Быць на роўных з усімі

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Адна з задач сучаснай школы — забяспечыць даступнасць адукацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. На жаль, колькасць такіх дзяцей з году ў год павялічваецца. Важна, каб яны не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі, а паспяхова сацыялізаваліся.

У сярэдняй школе № 9 Кобрына дзейнічаюць інтэграваныя класы, дзе створаны належныя ўмовы для сумеснага навучання здаровых дзяцей і дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Гэта зроблена для таго, каб вучні з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі сябе ізаляванымі.

Безбар’ернае асяроддзе дазваляе вырашаць многія праблемы. Усталяваны пандусы, рэканструяваны дзвярныя праёмы, абсталяваны лесвічны пад’ёмнік, пераабсталяваны санвузлы і г.д. У школе працуюць два кабінеты карэкцыйнага развіцця, аснашчаныя спецыяльным абсталяваннем для работы з дзецьмі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

Асаблівыя дзеці вучацца па індывідуальных праграмах. Матэматыка, руская і беларуская мова і літаратура (чытанне і пісьмо для першакласнікаў), а таксама карэкцыйныя заняткі па развіцці памяці і мыслення, пазнавальнай і рухальнай дзейнасці праходзяць у кабінеце карэкцыйнага развіцця з удзелам настаўніка-дэфектолага. Астатнія прадметы — “Чалавек і свет”, “Выяўленчае мастацтва”, “Музыка” — праводзяцца ў класе са здаровымі равеснікамі.

Класныя кіраўнікі актыўна далучаюць асаблівых вучняў да розных мерапрыемстваў, падчас якіх гэтыя дзеці разам з іншымі вучаць вершы, спяваюць, удзельнічаюць у тэатралізаваных сцэнках. Памочнік выхавальніка (цьютар) дапамагае вырашаць бытавыя пытанні.

Інтэграваныя класы даказалі сваю эфектыўнасць, у тым ліку ў выхаваўчай рабоце, бо фарміруюць у здаровых дзяцей важныя маральныя якасці.

Маргарыта ГАПАНЮК,
вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 9 Кобрына.