Быць прыкладам для вучняў

“Для свету вы можаце быць проста настаўнікам, але для сваіх вучняў вы павінны быць героем, прыкладам”, — лічыць настаўніца англійскай мовы Таццяна Мікалаеўна Шагун з ліцэя № 1 Баранавіч. За 15 гадоў прафесійнай дзейнасці педагог стала прыкладам не толькі для выхаванцаў, але і для калег.

Фота да матэрыяла: Быць прыкладам для вучняў.Таццяна Мікалаеўна прызнаецца, што не магла не выбраць настаўніцкую прафесію, бо на яе жыццёвым шляху (у школе, універсітэце, магістратуры і аспірантуры) заўсёды сустракаліся таленавітыя і творчыя педагогі, якія не проста давалі пэўныя веды, але і вучылі сваім прыкладам быць добрым, адказным, цікаўным, крэатыўным і самастойным чалавекам, цаніць прыгажосць навакольнага свету.

— Выбар філалагічнага профілю можна назваць авантурным, паколькі я вучылася, прычым на выдатна, у фізіка-матэматычным класе, — гаворыць Т.М.Шагун. — Было б лагічна выбраць прафесію, звязаную з дакладнымі навукамі. Але мне заўсёды падабаліся ўрокі англійскай мовы. У школе зачытвалася кнігамі па гісторыі Вялікабрытаніі, цікавілася культурай і традыцыямі брытанцаў, таму і вырашыла звязаць прафесійную дзейнасць з замежнай мовай.

Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага каледжа Таццяна Мікалаеўна засталася працаваць у ім выкладчыцай англійскай мовы. З утва-рэннем БарДУ стала старшым выкладчыкам кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы. Ва ўніверсітэце выкладала практычныя дысцыпліны, чытала лекцыі і праводзіла семінарскія заняткі па тэарэтычнай фанетыцы і граматыцы, лексікалогіі і ўводзінах у спецфілалогію. Скончыла магістратуру МДЛУ і аспірантуру БрДУ імя А.С.Пушкіна. Сёння Т.М.Шагун працуе над дысертацыяй, прысвечанай вывучэнню структурна-семантычных асаблівасцей фразеалагічных адзінак з саматычным кампанентам у сучаснай беларускай і англійскай мовах.

З 2016 года працуе ў ліцэі № 1 Баранавіч.

Таццяна Мікалаеўна — аўтар і суаўтар шэрага вучэбных выданняў: вучэбна-метадычнага дапаможніка з відэададаткам “Глядзім, чытаем, гаворым”, вучэбна-метадычнага дапаможніка з аўдыядадаткам “Актуальныя сацыяльныя праблемы”, зборніка практыкаванняў “Лексічны мінімум па англійскай мове” і электроннага вучэбна-метадычнага дапаможніка па тэарэтычнай фанетыцы “Асновы тэарэтычнай фанетыкі”. Гэтыя выданні педагог выкарыстоўвае ў якасці дадатковай метадычнай падтрымкі не толькі на ўроках, але і пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды па англійскай мове. Акрамя таго, на рахунку Т.М.Шагун 20 апублікаваных артыкулаў і матэрыялаў канферэнцый.

— Вельмі цаню сваю прафесію за тое, што яна дазваляе штодзень даведвацца штосьці новае, наладжваць цікавыя зносіны з вучнямі і калегамі, знаходзіць сяброў і аднадумцаў, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Праводжу ўрокі ў форме абмеркавання. Імкнуся выслухаць і пачуць кожнага вучня, не папракаючы за маўленчыя памылкі. Стараюся ствараць на занятках такія ўмовы, каб дзеці забылі, што гэта ўрок, не думалі пра ацэнку іх маўленчай дзейнасці, адчувалі сябе камфортна. Пераадоленне псіхалагічнага бар’ера гаварэння на замежнай мове — важны матыватар і галоўная ўмова для ўласнай маўленчай дзейнасці вучняў.

Таццяна Мікалаеўна лічыць, што актуальнасць і арыгінальнасць кантэнту, яго практычнасць і нечаканая форма прэзентацыі — тыя крытэрыі, якім павінны адпавядаць заняткі як са студэнтамі, так і са школьнікамі. Настаўніцы аднолькава цікава працаваць і з дарослымі, і са студэнтамі, і са школьнікамі.

