Быць у роўных умовах

Як паведамлялася раней, Міністэрства адукацыі і непасрэдна Дэпартамент кантролю якасці адукацыі вядуць распрацоўку праекта закона “Аб ліцэнзаванні” ў частцы правядзення ліцэнзавання ўстаноў адукацыі. У гэтай рабоце задзейнічаны органы кіравання адукацыйнай галіной, дырэктары навучальных устаноў, педагогі.

Некаторыя меркаванні аб значнасці ліцэнзавання ў развіцці адукацыйнай галіны мы сёння прадстаўляем нашым чытачам.

Наталля Бушная.

Наталля Уладзіміраўна БУШНАЯ, дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, настаўніца матэматыкі вышэйшай катэгорыі, кандыдат педагагічных навук, выдатнік адукацыі.

— З майго пункту гледжання, ліцэнзаванне ўстаноў адукацыі з’яўляецца важнай і своечасовай мерай, накіраванай на захаванне бяспекі і якасці адукацыі. Адукацыя, як гэта трактуецца ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, — гэта навучанне і выхаванне ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы. Таму ўстановы, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, павінны разумець тую адказнасць, якая кладзецца на іх. Больш за тое, яны павінны ўсведамляць і прадбачыць вынікі сваёй адукацыйнай дзейнасці. Якасць адукацыі — гэта не толькі колькасныя паказчыкі. Якасць адукацыі звязана з яе сацыяльнай значнасцю. Сёння, калі ва ўсім свеце мы назіраем неспакойную сітуацыю, неабходна пераносіць акцэнт нашай работы  з трансляцыі ведаў на выхаванне грамадзяніна, фарміраванне і развіццё ў навучэнцаў адказных адносін да сваёй жыццядзейнасці. У выхаванні падрастаючага пакалення мы павінны аб’яднаць свае намаганні, рэалізоўваць новыя кірункі, шукаць больш дзейсныя формы і метады. Для гэтага Міністэрства адукацыі распрацавала Канцэпцыю і Праграму бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, дзе прадстаўлены цэлы спектр мерапрыемстваў, фестываляў, акцый, накіраваных на рэалізацыю пастаўленых задач у выхаваўчай рабоце. Для тых, хто працуе ў дзяржаўных установах адукацыі, гэтыя кірункі выступаюць арыенцірамі ў дзейнасці навучальных устаноў. Думаю, што ўстановы адукацыі прыватнай формы ўласнасці не павінны іх ігнараваць, бо гэта вынік работы цэлых навуковых калектываў. 

Немалаважны аспект, які прадугледжвае ліцэнзаванне, звязаны і са стварэннем бяспечных умоў у навучальнай установе, звязаных не толькі са знаходжаннем там дзяцей, але і з атрыманнем імі адукацыі. Дзяржаўным установам прад’яўляюцца даволі жорсткія патрабаванні ў гэтым кірунку. Гаворка ідзе аб рэсурсным забеспячэнні ўстановы адукацыі, куды ўключаны чалавечы рэсурс і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Дзяржаўныя ўстановы адукацыі сістэмна працуюць на нарошчванне ўсіх відаў рэсурсаў. Мы ствараем умовы для павышэння кваліфікацыі педагогаў, ажыццяўляем метадычную падтрымку ў адпаведнасці з зацверджанымі нашым міністэрствам адукацыйнымі праграмамі і вучэбнымі планамі. Забяспечанасць педагагічнымі кадрамі і іх кваліфікацыйны склад выступаюць важным паказчыкам дзейнасці ўстановы адукацыі.

