Быць паспяховым вельмі проста

Са знакамітай прыказкай пра двух зайцаў, за якімі не трэба гнацца, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 4 Асіповіч Алена Гвідонаўна Анціховіч катэгарычна не згодная. І ў асабістым жыцці, і ў прафесіі, на думку нашай гераіні, гнацца трэба не тое што за двума, нават за трыма, а то і за чатырма зайцамі — асвойваць некалькі спраў адначасова, удасканальваць сваё майстэрства ў розных напрамках педагагічнай дзейнасці.

Затое Алена Гвідонаўна згодна з наступнымі словамі: “Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум у два разы хутчэй”. Гэта Льюіс Кэрал, “Аліса ў краіне цудаў”. “Каб быць прафесіяналам, трэба вельмі хутка бегаць. Вось я і бягу, умоўна кажучы, у розныя бакі. Мне здаецца, што цяпер у сістэме адукацыі наступае час настаўнікаў-універсалаў, якія не павінны аддаваць прыярытэт нейкаму аднаму напрамку дзейнасці. Сённяшнія дзеці адрозніваюцца ад пакалення, якое я вучыла яшчэ гадоў 10 назад, а тым больш ад пакалення, з якім 30 гадоў таму я толькі пачынала сваю работу ў школе. Сучасны настаўнік павінен заўсёды на крок, а то і на некалькі крокаў апярэджваць вучняў, асабліва, што тычыцца інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, Google-прастора для настаўніка павінна быць прывычнай. У той жа час мы з калегамі з’яўляемся захавальнікамі і транслятарамі тых каштоўнасцей, якія былі ў савецкай сістэме адукацыі, каштоўнасцей, характэрных для беларускага народа”, — падзялілася Алена Гвідонаўна.

Падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, распрацоўка этнаграфічных і музейных праектаў, стварэнне электронных дапаможнікаў, развіццё медыяадукацыі — вось няпоўны пералік напрамкаў, у якіх працуе наша гераіня. І гэтая праца прыносіць вынікі. У 2017—2019 гадах выхаванцы Алены Гвідонаўны станавіліся пераможцамі ІІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі (дарэчы, настаўніца стварыла электронныя адукацыйныя рэсурсы для падрыхтоўкі да алімпіяды па гісторыі “Падарожжа па Старажытным свеце” і “Таямнічае сярэднявечча”). Заваяваны дыплом І ступені на міжнародным конкурсе “Хрысціянскія маральныя каштоўнасці ў сусветнай мастацкай літаратуры”, дыпломы ІІ і ІІІ ступені на рэспубліканскай краязнаўчай канферэнцыі (за работу “Ціхае святло святой Прошчы” і “Старажытныя легенды Зборска”) і Рэспубліканскім конкурсе творчых работ навучэнцаў “Мае сваякі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, конкурсах “Маленькі салдат вялікай вайны”, “Сям’я — мост у будучыню”. У мінулым годзе за “Этнаграфічны праект “Злучальная нітка пакаленняў”: пошук — даследаванне — творчасць” Алена Анціповіч была адзначана дыпломам ІІІ ступені на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

Акцэнт у рэалізацыі этнаграфічнага праекта і стварэнні края­знаўчых работ настаўніца разам з вучнямі робіць на вывучэнні гісторыі сям’і, у першую чаргу перыяду Вялікай Айчыннай вайны. “У сем’ях маіх вучняў жывуць прадзядулі і прабабулі, якія помняць вайну. І гэта цудоўна. У дзяцей ёсць магчымасць стаць захавальнікамі гістарычнай памяці праз запісы ўспамінаў сваіх родных, напісанне даследчых работ. Узровень і лад жыцця сучаснага чалавека вельмі змяніўся ў параўнанні з жыццём ваеннага пакалення, ён стаў больш камфортным. Для ўсведамлення дзецьмі таго, наколькі складаны шлях прайшоў наш народ за амаль восем дзесяцігоддзяў, я і далучаю вучняў да краязнаўчай работы. Ад гісторыі сям’і мы ідзём да гісторыі краіны. А дапамагае нам у гэтым школьны гісторыка-краязнаўчы му­зей. Яго экспазіцыя дае вучням магчымасць зразумець, што кожны з нас з’яўляецца часткай мужнага народа, што нашы папярэднікі аддалі шмат сіл для таго, каб мы жылі ў камфортных умовах”, — паведаміла настаўніца.

Ва ўдзельнікаў гуртка музея­знаўства, якім кіруе Алена Гвідонаўна, ёсць выдатная магчымасць падрабязна даведацца пра гісторыю Асіповіч у розныя эпохі, а таксама ў рамках школьнага праекта “Вайна вачамі ўнукаў” праз знаёмства з экспанатамі, размовы са старэйшымі родзічамі скласці летапіс сваёй сям’і. Вучні не проста збіраюць успаміны, сямейныя рэліквіі, якія потым становяцца часткай экспазіцыі, але і дзеляцца ў даследчых работах развагамі наконт таго, як змяніліся іх адносіны да дзядуляў і прадзядуляў — сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баёў. Настаўніца імкнецца, каб сённяшнія школьнікі, нягледзячы на розныя выгоды цывілізацыі, захоўвалі гістарычную памяць, разумелі, якія цяжкасці пераадолеў наш народ у гады вайны і пасляваенны час.

Настаўніца не проста далучае дзяцей да гісторыі сям’і, краіны, але і імкнецца стварыць супольнасць захопленых гісторыяй дзяцей, якія б працягвалі зносіны і пасля заканчэння школы. “Мае вучні — гэта каманда, дзе хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць не толькі веды, але і маральнае задавальненне, акрыленасць ад краязнаўчай справы. Яны разумеюць, што поспех у жыцці — гэта не абавязкова фінансавы дабрабыт. Паспяховым ты становішся толькі ў тым выпадку, калі займаешся любімай справай”, — падзялілася Алена Гвідонаўна.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.