Быць настаўнікам — быць лепшым сябрам

- 11:10Людзі адукацыі

Апошні ўрок у навучальным годзе — гэта і радасць, і смутак адначасова. Нягледзячы на тое, што наперадзе вучняў чакаюць вясёлыя канікулы, спякотнае лета, падарожжы і новыя знаёмствы, на сэрцы заўсёды крыху сумна. А калі гэта апошні ўрок з першым настаўнікам, сумуюць усе: і той самы настаўнік, і вучні, і бацькі.

Так было і на апошнім уроку ў 4 “А” класе Гродзенскай гарадской гімназіі. Не было адказаў і адзнак, не шумелі вучні, на партах не ляжалі сшыткі, у настаўніка быў загорнуты журнал. Хваляванне, лёгкі смутак і ўсмешкі адначасова былі на тварах амаль у кожнага. Гэта быў апошні ўрок для вучняў у пачатковай школе, а значыць і апошні ўрок з іх першай настаўніцай Інай Уладзіміраўнай Жук.

— Кожны раз я плачу, калі праводжу апошнія ўрокі. Не магу стрымаць сваіх пачуццяў, сваіх эмоцый. Хвалююся за кожнага з навучэнцаў, бо разумею, што яны стаяць ля парога новага, ужо дарослага жыцця. Канечне, усе чатыры гады я рыхтавала іх да гэтага, — гаворыць Іна Уладзіміраўна.

І рыхтавала адказна, сумленна. Выпускнікі настаўніцы паспяхова вучацца ў сярэдніх і старшых класах. Сярод іх шмат выдатнікаў, медалістаў, пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Усе яе былыя вучні сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. А падмурак для поспехаў закладваўся з першых урокаў.

— Самае галоўнае на ўроках — зрабіць так, каб матэрыял быў даступны для кожнага з вучняў. Растлумачыць цяжкія правілы, формулы на тым узроўні, які адпавядае дзецям. Мова настаўніка павінна быць лёгкай, зразумелай. У ход іду ць малюнкі, схемы і яшчэ шмат чаго. Усё гэта павінна дапамагчы навучэнцам засвоіць новы матэрыял. У нас гэта, напэўна, галоўнае правіла ў гімназіі. Менавіта таму такія вынікі ў вучняў. Зладжаная праца настаўнікаў, адказная і сумленная адміністрацыя пад кіраўніцтвам нашага дырэктара Анны Міхайлаўны Дулуб, яе намеснікаў, выдатная ўладкаванасць класаў — усё разам дае выдатныя вынікі, — упэўнена настаўніца.

Свае першыя настаўніцкія крокі яна рабіла ў 1 класе. Іна Уладзіміраўна скончыла Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя Аляксандра Пушкіна. Па размеркаванні трапіла ў Гродна — і адразу ў 1 клас сярэдняй школы № 26. Ёй быў усяго 21 год. А на першым бацькоўскім сходзе за партамі сядзелі ўжо сталыя, дарослыя людзі.

Пацелі далоні, і калацілася сэрца. Памятае настаўніца і сёння той сход, як і першы свой урок.

— Я памятаю, як рыхтавалася да першага ўрока. Быў урок міру, і я рабіла для кожнага вучня папяровых галубоў. Дзяцей было больш за 30. Тады не было ні прынтара, ні іншых магчымасцей. Рабіла да позняй ночы і ледзь не праспала, — узгадвае Іна Уладзіміраўна. — Потым я на кожны ўрок рабіла то мішку, то зайку. Дзецям падабалася, і яны ўжо чакалі ад мяне гэтага, а я не магла не спраўдзіць іх надзей.

Іна Уладзіміраўна памятае не толькі свой першы ўрок. Памятае кожнага вучня, кожнага выпускніка. За больш чым 30 гадоў настаўніцкай працы іх было вельмі шмат. Але і сёння І.У.Жук узгадвае іх імёны, прозвішчы, ведае, як склаўся лёс кожнага.

Шчырыя і пяшчотныя адносіны з навучэнцамі — гэта яшчэ адзін з галоўных прынцыпаў працы педагога. На перапынках настаўніца і вучні — сябры. Дзеці дзеляцца з Інай Уладзіміраўнай сваімі навінамі, перажываннямі і эмоцыямі. Яна ўважліва выслухоўвае кожнага і дае парады. Без шчырага сяброўства, даверу немагчыма наладзіць настаўніцкую дзейнасць. Калі не будзе эмацыянальнай сувязі паміж вучнем і настаўнікам, не будзе і выніку, як упэўнена педагог. Менавіта таму Іна Уладзіміраўна ведае пра звычкі кожнага, хто чым захапляецца і кім марыць стаць.

— Адзін вучань у 1 класе прызнаўся, што хоча быць ваенным, але вучыцца не вельмі хацеў. На кожны ўрок я прыносіла то фуражку, то пагоны, то значкі, нашыўкі, гальштукі. І ўсё сапраўднае! Мой муж — былы ваенны. За старанне на ўроку, добрыя адказы я хлопчыку гэта дарыла. Сёння ён выпускнік пачатковай школы. Ваенным быць ужо не хоча, затое зараз навучэнец — выдатнік, упэўнены ў сабе і сваіх ведах. Яго мама гаворыць, што ў іх на паліцах ляжаць тыя падарункі. Хлопчык захоўвае іх, паказвае сябрам і ганарыцца імі.

Іне Уладзіміраўне таксама ёсць чым ганарыцца. Больш чым за 30 гадоў педагагічнай дзейнасці яна выхавала і падрыхтавала да дарослага жыцця вялікую колькасць дзяцей, была прыкладам для іх і аўтарытэтам, надзейным сябрам, першай настаўніцай і блізкім чалавекам. Была строгай і добрай, лепшай для многіх з іх. Кожны ўрок пачынала з мудрай парады, цікавай гісторыі. Яе слухалі, яе ўрокаў чакалі.

І апошні ўрок быў менавіта такім — эмацыянальна насычаным і па-свойму сумным. Урок, які надоўга запомніць кожны вучань. Шмат гісторый і парад. Новай вучэбнай тэмы не было. Смутак і слёзы. Шмат надзей і новых мэт. І кожны з вучняў быў упэўнены: усё ў яго атрымаецца, бо яго школьнае жыццё пачалося з добрага і мудрага настаўніка. Потым Іна Уладзіміраўна вернецца за свой школьны стол і праз смутак пачне рыхтавацца да новага набору. Што будзе на першым уроку — папяровыя галубы, мішкі ці зайкі, настаўніца не ведае. Але дакладна ведае, што заўсёды будзе шмат пяшчоты, мудрасці і дабрыні.

Надзея БОЛАТАВА.