Быць лепшымі па жыцці

- 12:12Актуально
Сёлета беларускія ўстановы вышэйшай адукацыі скончылі каля 550 грамадзян Туркменістана. Першы масавы выпуск туркменскіх студэнтаў адзначылі ўрачыстай цырымоніяй у Белдзяржуніверсітэце. Самым лепшым уручылі граматы Міністэрства адукацыі.

Сярод выпускнікоў, якіх ганаравалі ў БДУ, былі выдатнікі вучобы, грамадскія актывісты, удзельнікі навуковых конкурсаў і канферэнцый.
Напрыклад, Мурад Гайназараў і Людміла Аванэсава — уладальнікі чырвоных дыпломаў. Дзяўчына — выпускніца гуманітарнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, вучылася па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы”. Малады чалавек скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе атрымаў спецыяльнасць “Руская філалогія”. Намеснік міністра адукацыі Беларусі В.В. Якжык віншуе ўладальніцу чырвонага дыплома Людмілу Аванэсаву.Выпускнікі вельмі высока ацанілі адукацыю, атрыманую ва ўніверсітэце. Асабліва яны адзначылі высокі ўзровень прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама дапамогу дэканатаў і міжнароднай службы за падтрымку і суправаджэнне ў пазавучэбных справах.
“Мы вучыліся за мяжой, але адчувалі сябе як дома”, — адзначыў Мурад. Ён расказаў, што паступае ў магістратуру Белдзяржуніверсітэта. Потым плануе працаваць у Кітаі, а затым — вярнуцца ў Туркменістан, каб развіваць супрацоўніцтва сваёй краіны з Беларуссю.
Людміла Аванэсава едзе на радзіму працаваць выкладчыкам англійскай і нямецкай моў, марыць прыязджаць у Беларусь да сяброў і калег. У дзяўчыны няма ніякіх сумненняў у тым, што работадаўцы высока ацэняць дыплом беларускага ўніверсітэта. “Я ўпэўнена, што веды, якія атрымала ў БДУ, спатрэбяцца мне на доўгія гады”, — адзначыла выпускніца.

Урачыстая цырымонія ў БДУ пачалася з беларускага і туркменскага гімнаў. Далей да выпускнікоў з трыбуны звярнуліся намеснік міністра адукацыі нашай краіны Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Туркменістана Нурмырат Байрамаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Беларусі Мырат Язбердзіеў, рэктар БДУ Сяргей Абламейка.
Віктар Якжык канстатаваў, што беларуская адукацыя запатрабавана за мяжой, і што нашы ўстановы адукацыі будуць працягваць праекты па падрыхтоўцы спецыялістаў для прадпрыемстваў Туркменістана. Яго туркменскі калега адзначыў, што ў Туркменістане, які дынамічна развіваецца, шмат увагі ўдзяляюць адукацыі і міжнароднаму супрацоўніцтву ў гэтай галіне. І дружалюбнай Беларусі тут адводзіцца асаблівая роля. “Ад выпускнікоў мы чакаем укладу ў развіццё радзімы”, — звярнуўся да моладзі Нурмырат Байрамаў.
Шмат для прасоўвання беларускай адукацыі ў Туркменістане робіць туркменскае пасольства. Мырат Язбердзіеў расказаў, што асабіста бываў у многіх беларускіх установах адукацыі і атрымаў вельмі прыемныя ўражанні. Выпускнікам пасол пажадаў больш амбіцый і “быць самымі лепшымі далей па жыцці”.

Дэлегацыя Міністэрства адукацыі Туркменістана спецыяльна прыехала ў Мінск для ўдзелу ва ўрачыстасці з нагоды першага выпуску туркменскіх студэнтаў. Акрамя таго, у праграму візіту ўключылі наведванне ўстаноў вышэйшай адукацыі — БДАТУ, БДМУ, БДУ, БНТУ, БДЭУ. Цікавіліся туркменскія госці таксама вопытам работы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. У межах візіту адбылася сустрэча ў Міністэрстве адукацыі.
“Дагаворная база з Туркменістанам вельмі добра развіта, таму сёння ёсць сэнс весці размову пра новае напаўненне далейшага супрацоўніцтва з туркменскім бокам”, — паведаміў намеснік міністра адукацыі нашай краіны Віктар Якжык.
Па яго словах, зараз найбольш актуальныя тры напрамкі ўзаемнага руху. Першы — гэта пашырэнне спектра міжуніверсітэцкіх дагавораў. На гэты момант іх пяць, яшчэ тры знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі і падпісання, а насамрэч патэнцыял прамых кантактаў паміж універсітэтамі нашмат большы, лічыць В.Якжык. Другі магчымы напрамак беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі — гэта адкрыццё філіялаў і вучэбных цэнтраў на тэрыторыі Туркменістана. Патэнцыяльныя студэнты беларускіх УВА ў такіх структурах маглі б праводзіць першы год навучання, а потым ужо прыязджаць вучыцца ў Беларусь. І трэці варыянт узаемадзеяння — стажыроўкі магістрантаў, аспірантаў, прафесарска-выкладчыцкага складу.
“У туркменскіх універсітэтах ёсць унікальнае абсталяванне, цікавае для нашых даследчыкаў. Мы ў сваю чаргу можам прапанаваць і навуковыя школы, і дастойную базу, асабліва па інжынерных навуках, што зацікавіць туркменскі бок, — упэўнены намеснік міністра. — І гэта толькі малая частка таго, чым можна напоўніць змест нашага супрацоўніцтва”.
Нагадаем, што зараз у Беларусі вучыцца 7 400 студэнтаў з Туркменістана. Грамадзяне гэтай краіны складаюць больш за палову ад агульнай колькасці замежных студэнтаў (53%). Па словах Віктара Якжыка, Міністэрства адукацыі не будзе штучна стрымліваць паток жадаючых атрымаць адукацыю ў нашай краіне, а наадварот, падтрымае, калі будзе такая цікавасць з туркменскага боку. Нашы ўніверсітэты гатовы да прыёму дадатковай колькасці студэнтаў.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.