Думаю, што законныя прадстаўнікі навучэнцаў, як ніхто іншы, павінны быць зацікаўлены ў тым, каб кампетэнтныя структуры, якія ажыццяўляюць кантрольную дзейнасць дзяржаўных устаноў адукацыі, далі адпаведную ацэнку гатоўнасці і прыватнага адукацыйнага сектара, у тым ліку ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Дзяржаўная ўстанова адукацыі не атрымае сертыфіката гатоўнасці да новага навучальнага года, калі ўсе тэхнічныя камунікацыі, усе памяшканні, у якіх ажыццяўляецца адукацыйны працэс, не будуць адрамантаваны. Гэта не нейкія фармальныя паказчыкі, а бяспека тых, хто знаходзіцца ў будынку, і гэта нашы дзеці. Зусім не хочацца, каб нас штучна дзялілі на дзяржаўныя і прыватныя ўстановы адукацыі. Усе разам мы складаем сістэму адукацыі нашай краіны. Усе мы зацікаўлены ў тым, каб нашы дзеці атрымалі добрую адукацыю, каб яны сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. У дзяржаўных устаноў адукацыі абсалютна дакладна няма камерцыйных мэт. Спадзяюся, што і ўстановы адукацыі прыватнай формы ўласнасці не ставяць у цэнтр увагі свае фінансавыя інтарэсы. А значыць, і падставы для нейкіх хваляванняў, звязаных з ліцэнзаваннем, не павінна быць. Трэба проста выканаць усе патрабаванні, якія прад’яўляюцца да дзяржаўных і прыватных устаноў адукацыі. Мы аб’яднаны адной мэтай — вучыць дзяцей — і павінны быць у роўных умовах. 

Святлана Кавалеўская.

Святлана Станіславаўна КАВАЛЕЎСКАЯ, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. 

— Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам, непасрэдна галоўным упраўленнем адукацыі, была падтрымана ініцыятыва Міністэрства адукацыі па ўвядзенні ліцэнзавання на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці. У распрацоўцы праекта закона “Аб ліцэнзаванні” ў частцы “Адукацыйная дзейнасць” наш рэгіён вынес свае прапановы і меркаванні. 

Як вядома, цяпер пры адкрыцці ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі прыватнай формы ўласнасці не патрабуецца ўзгаднення з органамі кіравання адукацыяй, што не дазваляе ў належнай меры ажыццявіць кантроль за забеспячэннем якасці адукацыі па шэрагу пазіцый, сярод якіх — адпаведнасць навучання адукацыйным стандартам, наяўнасць неабходнай вучэбна-праграмнай дакументацыі, патрэбнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, выкананне патрабаванняў санітарных норм і правіл, кадравае забеспячэнне і інш. Атрыманне ліцэнзіі навучальнымі ўстановамі прыватнай формы ўласнасці выключыць магчымасць прадастаўляць адукацыйныя паслугі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства.

Паводле інфармацыі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства, працэдуру дзяржаўнай акрэдытацыі сёння праходзіць не больш за 10% прыватных устаноў адукацыі. Адсутнасць дзяржаўнай акрэдытацыі не дазваляе навучальнай установе прыватнай формы ўласнасці выдаваць дакумент аб адукацыі. Такім чынам, адукацыйны працэс у такіх установах адукацыі завяршаецца ў 8 класе, бо пасля заканчэння навучэнцамі 9 і 11 класаў патрабуецца выдача дакумента аб адукацыі. У выніку навучэнцы завяршаюць сваё навучанне, як правіла, у дзяржаўных установах адукацыі. 

