Быць выхавальнікам — іх прызванне

Канец студзеня адзначыўся для дашкольнага свету Магілёўшчыны знамянальнай падзеяй: былі падведзены вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы выхавальнік — 2012”, галоўная мэта якога выяўленне і распаўсюджанне перадавога педагагічнага вопыту ў сістэме дашкольнай адукацыі вобласці.

Выбраць лепшага па прафесіі задача не простая, таму конкурс праводзіўся ў два этапы на працягу амаль двух месяцаў. Першы этап вызначыў пераможцаў на раённых і гарадскіх узроўнях, якія сталі прадстаўнікамі свайго рэгіёна на другім, абласным этапе, што таксама складаўся з двух тураў — завочнага і вочнага. На ўдзел у завочным туры паступіла 25 заявак. Усе выхавальнікі, якія маюць, дарэчы, першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, згодна з праграмай завочнага тура, прадставілі на суд журы партфоліа свайго педагагічнага вопыту.
Кожнае партфоліа ўключала эсэ “Мая педагагічная філасофія”, якое давала ўяўленне пра суб’ектыўныя погляды ўдзельнікаў на сваю прафесію, разуменне канкурсантамі сутнасці працэсу выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Акрамя таго, на завочны тур канкурсанты прадставілі ўласны відэафільм “Я — выхавальнік”, у якім расказалі пра сябе, раскрылі свае каштоўнасныя арыентацыі, жыццёвыя прыярытэты і захапленні.

Іна Сіўцова не толькі лепшы выхавальнік, але і, як лічаць яе дачушкі, і лепшая маціЖуры старанна вывучыла прадастаўленыя матэрыялы і вызначыла 6 фіналістаў, якія працягнулі барацьбу ў вочным туры абласнога этапу конкурсу. Імі сталі Любоў Барысенка — выхавальнік ясляў-сада № 3 “Каласок” горада Касцюковіч; Наталля Івароўская — выхавальнік ясляў-сада № 4 горада Слаўгарада; Наталля Какошына — выхавальнік Ваўкавіцкага НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Таццяна Рачонак — выхавальнік ясляў-сада № 89 горада Магілёва; Іна Сіўцова — выхавальнік ясляў-сада № 86 горада Магілёва і Алена Чудакова — выхавальнік ясляў-сада № 7 г.п. Круглае.
Першым конкурсным заданнем для фіналістаў стала правядзенне 29-30 студзеня заняткаў з выхаванцамі дашкольных устаноў адукацыі Магілёва. Варта адзначыць, што ўсе прэтэндэнты на перамогу справіліся з гэтым заданнем на выдатна. Члены журы адзначылі прафесійнае майстэрства, творчасць, уменне хутка авалодаць увагай дзяцей, наладзіць кантакт з імі. Дзецям вельмі спадабаліся заняткі, арганізаваныя ўдзельнікамі. Нягледзячы на тое, што малышы ўпершыню ўбачылі педагогаў, яны адчувалі сябе ўпэўнена, актыўна выконвалі ўсе даручэнні. Гэтаму спрыяла ўменне педагогаў знайсці падыход да кожнага дзіцяці, захапіць яго працэсам сутворчасці. А як вядома, менавіта гэта і з’яўляецца асновай прафесійнага майстэрства выхавальніка.
Падвядзенне вынікаў конкурсу і вызначэнне пераможцы адбылося 31 студзеня ў актавай зале Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Стартаваў фінал “Самапрэзентацыяй” – конкурсам, у якім удзельнікам прапаноўвалася змястоўна і арыгінальна расказаць пра сябе, свае педагагічныя пазіцыі і стаўленні да прафесіі ў цэлым. З пастаўленай задачай справіліся ўсе фіналісты, пераканаўшы не толькі журы, але і прысутных, што быць выхавальнікам – іх прызванне, і яны цалкам прысвячаюць сябе малым.
Наступнае конкурснае заданне – своеасаблівы брэйн-рынг. Кожнай з удзельніц па чарзе былі прапанаваны па тры пытанні, звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю: веданнем нарматыўных прававых дакументаў, санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў да ўладкавання, зместу і рэжыму дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, сучасных тэндэнцый развіцця дашкольнай педагогікі і дзіцячай псіхалогіі. Журы высока ацаніла дакладнасць і змястоўнасць усіх адказаў, а таксама камунікатыўныя і прамоўніцкія здольнасці канкурсантаў.
Заключным этапам фіналу стаў конкурс “Таленты без межаў”, дзе ўдзельніцы змаглі прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Як аказалася, фіналісты, акрамя таго, што выхавальнікі, яшчэ і выдатныя артысты, акцёры, танцоры і вакалісты. Уражвалі выступленні абсалютна ўсіх канкурсантаў. Алена Чудакова прыгатавала для гледачоў і журы тэатральны паказ казкі “Калабок на новы лад”, дзе асабіста выступіла ў розных вобразах. Прысутныя ўбачылі яе і лісой Алісай, і Мар’яй-красуняй, і Бабай-Ягой. Дарэчы, у вобразе Бабы-Ягі з’явілася на сцэне не адна ўдзельніца, аднак выступленне кожнай адрознівалася індывідуальнасцю і арыгінальнасцю. Так, Яга Таццяны Рачонак уразіла ўсіх акцёрскім майстэрствам. А вось у Наталлі Івароўскай Ягуся так выстуквала сваёй касцяной нагой, выконваючы прыпеўкі на прафесійную тэматыку, што атрымала шквал апладысментаў. Непаўторным было выступленне Іны Сіўцовай. У ім арганічна спалучаліся песня і танец, якія быццам акунулі прысутных у чароўны свет дзяцінства. На “ўра” ўспрынялі гледачы танцавальнае выступленне Наталлі Какошынай і самабытную песню “Касцюковіцкі вальс”, выкананую Любоўю Барысенка разам з бацькамі сваіх выхаванцаў.
У цёплай атмасферы конкурсу настаў і самы адказны момант — журы падвяло і агучыла вынікі. Пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства з прысуджэннем звання “Лепшы выхавальнік — 2012” была прызнана Іна Сіўцова, выхавальнік ясляў-сада № 86 Магілёва. Лаўрэатамі конкурсу сталі Таццяна Рачонак, якая заняла другое месца, і Алена Чудакова, замкнуўшы тройку лідараў.
Пераможца і прызёры конкурсу ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі. Але і астатнія фіналісты не пакінулі конкурс з пустымі рукамі, ім былі ўручаны заахвочвальныя дыпломы. Акрамя таго, абсалютна ўсе ўдзельніцы сталі ўладальніцамі каштоўных падарункаў ад пастаянных спонсараў конкурсу ААА “Стужка”, абласнога аддзялення Беларускага фонду міру і беларускага аб’яднання “Чырвоны Крыж”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.