Быць татам — у трэндзе

На адрас “Настаўніцкай газеты” рэгулярна паступаюць лісты ад класных кіраўнікоў. У сваіх разважаннях яны вельмі шмат увагі ўдзяляюць узаемаадносінам сям’і і школы, ролі бацькоў у адукацыйным працэсе. Напрамак даследаванняў правільны. Напрыклад, даказана, што акадэмічная паспяховасць вучня павышаецца на трэць, калі тата проста знаходзіцца побач падчас выканання дамашняга задання. Неабавязкова нават разбірацца ў фізіцы ці хіміі. Пра гэта і не толькі нам расказаў кіраўнік сацыяльна-асветніцкай арганізацыі “Бацькоўства” Аляксандр ВЯЛІЧКА.

Фота да матэрыяла: Быць татам — у трэндзе.— Аляксандр Генадзьевіч, наколькі актуальная праблема несвядомага бацькоўства для нашай краіны?

— Калісьці мы праводзілі простае даследаванне. Яго нельга лічыць рэпрэзентатыўным для цэлай краіны, але агульнае ўяўленне яно сфарміравала. Мы склалі маленькае апытанне і пагутарылі з падлеткамі пра іх стасункі з татамі. Атрымалі індэкс уцягнутасці бацькі ў жыццё дзіцяці — 4%. Калі груба абагульніць, толькі 4% бацькаў хоць неяк удзельнічаюць у жыцці дзяцей. А не так даўно Нацыянальны статыстычны камітэт пацвердзіў нашу ацэнку. Па яго даследаванні “Як мы выкарыстоўваем наш час”, бацька праводзіць з дзецьмі менш за 3% свайго часу.

Удзел (ці няўдзел) бацькі ў жыцці дзіцяці аказвае ўплыў на ўсё яго жыццё. Амерыканскія навукоўцы сцвярджаюць, што

IQ у дзяцей з актыўным бацькам на 12 працэнтаў вышэйшы, чым у іншых дзяцей, эмацыянальны інтэлект — у 3 разы.

Зараз мы зацікавіліся сувяззю паміж бацькоўскім уплывам і самагубствам (Беларусь стала 5 краінай у свеце і 3 у Еўропе па колькасці суіцыдаў. — Заўв. аўт.). Высветлілася, што 62% падлеткаў, якія скончылі жыццё самагубствам і пакінулі хоць нейкую запіску, назвалі як прычыну доўгі невырашальны сямейны канфлікт. А хто нясе ключавую адказнасць за ўсё, што адбываецца ў сям’і? Яе галава — бацька! Пра гэта мы і расказваем на нашых семінарах для бацькоў.

— Як праходзяць семінары?

— Першы кантакт з татамі — матывацыйны. Мы прапануем статыстыку, паказваем узаемасувязь паміж паталогіямі ў развіцці асобы і ўдзелам бацькі ў яе выхаванні. На сустрэчы “Свету патрэбны бацька” расказваем пра перыяды жыцця чалавека і ролю бацькі ў кожным з іх. Падчас трэнінгу “Падары дзіцяці тату” тлумачым, як наладзіць узаемаадносіны з дзецьмі.

Звычайна мужчыны не настроены вучыцца бацькоўству: прызнаць свае памылкі складана. Але пасля адкрытай гутаркі многія бачаць, наколькі іх сітуацыя блізкая да таго, што мы апісваем, і чым гэта можа абярнуцца. Яны прымаюць рашэнне далучыцца да нашай групы падтрымкі або стварыць сваю. Звычайна гэта каля пяці чалавек.

— У групах падтрымкі мужчыны разам вучацца бацькоўству?

— Так, мы праходзім праграму “50 жыццёва важных звычак бацькі” — гэта 7 вялікіх тэматычных блокаў, якія мы разглядаем за 56—58 сустрэч. Напрыклад, першы блок называецца “Унікай у сябе”: мы абмяркоўваем, які прыклад паказваем дзецям, якія прывіваем якасці сваімі паводзінамі. Гутарым пра мэтанакіраванасць, уменне даводзіць справы да канца, слухаць, абараняць, браць адказнасць. У іншых блоках мы разважаем пра ўзаемаадносіны мужчыны з жонкай і дзецьмі, пра сацыяльную пазіцыю і духоўнае жыццё.

