Быць як Маўглі: самастойнасць, за якую плацяць свабодай

- 11:30Сацыяльны ракурс

Анатолю 34 гады, сёння ён дапамагае падлеткам, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, а таксама выхоўвае сваіх чацвёра дзяцей. Андрэю нядаўна споўнілася 19, і ён пакуль што не ведае, кім хоча стаць. Маладыя людзі не знаёмы адзін з адным, але сцэнарый жыцця ў іх падобны. Анатоль і Андрэй — былыя выхаванцы спецыяльных вучылішч закрытага тыпу.

Пра тое, ці магчыма пасябраваць з законам пасля вяртання з рэжымнай установы, пра ўласны вопыт “закрытай” рэабілітацыі і пра тое, наколькі сур’ёзнымі з’яўляюцца прычыны, што пабуджаюць падлеткаў збягаць з дысцыплінарных школ, мы пагаварылі з былымі выхаванцамі Магілёўскага і Крывіцкага спецыялізаваных вучылішч закрытага тыпу.

Гісторыя першая.
Бадзяжніцтва і вера

Выпрабаванням, праз якія прайшоў Анатоль Іванковіч, ніхто не пазайздросціць. Адсутнасць нават базавай адукацыі, бадзяжніцтва, начлегі ў пад’ездах і тры ўцёкі з вучылішча закрытага тыпу — гэта толькі маленькая частка таго, што давялося перажыць калісьці 12-гадоваму падлетку. Тым не менш сёння Анатоль удзячны лёсу за тое, што з ім адбылося. З уласнага вопыту мужчына ведае, якім не павінна быць дзяцінства і якімі павінны быць адносіны паміж дзецьмі і бацькамі.

“Колькі памятаю сваё дзяцінства, маці заўжды выпівала. Праз некаторы час бацькі скасавалі шлюб. Старэйшы брат пераехаў да таты, у якога ўжо была іншая сям’я. Мяне таксама былі гатовы забраць з сабой, таму што бацька не хацеў, каб я заставаўся з маці ў тых невыносных умовах, у якіх быў вымушаны жыць. Але я адмовіўся. Не хацеў пакідаць яе адну.

Мне было 12 гадоў, калі я пачаў сыходзіць з дому. Маці не хвалявалася і не шукала мяне, у яе было сваё жыццё. Разам з айчымам яны штодня выпівалі і ні пра што іншае, акрамя таго, дзе ўзяць грошы на яшчэ адну бутэльку, не думалі. Зараз успамінаю дзяцінства, і мне становіцца нядобра. Але не за сябе, таму што па жыцці, дзякуй богу, шанцуе. Мне страшна за тых дзяцей, якія сёння вымушаны жыць у той скуры, у якой калісьці быў я. Чамусьці ў людзей склаўся стэрэатып: калі бацькі п’юць, то дзяцей з такіх сем’яў можна прыніжаць і крыўдзіць. Так было і са мной. І менавіта па гэтай прычыне я не любіў хадзіць у школу. Аднакласнікі ўвесь час кпілі, не ўпускалі магчымасці лішні раз тыцнуць пальцам і нагадаць, хто мая мама і ў якіх умовах я жыву. Таму ў школу я перастаў хадзіць. Не скажу, што сам быў ідэальным і не даваў падстаў для спрэчак. Усялякае здаралася. Тым не менш кожны мой дрэнны ўчынак — гэта проста абаронная рэакцыя. Было цяжка, калі ведаў, што за кожнага аднакласніка маглі заступіцца бацькі. Мяне ж ніхто абараніць не мог. Даводзілася выжываць у адзіночку. Зараз, аналізуючы і праблемы з мінулага, і сітуацыю ў сённяшняй школе, разумею адну простую ісціну: дзяцей трэба вучыць паважаць адно аднаго. На жаль, і школа, і бацькі не ўдзяляюць гэтаму аспекту выхавання столькі часу, колькі хацелася б. Безумоўна, не ўсе дзеці такія, але часам людзі нават з добрага, адкрытага дзіцяці могуць “зляпіць” сквапнага і агрэсіўнага чалавека.

…Для таго каб пракарміць сябе, купіць нешта з вопраткі, я мыў машыны, а таксама хадзіў па людных месцах і выпрошваў грошы. І пра якую школу можна гаварыць, калі мне не было што есці? Мне нават не даводзілася падманваць. Калі ў рэстаранах, куды прыходзіў папрашайнічаць, пыталі, што я тут раблю і дзе маці, казаў, як было насамрэч: маці п’е, а дома няма чаго есці. І людзі, безумоўна, шкадавалі і дапамагалі грашыма. За здабытыя такім чынам сродкі купляў сабе адзенне і не галадаў. І нават маці прыносіў паесці. Хоць яна не прасіла, каб ёй даравалі ўсё тое, што зрабіла не так. Не прасіла нават, каб дапамагаў ёй. Але я не мог не дапамагчы. Яна мая маці. Я не мог спакойна спаць, калі ведаў, што яна сядзіць дома галодная”.

