Быць прыкладам ва ўсім

На музычныя заняткі Віктара Сцяпанавіча Будзько — кіраўніка дзіцячага ўзорнага духавога аркестра гімназіі № 3 Віцебска — навучэнцы прыходзяць з задавальненнем. Тут іх сустракае Настаўнік з вялікай літары, які не толькі дапамагае асвоіць партытуры музычных твораў, але і вучыць працаваць дасканала, сумленна, быць адной камандай —  зладжаным аркестрам.

Гартаючы альбом з фотаздымкамі, Віктар Сцяпанавіч прыгадвае, што музыкай стаў захапляцца з дзяцінства, лёгка асвойваў ігру на музычных інструментах. Акрамя вучобы ў школе, шмат выступаў, іграў у аркестры, таму і выбар будучай прафесіі быў невыпадковым.

У 1977 годзе Віктар Сцяпанавіч Будзько скончыў музычнае вучылішча ў Наваполацку, а затым у 1985 годзе — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі ў Мінску па спецыяльнасці “Інструментальнае выканальніцтва (фагот). Дырыжор духавога аркестра”. Пачаў сваю педагагічную дзейнасць у першай школе Віцебска. Менавіта тут дзякуючы ініцыятыве В.С.Будзько ў 1979 годзе быў створаны дзіцячы духавы аркестр. За кароткі час Віктар Сцяпанавіч змог скамплектаваць асноўны калектыў аркестра. І пачалася карпатлівая работа па падборы і развучванні першых твораў. Як кіраўнік аркестра Віктар Сцяпанавіч быў справядлівы і спагадлівы да дзяцей.

Ішоў час, і ў 1982 годзе аркестру, аднаму з першых у Віцебску, было прысвоена званне “ўзорны”. А ў 1986 годзе аркестр стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу. Характэрна, што адзін з удзельнікаў аркестра — Андрэй Марозаў — з’яўляўся лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах.

Самымі яркімі і незабыўнымі ў біяграфіі Віктара Будзько былі гады службы (з 1986 па 2006) на Паўночным флоце Расійскай Федэрацыі. Віктар Сцяпанавіч мае ўзнагароды: шматлікія граматы, тры імянныя гадзіннікі камандуючага Паўночным флотам, медаль “За бездакорную службу ў Запаляр’і”. У цяперашніх выхаванцаў дух захоплівае ад гордасці, калі яны слухаюць аповеды свайго кіраўніка пра той незабыўны перыяд жыцця.

Часта В.С.Будзько ўспамінаў родную Віцебшчыну. У 2007 годзе падпалкоўнік Віктар Сцяпанавіч Будзько вярнуўся ў родны горад і стаў кіраўніком узорнага духавога аркестра гімназіі № 3 Віцебска. За гэты час Віктар Сцяпанавіч зарэкамендаваў сябе прафесійна дасведчаным, ініцыятыўным педагогам.

Трэба адзначыць, што Віктар Сцяпанавіч умее працаваць з дзецьмі рознага ўзросту, арганізоўваць іх музычную дзейнасць і прадстаўляць вынікі працы ў выглядзе выступлення на высокім узроўні. Так, у складзе аркестра ёсць падрыхтоўчая група — навучэнцы 3—4 класаў, асноўны склад аркестра — вучні 5—11 класаў.

Добрасумленнасць, высокая працаздольнасць, сучасныя прафесійныя патрабаванні да сябе і дзіцячага калектыву — вось асноўныя рысы прафесійнай дзейнасці Віктара Сцяпанавіча. Ён ганарыцца дасягненнямі сваіх вучняў: трубач Сяргей Карташоў стаў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання і вакалу ВДУ імя П.М.Машэрава, кандыдатам педагагічных навук. Яшчэ адзін трубач Сяргей Голуб таксама прысвяціў сябе музыцы, быў неаднаразовым лаўрэатам абласнога конкурсу і членам журы дзіцячага конкурсу на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Андрэй Марозаў увогуле ўнікальны вучань. Ён іграў на акардэоне, на тубе, якую ледзь трымаў у маленькіх дзіцячых руках. Але вельмі ўпарта ішоў да сваёй мэты: паступіў у музычнае вучылішча па класе тубы, потым стаў лаўрэатам рэспубліканскага і міжрэспубліканскага конкурсаў, дыпламантам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах. Адзін з навучэнцаў, Андрэй Кастэнка-Гаўрылаў, калі быў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта народнай гаспадаркі, выкарыстаў свой вопыт навучання ў аркестры і стварыў аналагічны студэнцкі калектыў, працягнуў справу свайго настаўніка і далучыў да музыкі іншых.

У 2009 годзе аркестр зноў пацвердзіў званне “ўзорны”. За перыяд з 2010 па 2019 год дзіцячы духавы аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Сцяпанавіча Будзько неаднаразова станавіўся лаўрэатам конкурсаў і фестываляў абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню.
І гэты поспех невыпадковы. Ён — вынік шматгадовай плённай, карпатлівай працы. Свае ўрокі Віктар Сцяпанавіч Будзько праводзіць творча, выкарыстоўвае эфектыўныя метады і формы работы, выпрацоўвае ў вучняў навыкі выканальніцкага майстэрства і працавітасці. Дзякуючы актыўнасці і ініцыятыве Віктара Сцяпанавіча, за гэты час пашырыўся асноўны склад аркестра, абнаўляецца рэпертуар калектыву.

Нішто на свеце не можа замяніць сапраўдных жывых зносін, сяброўскіх поціскаў рук і абдымкаў. І ў гэтым пераканаліся ўдзельнікі дзіцячага духавога аркестра, якія ў 2011 годзе наведалі па запрашэнні горад Нінбург. За час знаходжання ў Германіі навучэнцы далі мноства канцэртаў, уразілі нямецкую публіку яркасцю, разнастайнасцю рэпертуару і віртуознасцю выканання музычных твораў. Пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва — гэта папулярызацыя беларускіх традыцый і культуры, магчымасць наладзіць сяброўскія зносіны, знаёмства з культурай і традыцыямі народаў іншых краін.

Па словах дырэктара гімназіі № 3 Віцебска Людмілы Васільеўны Сомавай, “кіраўнік аркестра Віктар Сцяпанавіч Будзько — добразычлівы, дысцыплінаваны, метадычна дасведчаны і патрабавальны да сябе і калег настаўнік, ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод педагогаў, вучняў і іх бацькоў”.

Рэпетыцыі, канцэрты, выезды, новыя ўражанні натхняюць хлопчыкаў — удзельнікаў дзіцячага духавога аркестра, і на свайго кіраўніка яны глядзяць з заміраннем сэрца: ён з’яўляецца для іх бясспрэчным аўтарытэтам. Віктар Сцяпанавіч лічыць, што ў рабоце з дзецьмі трэба дзейнічаць сумленна. Нельга дапускаць фальшу, бо яны ўсё добра разумеюць. Дзеці павінны паважаць  настаўніка, бачыць яго прафесіяналізм і жаданне наву­чыць. Трэба  верыць у кожнага вучня незалежна ад узроўню яго ведаў і здольнасцей, у кожным бачыць асобу, садзейнічаць яго развіццю, фарміраваць уменне працаваць у калектыве. Толькі тады можна дабіцца станоўчага выніку.

А наперадзе, па меркаванні Віктара Сцяпанавіча, шмат планаў і задумак: набыццё новых музычных інструментаў, пашырэнне рэпер­туару аркестра, падарожжы, дабрачынныя акцыі, канцэрты, выступленні і, канечне, новыя дасягненні. 

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.