Быць Настаўнікам

У педагогаў Маларыцкай раённай гімназіі не ўзнікае пытання, у каго можна пабываць на сучасным уроку, павучыцца і пераняць эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі навучання. Канечне, у настаўніцы біялогіі і геаграфіі Нэлі Андрэеўны Шпетнай.

Да вяршынь педагагічнага майстэрства яна ішла не адзін год. На гэтым доўгім шляху былі непахісная ўпэўненасць у сабе і хваляванні, радасць перамог і горыч расчараванняў, узлёты і нават невялікія падзенні. Гэта адначасова і засмучала, і надавала сілы працаваць лепш, стымулявала да творчасці і падштурхоўвала да руху наперад.

У дзяцінстве Нэлі Андрэеўна вельмі любіла гуляць з сяброўкамі ў школу. З пачатковых класаў марыла стаць настаўнікам, якога б шчыра любілі і паважалі вучні. Ведала, што для гэтага неабходна прыкласці шмат сіл, бо педагагічная работа не з лёгкіх. Але цяжкасці дзяўчыну не пужалі. Яна іх упэўнена пераадольвала.

На прафесійны выбар будучага педагога моцна паўплываў настаўнік біялогіі Анатоль Дзямідавіч Паўлюкавец, які часам дазваляў за сябе праводзіць урокі ў 10 класе. Дзякуючы гэтаму, Нэлі паверыла ў сябе і канчаткова пераканалася, што ёй неабходна ісці ў настаўнікі.

Пасля заканчэння з сярэбраным медалём школы дзяўчына падала дакументы на прыродазнаўчы факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Нэлі любіла прыроду і імкнулася вывучыць яе больш дасканала. Дзяўчына добра ведала, што студэнты-географы часта бываюць на практыцы ў розных мясцінах СССР, а гэта добрая магчымасць пазнаць прыроду вялікай краіны.

— Хацела стаць біёлагам, — расказвае Нэлі Андрэеўна. — Пасля заканчэння інстытута разам з мужам размеркавалася ў Ланскую сярэднюю школу Маларыцкага раёна, якую ўзначальвала яго маці з 1982 да 2013 года. Выдатнік адукацыі Беларусі Ганна Максімаўна Шпетная аддала педагогіцы 41 год жыцця. Майстэрству і многім педагагічным хітрыкам вучылася ў яе. Гэта надзвычай справядлівы, творчы, энергічны і кампетэнтны настаўнік і кіраўнік, аднолькава патрабавальны да ўсіх. Ганна Максімаўна стварала добрыя ўмовы для раскрыцця кожнага педагога і яго прафесійнага росту. Яна не любіла застою, заўсёды знаходзілася ў творчым пошуку, гэтага ж патрабавала і ад падначаленых. Уласным прыкладам паказвала, як трэба працаваць, шчыра радавалася поспеху калег, раіла і падказвала. Мяне і свайго сына ніколі не выдзяляла ў калектыве. А мы з мужам у сваю чаргу імкнуліся не падводзіць дырэктара.

Нэлі Андрэеўна любіла школу, дзяцей і прафесію, таму цалкам аддавалася рабоце. Не раз яна клалася спаць далёка за поўнач, бо хацела грунтоўна падрыхтавацца да заняткаў. Шмат чытала дадатковай літаратуры. Гэтая звычка засталася і зараз.

— Шлях станаўлення прайшла даволі лёгка, — гаворыць Нэлі Андрэеўна. — Мы з мужам вучыліся не толькі ў вопытных калег, але і адно ў аднаго. Дзякуючы сумесным намаганням, многае паспрабавалі, усвядомілі і ўкаранілі ў штодзённую работу. Даволі часта новыя і нестандартныя педагагічныя ідэі пасля абмеркавання знаходзілі прымяненне на ўроках. Выкарыстоўвалі толькі тое, што давала станоўчыя вынікі.