Трэба сказаць, што ў вобласці існуюць прыклады паспяховай дзейнасці прыватных навучальных устаноў, кіраўнікі якіх з адказнасцю ставяцца да дзейнасці ўстановы адукацыі, выконваюць усе дзяржаўныя патрабаванні, якія неабходны пры ажыццяўленні якаснага навучання. Вось адзін з такіх прыкладаў. Пеляская сярэдняя школа функцыянуе на тэрыторыі Воранаўскага раёна. Установа адукацыі падтрымлівае цесныя сувязі ў арганізацыі сваёй дзейнасці з аддзелам адукацыі райвыканкама. У сваю чаргу кіраўніцтва адукацыі раёна праводзіць комплекснае вывучэнне дзейнасці школы згодна з зацверджаным графікам. Установа адукацыі праходзіць дзяржаўную акрэдытацыю раз у пяць гадоў. Навучанне ва ўстанове адпавядае дзяржаўным адукацыйным стандартам. Па стане тэрыторыі, будынка, памяшканняў установы адукацыі заўвагі з боку санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства адсутнічаюць. Вучэбныя кабінеты аснашчаны сучасным абсталяваннем, неабходным для арганізацыі адукацыйнага працэсу. У навучальнай установе створана спартыўная база, укамплектаваная адпаведным спартыўным інвентаром. Педагогі школы праходзяць павышэнне кваліфікацыі разам з настаўнікамі-прадметнікамі дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У міжкурсавы перыяд настаўнікі ўстановы адукацыі прымаюць удзел у пасяджэннях раённых, абласных метадычных камісій. На базе Пеляскай сярэдняй школы праводзяцца семінары-практыкумы, пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання бібліятэкараў, іншыя мерапрыемствы. Вучні 9, 11 класаў здаюць тыя ж выпускныя іспыты, што і навучэнцы выпускных класаў дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля завяршэння навучання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі выпускнікі атрымліваюць дакументы ўстаноўленага ў Рэспубліцы Беларусь узору.

Алена Мішчанка.

Алена Алегаўна МІШЧАНКА, заснавальнік і дырэктар прыватнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа “Інавацыя”, старшыня Асацыяцыі прыватных устаноў адукацыі.

— Прыватныя ўстановы адукацыі, а самае галоўнае — законныя прадстаўнікі нашых навучэнцаў, падтрымліваюць ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці на ўзроўнях дашкольнай i агульнай сярэдняй адукацыі. На маю думку, ліцэнзаванне на гэтых узроўнях адукацыі выступіць гарантам законнасці і якасці адукацыі, што важна для абароны правоў навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў.

Працэдура ліцэнзавання дазволіць да пачатку работы ўстановы адукацыі аб’ектыўна ацаніць яе патэнцыял і ўмовы для ажыццяўлення адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Толькі ва ўстановах, дзе ажыццяўляецца адукацыйны і выхаваўчы працэс у поўнай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, існуюць сістэмнасць і цэласнасць агульнакультурнага, асобаснага і кагнітыўнага развіцця і самаразвіцця навучэнцаў, пераемнасць мэт, задач, зместу навучання, ступеней адукацыi, інтэграванасць асноўнай і дадатковай адукацыі і многае іншае.

У частцы “Адукацыйная дзейнасць” праекта закона “Аб ліцэнзаванні” замацаваны агульныя прававыя і арганізацыйныя асновы для забеспячэння дзяржаўнага кантролю за арганізацыяй дзейнасці ўстаноў адукацыі ўсіх форм уласнасці яшчэ ў момант іх стварэння, фарміравання або рэарганізацыі. Акрамя таго, вельмі важна для нас, прадстаўнікоў прыватных устаноў адукацыі, забеспячэнне роўных умоў для арганізацыі і ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці.

У цяперашні час, знаходзячыся па-за ліцэнзійным рэгуляваннем, у нашай краіне ствараюцца і рэгіструюцца ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі прыватнай формы ўласнасці як суб’екты гаспадарання па заяўным прынцыпе. У дзень падачы дакументаў выдаецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі на права называцца і ажыццяўляць дзейнасць як прыватная ўстанова адукацыі. Далейшы алгарытм дзеяння, па сутнасці, трымаецца толькі на грамадзянскай адказнасці заснавальніка гэтай юрыдычнай асобы. На жаль, многія прыватныя ўстановы адукацыі так і працуюць многія гады, не заяўляюць пра сябе ў мясцовыя органы кіравання адукацыяй рэгіёнаў. Іх няма ў рэестры ўстаноў адукацыі, яны не трапляюць у статыстычную справаздачнасць.

