы, даручаных спраў, старанна і ўпарта трэніруецеся, займаецеся на музычных інструментах, таму вы лепшыя — выпадковасцей не бывае. Будзьце актыўнымі і дапытлівымі, упітвайце веды, усё добрае і разумнае. Чым больш кожны з вас даведаецца, тым больш цікавай асобай вырасце. Чым больш будзе ўмець, тым больш запатрабаваным спецыялістам стане, больш добрых і карысных спраў зможа зрабіць для людзей і ўсёй краіны, каб шчаслівым было наша жыццё.

Па традыцыі, не абышлося без падарункаў і галоўных навагодніх персанажаў — Дзеда Мароза са Снягуркай. Інтэрактыўнае тэатралізаванае прадстаўленне і мюзікл “Пітэр Пэн. Old story. New post” для дзяцей падрыхтаваў Цэнтр культуры “Віцебск”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.