Быць першай, любімай і незабыўнай

Настаўніца пачатковых класаў Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Кацярына Генадзьеўна Юркевіч лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам. Яе дзіцячая мара спраўдзілася. Сёння яе радуюць любімая работа і дапытлівыя вучні-непаседы, якім ёй хочацца даць як мага больш ведаў, дабрыні і цяпла.

Перад Кацярынай Генадзьеўнай ніколі не стаяла пытанне “Кім быць?”. Яна ведала дакладны адказ на яго дзякуючы сваёй настаўніцы пачатковых класаў Ірыне Анатольеўне Музыка. Дзяўчынцы захацелася стаць падобнай да яе і працаваць гэтак жа, каб вучні і бацькі памяталі і былі ўдзяч­ныя ёй. З пачатковай школы захаваўся дыск з відэазапісам, на якім маленькая Каця заўзята расказвае аб сваіх педагагічных планах на будучыню. З часам яе жаданні ніколькі не змяніліся, так усё і адбылося!

Цёплыя адносіны са сваёй настаўніцай пачатковых класаў захаваліся да гэтага дня. Менавіта з ёй дзяўчына спачатку раілася, дзе вучыцца, а затым — як пачынаючаму педагогу спраўляцца з хваляваннем і першымі цяжкасцямі і, нарэшце, як стаць прафесіяналам. Яны і сёння пастаянна на сувязі. І настаўніца, безумоўна, ганарыцца сваёй мэтанакіраванай, крэатыўнай вучаніцай, якая праз гады пранесла дзіцячую цікавасць да педагогікі.

Кацярына паступіла ў Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Якуба Коласа. Пасля заканчэння адразу ж працягнула адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка, выбраўшы спецыялізацыю “Пачатковае навучанне”.

Сёння ў Кацярыны Генадзьеўны два дыпломы — аб сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а за плячамі пяць гадоў працы ў Азярцоўскай сярэдняй школе. Аб сваім выбары яна ніколі не па­шкадавала. Ёй падабаецца кожную раніцу спяшацца  ва ўтульны вялікі будынак да сваіх маленькіх вучняў, адчыняць ім дзверы ў таямнічую, неабсяжную краіну ведаў. Дзень настаўніка пачатковых класаў не можа быць сумным, манатонным ці шэрым. Варта толькі пераступіць парог школы — і з першых жа хвілін хлопчыкі і дзяўчынкі ўздыма­юць настрой, надаюць бадзёрасці і натхнення. Настаўніцы важна, што вучні рады ёй, штодня саграваюць шчырымі, даверлівымі адносінамі, здзіўляюць сваімі непасрэднасцю, непаўторнасцю і неардынарнымі думкамі. Падчас доўгага летняга адпачынку яна паспявае засума­ваць па сваіх гарэзах. Яны — яе лепшая матывацыя да самаразвіцця і самаўдасканалення.

— Калі прыйшла на працу ў Азярцоўскую школу, была асабліва рада таму, што мне далі менавіта першы клас, — расказвае К.Г.Юркевіч. — Разам з вучнямі і іх бацькамі, многія з якіх таксама былі навічкамі ў дадзенай установе, мы з самага пачатку прайшлі цікавы шлях даўжынёй у чатыры гады. Важна і тое, што ў школе побач са мной увесь гэты час знахо­дзяцца людзі, якія падаюць асабісты прыклад і ва ўсім дапамагаюць. У такіх умовах нельга не загарэцца  яшчэ больш, не імкнуцца да лепшых вынікаў, штодня не рабіць хаця б невялікі крок для таго, каб працаваць больш вынікова.

Кацярына Генадзьеўна імкнецца знайсці падыход да кожнага дзіцяці, стварыць аптымальныя ўмовы для камфортнай і цікавай вучобы. З часам зрабіла стаўку на тэхналогію калектыўнага навучання. Хацелася, каб дзеці актыўна супрацоўнічалі, з радасцю прыхо­дзілі на дапамогу адно аднаму, былі разумнымі, неабыякавымі не толькі да ўласных поспехаў, але і да аднакласнікаў.

— Такі спосаб навучання дае магчымасць зрабіць адукацыйны працэс больш яркім, дынамічным і, самае галоўнае, прадукцыйным, — адзначае маладая настаўніца. — Увогуле я пастаянна шукаю тое, што дапаможа мне больш зацікавіць маіх маленькіх вучняў. А гэта на сённяшні дзень адна з самых няпростых мэт. Зараз ім даспадобы сучасныя тэхналогіі, займальныя задачы, гульнявыя моманты, музычныя фізкультхвілінкі пад любімыя песні. Заўтра прыйдзецца шукаць нешта новае, небанальнае і нестандартнае, і гэта цікава.

На вучэбных занятках Кацярыны Генадзьеўны пануе атмасфера актыўнага пазнання, захопленасці працэсам навучання. Важную ролю тут іграе тое, што адносіны настаўніцы перадаюцца яе вучням. Яна прапаноўвае розныя віды дзейнасці, выкарыстоўвае творчыя і развіццёвыя заданні, не пакідае без увагі дасягненні дзяцей, заахвочвае да новых. Стараецца ператварыць урок у 45 мінут дзелавога супрацоўніцтва з вучнямі, настроіць іх на тое, што гэты час усе павінны выкарыстаць з максімальнай карысцю. Вучыць разважаць, аналізаваць, выказваць свае думкі, адстойваць свой пункт гле­джання і рабіць высновы.

— Я закладваю аснову, з якой мае вучні далей пойдуць па жыцці, — кажа К.Г.Юркевіч. — Гэта вельмі адказная справа! На працягу мінулага навучальнага года з хваляваннем сачыла за тым, як ідуць справы ў хлопчыкаў і дзяўчынак з майго першага выпуску, наколькі складана ім прывыкнуць да перамен у 5 класе, ці ўсе вучацца гэтак жа паспяхова, ці не згубіліся выдатнікі, як кожны з іх паво­дзіць сябе… Нездарма кажуць, што настаўнік ніколі не губляе сувязь з вучнямі, памятае іх. Я хвалююся і за тых, каго ўжо выпусціла з-пад свайго крыла, і за тых, каго буду вучыць далей.

Настаўніца адкрыта ўсяму новаму, дзень за днём з цікавасцю набіраецца вопыту. На працягу чатырох гадоў з’яўлялася намеснікам дырэктара школьнага аздараўленчага лагера, за працу якога бацькі выказалі шмат добрых, удзячных слоў. Была актыўным удзельнікам абласнога педагагічнага праекта “Фарміраванне сямейных каштоўнасцей  вучняў у адукацыйным працэсе”. Прымала ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага  конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, дзе заняла другое месца ў сваёй намінацыі. Кіраўніцтва і калегі рады такому папаўненню ў калектыве, бо бачаць жаданне маладога педагога працаваць добра, ініцыятыўнасць і адказнасць у кожнай справе.

Кацярына Генадзьеўна ўжо не ўяўляе свайго жыцця без школы і вучняў. Яна  ўпэўнена: сапраўдны педагог не мае права стаяць на месцы, яму неабходна ісці ў нагу з часам, развівацца як прафесіяналу і чалавеку, ставіць перад сабой новыя мэты і галоўнае — проста любіць дзяцей і сваю работу! Настаўнік пачатковых класаў абавязкова павінен стаць любімым і незабыўным для сваіх вучняў!

Таццяна ШЫМКО.