Першая група прайшла гэтую праграму ў мінулым годзе. Пасля мы значна яе адкарэкціравалі. Недзе было занадта мудрагеліста, а мы імкнёмся зрабіць так, каб кожны бацька адчуў, што ён гэта можа, а лепш — даўно ўсё гэта ведае. Недзе тэмы аказаліся неактуальнымі, а недзе, наадварот, выявіліся новыя важныя тэмы для гутаркі. Так, плануем дадаць цэлы блок “Як быць бацькам у разводзе”. Зараз па гэтай праграме займаюцца групы не толькі ў нас, але і ў Латвіі, Украіне, Расіі.

Нашы сустрэчы не выглядаюць як лекцыі. Цэнтральнай асобы ў гутарках няма, я толькі мадэрырую сустрэчы: вяду рэй і сачу за часам.

Мы лічым, што калектыўная мудрасць нашмат вышэйшая за мудрасць нават самага адукаванага чалавека.

Мы бачым вялікі эфект ад таго, што бацькі дзеляцца сваім вопытам па зададзенай тэме. У групе, з якой я зараз займаюся, ёсць і малады тата, дачцэ якога няма яшчэ года, і дзядуля з вельмі негатыўным вопытам. І самы каштоўны вопыт — гэта якраз гісторыя чалавека, які ўжо зрабіў усе магчымыя памылкі, усвядоміў іх і спрабуе выправіць наступствы. Калі іншыя бачаць, што ён не апускае рукі, — гэта ўражвае.

Другая вельмі важная рэч — узаемныя справаздачы. Пасля кожнай гутаркі ўдзельнікі прымаюць рашэнні. Напрыклад, абмеркавалі ўменне даводзіць справы да канца — і кожны паабяцаў зрабіць нешта простае, якое лёгка выконваецца і — што вельмі важна! — лёгка правяраецца. Наступная сустрэча пачнецца з пытання “Ты ў мінулы раз вырашыў зрабіць гэта і гэта. Што атрымалася?”. Нявыкананае заданне будзе заставацца на наступны раз, пакуль мужчына з ім нарэшце не справіцца.

Кожны блок завяршаецца агульнай, сацыяльна значнай справай. Мы самі вырашаем, што зрабіць. З мінулай групай мы рамантавалі агароджу ў дзіцячым доме, збіралі рэчы для беднай вясковай сям’і, дапамагалі маці-інваліду сабраць ураджай. Напярэдадні Каляд, думаю, збяром падарункі для нашых небагатых суседзяў.

Мы хочам, каб мужчыны з групы падтрымкі сталі адзін аднаму сябрамі і памочнікамі, таму праводзім і сямейныя сустрэчы. Хутка збяромся ў нашай канферэнц-зале, штосьці падрыхтуем, пазнаёмімся.

— А што адбываецца, калі праграма скончылася?

— Я спадзяюся, што фінальная сустрэча гэтай групы стане першай сустрэчай для наступнай, а ўдзельнікі сённяшняй групы — трэнерамі. Напэўна, гэта зараз галоўная задача для нас як для арганізацыі, бо ўсвядомленае бацькоўства — не тая рэч, якую можна рэкламаваць па радыё і тэлебачанні. Гэта не працуе. Працуюць простыя чалавечыя стасункі. Адзін з наведвальнікаў нашай групы ўжо прывёў з сабой на заняткі сябра, як мінімум у двух ужо бачу патэнцыял трэнераў.

Каб мадэрыраваць сустрэчы, не трэба мець спецыяльную адукацыю. Мы распрацавалі падрабязны дапаможнік для трэнераў з інструкцыямі для кожнай сустрэчы: якія гульні правесці, на што звярнуць увагу, каб раскрыць тэму.

Цяпер мы плануем развіваць валанцёрскі напрамак. Мы ўжо дамаўляемся пра тое, каб прачытаць некалькі лекцый у беларускіх універсітэтах. Спадзяюся, што так у нас атрымаецца знайсці валанцёраў, якія і будуць праводзіць заняткі.