У адным з артыкулаў праекта закона “Даліцэнзійныя патрабаванні” прапісаны нормы, якія прад’яўляюцца для адкрыцця прыватнай установы адукацыі і якія павінны быць узаконены ў працэдуры ліцэнзавання. Я як заснавальнік і дырэктар прыватнай установы адукацыі заўсёды выконвала ўсе гэтыя патрабаванні. Спачатку стварала юрыдычную асобу, знаходзіла памяшканні, рабіла рамонт, набывала мэблю, абсталяванне і г.д., атрымлівала дазвол ад санітарна-эпідэміялагічнай службы, МНС. Перад адкрыццём установы ўжо быў сфарміраваны штат супрацоўнікаў, якія працавалі над вучэбна-метадычным забеспячэннем, падрыхтоўкай дакументацыі. Пасля ўсіх гэтых дзеянняў падаваліся дакументы ва ўпраўленне адукацыі раёна, і толькі пасля гэтага адбываліся адкрыццё ўстановы адукацыі і падача заявы на праходжанне акрэдытацыі.

Як бачна, усе мае дзеянні па стварэнні ўстановы адукацыі з прыватнай формай уласнасці не супярэчаць прад’яўленым патрабаванням. Але іх трэба ўзаконіць, далей дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам і ўзя ць на сябе адказнасць за свае дзеянні.

Сістэма адукацыі створана ў кожнай краіне і мае свае нацыянальныя традыцыі і інавацыі. Але і ў міжнародным фармаце адукацыйная галіна абавязкова прад’яўляе агульныя патрабаванні да ўсіх яе ўдзельнікаў, незалежна ад таго, прыватныя гэта навучальныя ўстановы або дзяржаўныя. Я гэта канстатую не галаслоўна. Як педагог я доўгі час працавала ў брытанскай сістэме адукацыі. А ў мінулым годзе наша ўстанова прайшла міжнародную акрэдытацыю.

Так, сапраўды, у кожнай прыватнай школы ёсць сваё бачанне развіцця, свой кірунак, свае адметнасці. Яна мае права на эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, але ўсё гэта павінна быць у рамках дзеючай сістэмы адукацыі. Увядзенне ліцэнзавання ніяк не паўплывае на змяншэнне колькасці жадаючых увайсці ў прыватную сістэму адукацыі на законнай падставе, разумеючы адказнасць, якую яны на сябе ўскладаюць.

Яркі і вельмі блізкі па ўзроўні адказнасці прыклад — гэта ўстановы аховы здароўя. З кожным годам павялічваецца колькасць прыватных медыцынскіх цэнтраў, што аказваюць медыцынскія паслугі, за якімі звяртаюцца нашы грамадзяне. І наўрад ці сталі б мы карыстацца паслугамі гэтых прыватных арганізацый, калі б іх дзейнасць не была ліцэнзавана і не было гарантыі з боку дзяржавы на якасць і законнасць прадстаўленых там паслуг. Размова ж ідзе пра здароўе. Але не менш важнай з’яўляецца і адукацыйная сфера, дзе фарміруюцца асоба нашага грамадзяніна, яго адукаванасць, духоўнасць, маральны і фізічны стан. Таму якасць і законнасць павінны быць прадэманстраваны як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай сферы адукацыі. Дзейнасць у рамках дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі — гэта адказнасць за псіхічнае развіццё дзіцяці, яго псіхаэмацыянальны стан, фізічнае развіццё ў адпаведнасці з узростам і групай здароўя, здаровае і збалансаванае харчаванне на працягу самага важнага ўзросту дзіцяці, калі ідзе фарміраванне яго арганізма. Таму я абсалютна падтрымліваю ўвядзенне ліцэнзавання, як падтрымліваюць яго ўсе мае калегі, хто працуе ў адукацыйнай галіне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, як і тыя бацькі, якія жадаюць сваім дзецям не толькі камфортных умоў знаходжання ў навучальнай установе, але і якаснай адукацыі і атрымання дакументаў дзяржаўнага ўзору.

З Міністэрствам адукацыі, асабіста з міністрам адукацыі мы вядзём канструктыўны дыялог, і на нашы пытанні і прапановы мы заўсёды атрымліваем адказы і рашэнні, якія накіраваны на паляпшэнне нашай сумеснай работы.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.