Арыенцірамі ў педагогіцы для Н.А.Шпетнай, акрамя Ганны Максімаўны, з’яўляюцца школьныя настаўнікі: класны кіраўнік Ларыса Уладзіміраўна Сацута і настаўніца матэматыкі Клаўдзія Мітрафанаўна Карэўка, якія шчыра і самааддана сеялі ў дзіцячых душах і сэрцах разумнае, добрае і вечнае, тое, што ўзвышае і робіць чалавека чалавекам, фарміруе яго сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. У жыцці заўсёды ёсць да чаго імкнуцца і ў каго вучыцца. Адным з такіх педагогаў для Нэлі Андрэеўны стаў і муж Вадзім Паўлавіч.

Амаль 10 гадоў В.П.Шпетны працуе намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама па сацыяльнай сферы, але сувязей са школай не парывае. Яго запрашаюць на ўрокі ва ўстановы адукацыі, дзе ён, не рыхтуючыся, можа правесці заняткі. Вадзім Паўлавіч — настаўнік геаграфіі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2001”, выдатнік адукацыі Беларусі, адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка “Геаграфія: у 2-х частках. Частка 1. Фізічная геаграфія”.

У творчай скарбонцы Нэлі Андрэеўны шмат педагагічных сакрэтаў. Вучэбны працэс педагог будуе з улікам здароўезберагальных тэхналогій і індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей вучняў. Н.А.Шпетная ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі, з’яўляецца лектарам-практыкам Брэсцкага абласнога ІРА і членам абласной творчай групы настаўнікаў біялогіі. Педагог удзельнічала ў абласным конкурсе “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” і рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосаб пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”, падрыхтавала не аднаго пераможца раённага і абласнога этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Вучні пад кіраўніцтвам Н.А.Шпетнай вынікова займаюцца і даследчай дзейнасцю. Па-ранейшаму шмат часу Нэлі Андрэеўна ўдзяляе самаадукацыі. Апошнім часам займаецца распрацоўкай мнематэхнічных прыёмаў пры вывучэнні біялогіі для павышэння якасці ведаў вучняў.

Н.А.Шпетная лічыць, што дзіця трэба не толькі навучыць неабходнаму, але і падрыхтаваць да самастойнага жыцця, захаваць у душы і сэрцы галоўнае — чалавечнасць. Вялікае шчасце — сустрэць педагога, які вучыць спагадзе, дабрыні і справядлівасці, такога настаўніка не забываюць. Да іх ліку адносіцца і Нэлі Андрэеўна. Клапатлівая і шчырая, яна заўсёды падтрымае добрым словам, дапаможа мудрай парадай, далікатна падкажа, растлумачыць незразумелае. Таму і любяць яе вучні.

— Настаўніцкая прафесія — тая сфера, дзе магу сябе рэалізаваць, — адзначае Нэлі Андрэеўна. — Шмат часу ўдзяляю 7 “А”, дзе з’яўляюся класным кіраўніком. Вучні беспамылкова адчуваюць настаўніка, здольнага ў любы момант дапамагчы. Узамен педагог атрымлівае давер і любоў, шчырасць і непадкупнасць. Імкнуся, каб гімназія стала для маіх вучняў сапраўдным другім домам, каб іх атуляла тут атмасфера цеплыні, дабрыні і разумення, каб кожны дзень быў насычаным і багатым на розныя адкрыцці.

Н.А.Шпетная лічыць, што настаўнік павінен на кожным уроку ствараць умовы для фарміравання вучэбнай матывацыі з дапамогай розных метадаў, прыёмаў і сродкаў. Вучні павінны адчуваць сябе камфортна. Трэба так праводзіць урокі, каб дзецям хацелася з задавальненнем і радасцю прыходзіць у школу. Настаўніку неабходна арыентавацца на развіццё ў вучняў практычных навыкаў, іх пастаяннае ўдасканальванне, адкрыццё новага і невядомага. Толькі дынамічны, пазітыўны і творчы ўрок з выкарыстаннем ІКТ будзе эфектыўным і выніковым. А сучасным ён стане тады, калі дае новыя веды, замацоўвае іх, выхоўвае, развівае і вучыць жыццю.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.