Быць яркімі і здаровымі!

- 10:33Спартыўныя падзеі

У Сусветны дзень здароўя Магілёў сабраў на адной пляцоўцы больш за 400 піянераў і акцябрат з усёй Беларусі. Тут адбыўся фінал Рэспубліканскага спартыўна-патрыятычнага марафону “Будзь здаровы!”. У праграму спаборніцтваў увайшлі адразу тры яркія і відовішчныя мерапрыемствы: чэмпіянат па гульні ў гарадкі, конкурс каманд падтрымкі і турнір па піянерболе.

— Фарміраванне здаровага ладу жыцця — адзін з прыярытэтных напрамкаў не толькі работы нашай арганізацыі, але і выхаваўчага працэсу ў цэлым, — адзначыла старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова. — Сёння піянерскі рух ахоплівае 650 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Нас шмат, і гэта правільна, што мы прывіваем дзецям навыкі здаровага ладу жыцця праз разнастайныя спаборніцтвы і спартыўныя акцыі. Наша мэта — каб яны знаёміліся, кантактавалі, сябравалі і, вядома ж, заставаліся такімі ж яркімі і здаровымі.

Спартыўны марафон стаў традыцыйным мерапрыемствам піянерскай арганізацыі, якое праводзіцца раз у два гады і праходзіць у тры этапы: раённы, абласны і рэспубліканскі. Па традыцыі фінальныя спаборніцтвы кожны раз ладзяцца ў новым горадзе. Мінулы марафон гасцінна прымаў Гомель, у гэтым годзе — Магілёў — маладзёжная сталіца Беларусі 2018 года. Па словах арганізатараў, перад імі стаіць задача не толькі правесці спаборніцтвы, але і пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з мясцовымі славутасцямі.

У дзіцяча-юнацкім свяце прыняла ўдзел 21 каманда. Большая частка дружын змагалася за ўзнагароды ў конкурсе па чырлідынгу, які стаў самай масавай, відовішчнай і доўгачаканай падзеяй марафону. Кожны рэгіён выставіў па 2 змешаныя каманды ў дзвюх узроставых катэгорыях: 7—10 гадоў (намінацыя “Зорачкі”) і 11—14 гадоў (намінацыя “Іскрынкі”). У сярэднім у кожнай такой дружыне налічвалася па 18 чалавек.

Дынамічныя выступленні ўдзельнікаў груп падтрымкі ў прыгожых яркіх касцюмах аб’ядналі ў сабе элементы гімнастыкі, акрабатыкі, харэаграфіі, базавыя рухі чырлідынгу. Кожны нумар суправаджаўся запальнымі крычалкамі і рытмічнай музыкай. Асаблівую ўвагу арганізатары ўдзялілі патрыятычнаму выхаванню моладзі. Так, нацыянальны каларыт вытрымліваўся і ў касцюмах канкурсантаў, і ў іх лозунгах, і ў танцавальных пастаноўках.

Ацэньвала выступленні груп падтрымкі прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі алімпійская чэмпіёнка 24-х гульняў 1988 года ў Сеуле ў камандным першынстве па спартыўнай гімнастыцы Святлана Баітава і член праўлення Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Кацярына Закрэўская.

Па выніках спаборніцтваў большасць месцаў дасталася сталічным камандам і прадстаўнікам Віцебшчыны. Так, пераможцамі IV Рэспубліканскага конкурсу каманд падтрымкі “Піянерскія іскры” ў намінацыі “Зорачкі” сталі піянерскія дружыны NRJ-kids (сярэдняя школа № 9 Мазыра) — 1 месца, New Style (сярэдняя школа № 208 Мінска) — 2 месца, “Мікс” (Дубровенскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) — 3 месца. У намінацыі “Іскрынкі” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: дыплом І ступені — каманда “Геліяс” (сярэдняя школа № 186 Мінска), ІІ ступені — “Талісман” (сярэдняя школа № 14 Маладзечна), ІІІ ступені — CherryChillz (сярэдняя школа № 45 Віцебска).

У гэтым годзе пры правядзенні спартыўна-патрыятычнага марафону “Будзь здаровы!” арганізатары зрабілі акцэнт на папулярызацыю дваровых гульняў. Так, паралельна са спаборніцтвамі па чырлідынгу ў Магілёве прайшоў першы піянерскі чэмпіянат Беларусі па спартыўнай гульні “Гарадкі” і Рэспубліканскі турнір па піянерболе “Гуляй і выйгравай”.

У першым спаборніцтве лепшымі прызнаны каманда “Бумеранг” сярэдняй школы № 2 Маладзечна — 1 месца, каманда “Бярозаўка” Бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Гро-дзенскай вобласці — 2 месца, каманда піянерскай дружыны сярэдняй школы № 53 Мінска — 3 месца. У спаборніцтвах па піянерболе “золата” дасталася камандзе “Вікторыя” Любкаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мінскай вобласці, “серабро” заваявалі “Аптымісты” з магілёўскай сярэдняй школы № 31, “бронзу” — дружына “Алімпіец” з сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскай вобласці.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.