Быць прыкладам прафесіяналізму

- 11:33Людзі адукацыі

Да сённяшняга часу памятаю ўражанні ад першай сустрэчы з Анатолем Міхайлавічам Насковым, якая адбылася 15 гадоў назад: “З гэтым чалавекам можна мець справу. Не падвядзе”. Прыемна, што за доўгі час нашага знаёмства першае ўражанне толькі ўмацавалася. Гады чыноўніцкай работы зусім не змянілі яго асобу. “Чалавечны, прыстойны, прынцыповы, кампетэнтны, добразычлівы…” — часта чую гэтыя словы ў адрас А.М.Наскова ад педагогаў і кіраўнікоў школ Брэста.

—Ужо ў 12 гадоў дакладна ведаў, што звяжу далейшае жыццё з педагогікай і стану настаўнікам гісторыі, — гаворыць Анатоль Міхайлавіч. — На прафесійны выбар паўплывалі тагачасны дырэктар сярэдняй школы № 2 Бялыніч Магілёўскай вобласці настаўнік гісторыі Пётр Максімавіч Кубараў, класныя кіраўнікі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Раіса Васільеўна Серыкава і Таццяна Аляксееўна Тарароева і многія іншыя цікавыя і таленавітыя педагогі. Вельмі ­ўдзячны бацькам, якія падтрымалі мой выбар і заўсёды дапамагалі. Упэўненасць у яго правільнасці ўмацавалася ў гады навучання на гістарычным факультэце тагачаснага Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова.

Па сямейных прычынах А.М.Наскоў у 1990 годзе пераехаў у Брэст, дзе ўладкаваўся настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў сярэднюю школу № 18. Праз 8 гадоў узначаліў гімназію № 3. У 2005 годзе стаў начальнікам аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. З 2011 года працуе начальнікам аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама.

— Пачынаў педагагічную дзейнасць у складаныя 90-я гады, калі было цяжка не толькі школьным настаўнікам, — расказвае Анатоль Міхайлавіч. — На жаль, менавіта з таго часу пачаў падаць прэстыж настаўніцкай працы ў вачах дзяцей і іх бацькоў. З-за невысокіх заробкаў многія педагогі-мужчыны сышлі з прафесіі. Я вельмі рады, што вытрымаў, застаўся ў адукацыі і прадоўжыў займацца любімай справай, якая да сённяшняга часу прыносіць вялікае задавальненне, нягледзячы на змяненне службовага статусу. Шчыра кажучы, не ведаю, кім цяжэй працаваць: настаўнікам, дырэктарам ці начальнікам аддзела па адукацыі. На кожнай з гэтых пасад трэба шчыраваць — добрасумленна, самааддана і высокапрафесійна. Педагогі і кіраўнікі заўсёды навідавоку. Сваімі паводзінамі яны фарміруюць імідж адукацыйнай галіны ў цэлым.

А.М.Наскоў удзячны настаўнікам, выхавальнікам і кіраўнікам устаноў адукацыі Брэста не толькі за іх выніковую работу, але і за падтрымку ў агульных справах. Без кампетэнтных кадраў і аднадумцаў немагчыма дасягнуць пастаўленых мэт. А ганарыцца гарадской сістэме адукацыі, якая развіваецца дынамічна і паспяхова, ёсць кім і чым.  

За 30 гадоў работы ў адукацыйнай галіне Анатоль Міхайлавіч бачыў не адно пакаленне педагогаў і кіраўнікоў. Іх аблічча мянялася разам са зменамі ў грамадстве. Але аснову прафесійных якасцей па-ранейшаму складаюць адданасць выбранай справе, сумленная, шчырая і прафесійная праца.

— Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, сучасныя педагогі больш мабільныя, у тым ліку ў самастойным авалодванні новымі ведамі і аператыўным рэагаванні на актуальныя запыты грамадства, — адзначае А.М.Наскоў. — Разам з тым яны і больш прагматычныя. Не заўсёды ў сённяшніх педагогаў ёсць высокія маральныя матывы, якія дамінавалі ў прафесійным выбары папярэднікаў. Вялікай увагі патрабуе падбор якасных кіруючых кадраў. Калі настаўнік павінен быць прыкладам для вучняў, то кіраўнік — для падначаленых. Без маральных і прафесійных арыенціраў нельга палепшыць кадравы патэнцыял. Толькі дасканалыя і глыбокія веды, высокі прафесіяналізм забяспечваюць поспех любой справы. Кіраўнік павінен ставіць перад падначаленымі зразумелыя і дакладныя задачы, умець кантраляваць іх выкананне. Многае з гэтага прыходзіць не адразу, а з вопытам.

Як кіраўніка Анатоля Міхайлавіча хвалююць найперш праблемы, звязаныя з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, арганізацыяй бяспечных умоў навучання і якаснага харчавання, павышэннем якасці адукацыі. Сярод актуальных пытанняў — забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, паляпшэнне выніковасці ўдзелу вучняў у інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах, цэнтралізаваным тэсціраванні.

З-за вялікага аб’ёму работы ў А.М.Наскова застаецца няшмат вольнага часу, у першую чаргу для сям’і. Ра­зам з жонкай-настаўніцай Анатоль Міхайлавіч выхоўвае дзвюх дачок.

— З гадамі мяняюцца захапленні. Калі ў маладосці займаўся разьбой па дрэве, слесарствам, фотасправай, ігрой на духавых інструментах, то сёння ім на змену прыйшлі садаводства і будаўнічыя работы, — дадае А.М.Наскоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.