Па начах 13-гадовы падлетак спаў у пад’ездах. А пасля знайшоў сабе цёплае месца — пад сцэнай у адным з буйных кінатэатраў Мінска. Спачатку хлопчыку пагражалі міліцыяй, выганялі. Але доўга супраціўляцца нахабнасці Толіка не змаглі і перасталі звяртаць на яго ўвагу.

“У кінатэатр прыходзіў, як дадому, нікому нічога не гаварыў, проста ішоў на сваё месца і спаў. Мне было цёпла і ўтульна. Ведаеце, у якія моманты адчуваў сябе абсалютна шчаслівым? Зімой, у марозныя ночы. Гэта такое шчасце, калі над галавой ёсць дах! Безумоўна, можна было вярнуцца дадому. Але мне так падабалася свабода і тое, што ні ад каго не залежу. У кінатэатры мяне празвалі сынам палка. Усе ведалі маю гісторыю, таму я нікому нічога не тлумачыў. Сёння разумею, што на маім жыццёвым шляху трапляюцца толькі добрыя людзі.

Пасля таго як перастаў хадзіць у школу, у мяне з’явіліся дарослыя сябры. З аданагодкамі было нецікава. Мы па-рознаму глядзелі на жыццё. Ім не патрэбна было клапаціцца пра сваю будучыню, за іх гэта рабілі бацькі. А мне неабходна было выжыць”.

Пасля некалькіх месяцаў бадзяжніцтва Толіка пачалі шукаць па ўсім горадзе. Падлетак стаяў на ўліку ў ІСН, а значыць, кантроль за ім павінен быў весціся пастаянна. Пропускі заняткаў у школе, сацыяльна небяспечнае становішча сям’і сталі сур’ёзнай падставай для таго, каб на чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх 13-гадовага хлопчыка адправілі ў Магілёў — у закрытае вучылішча.

“Не шкадую, што трапіў у закрытую ўстанову. У гады майго знаходжання там вучылішчам кіраваў цудоўны дырэктар. Ён падабаўся ўсім без выключэння, і мне хацелася быць да яго падобным. Любое пакаранне, якое ў адносінах да нас прымянялася, было заслужаным. Проста так ніхто нікога не караў. Увогуле, з кіраўніцтвам установы быў наладжаны дыялог. І ні пра якія ўцёкі мы не думалі. Ды і навошта? Тым не менш я тры разы ўцякаў. У вучылішчы на той момант існавала правіла: за добрыя паводзіны нас маглі выпускаць у горад пагуляць. І самае цікавае, што нават з такіх прагулак ніхто не ўцякаў.

Першы раз я збег па той прычыне, што ў адносінах да мяне, дзіцяці, не было выканана абяцанне. Каб трапіць дадому ў водпуск, ва ўстанове патрэбна было знаходзіцца не менш чым паўгода. Зразумела, правіла пачынала дзейнічаць толькі пры ўмове, што мы, выхаванцы, сябе прыкладна паводзім. Я рэжым не парушаў, ні з кім у канфлікты не ўступаў. Акрамя гэтага, я па вучэбных прадметах набраў неабходную колькасць балаў. І мне паабяцалі, што дазволяць з’ездзіць дадому крыху раней. У той дзень, калі трэба было падысці да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і атрымаць афіцыйны дазвол для паездкі, мне сказалі, што ўсё адмяняецца. Неабходна сядзець у вучылішчы да той пары, пакуль не пройдуць 6 месяцаў з дня прыбыцця, а не пяць з паловай. Ну як так? Мне, дзіцяці, абяцалі! Праз некалькі дзён мы кампаніяй з 4 чалавек збеглі з вучылішча. Я прыехаў у Мінск, патэлефанаваў намесніку па рэжыме і папярэдзіў, што праз 10 дзён буду на месцы. Безумоўна, гэта нікому не спадабалася. Мяне шукалі, але не знайшлі, таму што я быў у бацькі.

Пасля таго як прыехаў назад у вучылішча, я быў пакараны — знаходзіўся ў дысцыплінарным пакоі. Наступныя два разы збягаў за кампанію, таму што збягалі ўсе. Гэта зараз разумею, што не трэба было ісці на повадзе ў старэйшых хлопцаў, у тых, хто выдаваў сябе за аўтарытэт. А тады не хацелася быць белай варонай”.

Праз паўтара года Анатоль вярнуўся дадому. Усё, што ў яго было ў 19 гадоў, — гэта скончаныя 6 класаў агульнаадукацыйнай школы і прафесія сталяра, якую атрымаў у вучылішчы.

“Пасля вяртання з Магілёва зразумеў, што жыццё пара мяняць. Але як? Паколькі побач знаходзіліся тыя ж сябры і прысутнічаў алкаголь, спосаб жыцця не змяніўся. І я зноў апынуўся ў месцы пазбаўлення волі, толькі гэта ўжо была турма. Менавіта там зразумеў, што больш так працягвацца не можа. Я звярнуўся да Бога і стаў хрысціянінам”.

Зараз у Анатоля свая сям’я і чацвёра дзяцей, якіх малады тата выхоўвае не так, як выхоўвалі яго.