— Трэнерамі груп могуць стаць і настаўнікі?

— Так, нядаўна мы расказвалі пра гэтую магчымасць на сустрэчы з намеснікамі па выхаваўчай рабоце дырэктараў школ Гомельскай вобласці. Мы можам правесці семінар з бацькамі, дапамагчы ў арганізацыі групы падтрымкі, магчыма, правесці ў пачатку некалькі сустрэч. Але пры ўмове, што на месцы знойдзецца нехта, хто працягне справу. Магчыма, настаўнік. Мы разумеем, што ў яго і без таго вялікая нагрузка. Калі ініцыятыва — ад педагога, яна будзе мець больш афіцыйны характар. Таму ідэальны варыянт, канечне, калі

школа становіцца ініцыятарам першага семінара і вылучае месца для бацькоўскіх сустрэч, а бацькі самі збіраюць групу і праводзяць заняткі.

А для педагогаў мы плануем наладзіць навучанне рабоце з бацькамі. Зараз якраз абмяркоўваем гэтае пытанне на факультэце сацыяльнай педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, а дакладней, з прафесарам Віктарам Уладзіміравічам Чэчатам. Дарэчы, у яго каласальны вопыт: ён пісаў пра бацькоўства яшчэ ў 70-я гады!

— А ці не прасцей прадухіліць праблему — пачаць вучыць бацькоўству з ранняга ўзросту?

— Мы ўсё часцей задумваемся пра прафілактыку. На жаль, паўнавартаснай праграмы для пастаяннай работы з дзецьмі ў нас пакуль няма. Але ў жніўні мы ўжо сустракаліся з дзецьмі ў лагерах. Для хлопчыкаў распрацавалі семінар “Рыцар са сталі і аксаміту”, дзе расказваем пра спалучэнне сілы і пяшчоты ў сапраўдным мужчыне. А для дзяўчынак праводзім семінар “Як перамагчы дракона” — пра тое, як знайсці прынца, а дакладней, як стаць прынцэсай, якую гэты самы прынц шукае. Згодна з казкамі, прынцэсы жывуць у высокіх вежах (г.зн. недаступныя) пад крылом страшнага дракона (г.зн. пад аховай бацькі). Напрыклад, мае дочкі спярша крыўдавалі, калі я адваджваў кавалераў, ды зараз разумеюць, што гэта мой абавязак як бацькі, а сапраўднае каханне пройдзе праз усе перашкоды.

Сацыяльна-асветніцкая ўстанова “Бацькоўства” працуе з 2017 года. Аб’ядноўвае мужчын рознага ўзросту і сацыяльнага палажэння, якія імкнуцца стаць больш актыўнымі і адказнымі бацькамі і дапамагчы ў гэтым іншым.

— І як бацька, і як трэнер вы шмат гутарыце з сучаснымі татамі. Ці мяняецца іх стаўленне да бацькоўства?

— Я заўважаю, што татаў з каляскамі становіцца ўсё больш. Яшчэ год назад, калі прывозіў дачку на заняткі па гімнастыцы, быў адзін сярод мам, а сёння татаў амаль палова. Бацькоўства становіцца трэндам.

Я ў захапленні ад маладых татаў: яны прыходзяць вучыцца, не хочуць рабіць памылак. Многія сумленна прызнаюцца, што самі раслі ў нешчаслівых сем’ях і не маюць добрай мадэлі бацькоўства. Але звяртаюцца і тыя, у каго такіх праблем няма. Гэта гаворыць пра тое, што мужчыны сталі больш мудрымі.

Асабліва гэта тычыцца паспяховых мужчын. Сярод іх зараз модна праводзіць сямейныя выхадныя, некаторыя нават выключаюць тэлефон, каб справы не перашкаджалі. Думаю, гэта звязана з тым, што кожны паспяховы чалавек клапоціцца пра захаванне сваёй справы і выхаванне нашчадка, які зможа і захоча гэта зрабіць. Таму такія бацьці вельмі зацікаўлены ў сваіх дзецях. І гэта добрая тэндэнцыя.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.