— У кожнай з гэтых узроставых груп ёсць свае перавагі, а вось недахопаў няма, — адзначае Т.М.Шагун. — Розніца толькі ў методыцы выкладання: студэнты факультэтаў замежных моў высокаматываваныя, яны ўжо вызначылі для сябе мэту і ведаюць, да чаго імкнуцца. Задача ўніверсітэцкага выкладчыка — стварыць умовы для развіцця ўменняў маўленчай дзейнасці студэнтаў. Задача школьнага настаўніка — стварыць умовы для фарміравання і ўдасканалення навыкаў маўленчай дзейнасці з мэтай іх далейшага развіцця. Заўсёды з вялікай любоўю і цеплынёй успамінаю гады работы ва ўніверсітэце, сваіх калег і студэнтаў. Выкладчыцкая дзейнасць дапамагла выпрацаваць уласны стыль. Менавіта ва ўніверсітэце я сфарміравалася як выкладчык.

Па словах педагога, у эпоху інфармацыйных тэхналогій роля настаўніка змянілася. На дапамогу прыйшлі камп’ютары, мультымедыя, электронныя падручнікі, інтэрнэт і г.д. Сучасны настаўнік павінен быць высокаэрудзіраваным, умець працаваць з інфармацыяй, павышаць камп’ютарную дасведчанасць, рэфлексаваць.

— Даволі часта задумваюся, якім будзе настаўнік будучыні, ці заменяць яго камп’ютары і спецыяльныя чыпы з гатовымі ведамі, — гаворыць Т.М.Шагун. — Думаю, настаўнік будучыні — гэта інавацыйны настаўнік, які паспяхова выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі ў распрацоўцы і правядзенні заняткаў. Гэта партнёр, які вучыць і вучыцца сам, памочнік, які валодае аўтарытэтам дзякуючы прафесіяналізму, кампетэнтнасці і душэўным якасцям. Менавіта чалавечыя якасці больш за ўсё цэняць у педагогах: цярплівасць, талерантнасць, пачуццё гумару, аб’ектыўнасць, неабыякавасць… Ніколі штучны інтэлект не заменіць настаўніцкае слова і настаўніцкі прыклад. Настаўнікі будучыні — гэта дзеці, якіх мы сёння навучым не завучваць, а разумець, не глядзець, а бачыць, прапускаць вучэбны матэрыял праз прызму ўласнага вопыту, быць творчымі і самастойнымі ў прыняцці рашэнняў, адказнымі не толькі за сябе, але і за іншых.

Універсітэцкі вопыт Т.М.Шагун вельмі дапамагае ёй у настаўніцкай рабоце. Так, педагог актыўна далучае вучняў да навукова-даследчай дзейнасці. Пад кіраўніцтвам Таццяны Мікалаеўны ліцэісты даследавалі структурныя асаблівасці саматычных фразеалагізмаў англійскай і беларускай моў. Работа атрымала дыплом ІІ ступені на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў.

— З улікам дынамічнага грамадскага жыцця запас агульнанавуковых і спецыяльных ведаў, якімі авалодваюць сучасныя школьнікі, заўтра можа аказацца недастатковым, таму трэба фарміраваць у вучняў здольнасць да самастойнага пошуку неабходных ведаў, выхоўваць патрэбу ў пастаяннай самаадукацыі і творчасці, — расказвае Т.М.Шагун. — У сваёй дзейнасці рацыянальна спалучаю сучасныя педагагічныя тэхналогіі, арганізоўваю пазнавальную дзейнасць ліцэістаў шляхам саманавучання, самадыягностыкі і самакарэкцыі вынікаў, улічваю індывідуальны стыль работы вучняў, іх схільнасці, патрэбы і магчымасці, забяспечваю цэласнасць, праблемнасць, гнуткасць і актуальнасць зместу навучання. Інтэрактыўныя метады дапамагаюць фарміраваць уменні і навыкі размоўнага маўлення, асвойваць лексіку і граматыку. Актыўна звяртаюся на ўроках да англамоўнага кантэнту, які выкарыстоўваю ў якасці вучэбнага аўдыяматэрыялу.

Т.М.Шагун — фіналіст заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2017”. Таццяна Мікалаеўна ахвотна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі падчас мерапрыемстваў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.