“Я вельмі ўдзячны лёсу за ўсё тое, што са мной здарылася. І зраблю ўсё магчымае, каб дзеці не паўтаралі маіх памылак. Пазней, калі яны падрастуць, раскажу пра ўласны вопыт выхавання ў закрытай школе, пра тое, чаму туды трапіў. Няхай вучацца на маіх памылках. У мяне тры сыны і дачка, якую мы называем прынцэсай. Упэўнены, менавіта такія шчырыя, гарманічныя адносіны паміж намі і нашай маленькай дзяўчынкай дапамогуць ёй вырасці ўпэўненай у сабе. З хлопчыкамі ў нас таксама шчырыя сяброўскія адносіны, і спадзяюся, што так будзе і далей. Прынамсі, для гэтага буду рабіць усё магчымае”.

Гісторыя другая.
Самастойнасць і домік ля дарогі

Андрэю Патрашэўскаму было 16 гадоў, калі падчас пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх на яго склалі пяты па ліку адміністрацыйны пратакол і накіравалі ў Крывіцкае вучылішча закрытага тыпу. Там падлетак правёў амаль 2 гады.

“Нават падчас пасяджэння камісіі, калі агучвалі рашэнне, не верыў, што гэта адбываецца са мной. Але, безумоўна, падставы для накіравання ў закрытую ўстанову былі сур’ёзнымі. На маім рахунку пратаколы і за ўжыванне алкаголю, і за ДТЗ, якія здзейсніў, кіруючы матацыклам. Пасведчання на кіраванне гэтым транспартным сродкам у мяне не было.

Самае цяжкае — гэта знаходжанне ў прыёмніку-размеркавальніку. Максімальны тэрмін, на які туды размяшчаюць, 45 дзён. Я там быў 44 дні. Мне не пашанцавала. Увесь час, знаходзячыся там, думаў, куды мяне накіруюць. Безумоўна, у прыёмніку ўсе чужыя і кожны павінен адказваць за сябе. А я да гэтага не прывык. Дома ўсе праблемы вырашала маці. Толькі калі быў у Мінску, зразумеў, што рабіў няправільна, што вельмі многа ўскладваў на плечы маці. Але назад нічога не вернеш. У прыёмніку я сам адказваў за свае ўчынкі. Хацеў самастойнасці? На, трымай!

…Зараз вельмі часта пачалі з’яўляцца навіны пра дзяцей, якія збягаюць з закрытых устаноў. Пакуль знаходзіўся ў Крывічах, у мяне не было падстаў адтуль уцякаць. Адносіны паміж навучэнцамі і кіраўніцтвам складваліся добрыя. Ніхто нікога не крыўдзіў. Таму нават не ўяўляю, чаму ў Магілёве дзеці збеглі. Але выхаванцы закрытых школ няпростыя. Я гэта ведаю. І тыя, хто хоча як мага хутчэй вярнуцца дадому, нават не будуць думаць пра тое, каб парушаць рэжым.

У школе я атрымаў тры прафесіі: слесара, будаўніка і агародніка. Безумоўна, ўсё гэта мне спатрэбіцца ў будучыні. І цудоўна, што падлеткі, адбываючы пакаранне ў закрытай установе, могуць нечаму навучыцца.

Перад тым як выпусціць з вучылішча, нас адсяляюць у домікі ля дарогі. Дарэчы, аднайменны праект быў распрацаваны дабрачыннай арганізацыяй “Свет без межаў”. Сэнс домікаў ля дарогі — навучыць нас самастойнасці, дапамагчы выхаванцам закрытых устаноў адаптавацца да жыцця. І я жыў у такім доміку раз у тыдзень на працягу некалькіх месяцаў. Тут таксама было вельмі важна прытрымлівацца рэжыму. Я сам гатаваў сабе ежу, прыбіраў дом, вучыў урокі. У дом нельга было нікога прыводзіць: гэта забаронная тэрыторыя. Курыравалі нас валанцёры “Свету без межаў”. Дарэчы, нават зараз я падтрымліваю сувязь з гэтай арганізацыяй, часта тэлефаную дзяўчыне, якая трымала нада мной патранат.

Што мне дало вучылішча закрытага тыпу і як змяніла светаўспрыманне? У той дзень, калі мяне адвозілі ў размеркавальнік, я, здаецца, злаваўся на ўвесь свет. Тады самымі важнымі, як лічыў, былі менавіта мае пачуцці. Не хацеў верыць, што іншага выйсця, акрамя як накіраваць мяне ў закрытую ўстанову, няма. Але зараз, аналізуючы тое, чым займаўся, як увесь час трымаў у стрэсе сям’ю, настаўнікаў, разумею, што гэта было правільнае рашэнне. Самае важнае правіла, якое вынес з Крывічоў, — заўсёды трэба думаць галавой. Мне сорамна за свае паводзіны, сорамна за тое, колькі болю прынёс блізкім людзям. Мама ні ў якім разе не вінавата ў тым, што са мной адбылося. І я абавязкова выпраўлю свае памылкі — для гэтага патрэбен толькі час”.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Анатоля ІВАНКОВІЧА.